Тэрмін паўнамоцтваў цяперашняга складу Каардынацыйнай Рады мінае ў пачатку лютага. Прыкладна ў гэты час мусяць прайсці выбары новага складу прадстаўнічага органу дэмакратычных сілаў. Зараз ідзе абмеркаванне розных канцэпцый выбараў. Праз гэта канчатковае рашэнне пра іх правядзенне не было прынятае 8 лістапада, а адкладзена на месяц. Што зараз адбываецца ў КР, якія варыянты выбараў прапануюцца, а таксама як і калі мяркуецца вызначыць канчатковы варыянт правядзення выбарчай кампаніі распавёў спікер Каардынацыйнай Рады Андрэй Ягораў.
— На сённяшні час Каардынацыйная Рада мае некалькі прапаноў ці мадэляў, па якіх могуць быць арганізаваныя выбары. І ў прынцыпе Каардынацыйная Рада магла б прыняць гэтае рашэнне пасля адбыўшыхся дэбатаў і выбраць адну з гэтых мадэляў, па якой рухацца далей. Але пытанне для нас у тым, што мы б хацелі, каб гэта была супольная кампанія дэмакратычных сіл. Я думаю, што ў гэтым зацікаўленыя ўсе абсалютна. І гэта значыць, што мы мусім прыйсці да супольнага рашэння разам з Аб’яднаным пераходным кабінетам, Офісам Святланы Ціханоўскай, палітычнымі партыямі, зацікаўленымі грамадскімі арганізацыямі, якія б хацелі ўдзельнічаць у гэтых выбарах.
І зараз стаіць пытанне супольнага аргкамітэта, які б выпрацаваў прымальную для ўсіх бакоў мадэль выбараў. Таму КР адклала на месяц рашэнне.
— Які мадэлі разглядаюцца?
— Сістэм там некалькі. Самыя простыя – гэта сістэма прапарцыйнага галасавання, калі галасаванне ідзе за спісы кандыдатаў, якіх прадстаўляюць пэўныя палітычныя актары. Ёсць прапановы рэйтынгавага галасавання, дзе кандыдатамі могуць быць людзі ў персанальнай якасці, а не людзі, якія вылучаюцца палітычнымі суб’ектамі, і тыя 100, напрыклад, кандыдатаў, якія набіраюць найбольшую колькасць галасоў, праходзяць у склад Каардынайнай Рады. Ёсць камбінаваныя прапановы, якія прадугледжваюць наўпроставыя выбары, напрыклад, па прапарцыйнай сістэме, і дэлегаванне часткі асоб ад арганізацый грамадзянскай супольнасці. І іншыя прапановы таксама ёсць, якія ўключаюць і мажарытарныя падыходы, і камбінаванне гэтых падыходаў.
Тут галоўнае, што мы мусім выйсці на некую простую для выбаршчыкаў сістэму, якая была б зразумелая і дастаткова тэхнічна простая ў рэалізацыі для карыстальніка. Выглядае пакуль складана ў гэтых дэбатах. Але я думаю, што хутка мы прыйдзем да больш яснай мадэлі ці некалькіх простых мадэляў, якія будуць прадстаўленыя на галасаванне ў Каардынацыйную Раду ці вызначацца аргкамітэтам.
— Ці паўплывае гэта на тэрміны правядзення самой кампаніі выбараў і фармаванне новага складу Каардынацыйнай Рады?
— На тэрміны, я спадзяюся, гэта не паўплывае, калі мы паспеем прыняць гэтае рашэнне да 8 снежня. Я думаю, што варта прытрымлівацца тэрмінаў сканчэння паўнамоцтваў Каадынацыйнай Рады гэтага склікання, якія завяршаюцца ў пачатку лютага, і так званых нацыянальных выбараў, аб’яўленых у Беларусі, якія прызначаныя на канец лютага. Таму кампанія па выбарах у Каардынацыйную Раду і само галасаванне мусяць прайсці не пазней за люты-сакавік наступнага года.
Цалкам размову з Андрэем Ягоравым слухайце ў плэеры ніжэй:
Comments are closed.