Сёння пачынаюцца слуханні Каардынацыйнай рады з прадстаўнікамі Аб’яднанага пераходнага кабінета. Паводле мінскага часу слуханні пачнуцца а 14-й гадзіне (паводле змененага сёння графіку) і працягнуцца тры дні. Другі дзень будзе пачынацца а 13 гадзіне. Пра тое, як слуханні рыхтаваліся і ў якім фармаце будуць праходзіць мы спыталі спікера Каардынацыйнай Рады Андрэя Ягорава.
— Наколькі зараз ёсць узаемаразуменне паміж Каардынацыйнай Радай і Аб’яднаным пераходным кабінетам, наколькі прадстаўнікі АПК гатовыя да фармату слуханняў, якія зараз маюць адбыцца?
— Можна сказаць. што склаліся працоўныя адносіны паміж Каардынацыйнай Радай і Аб’яднаным пераходным кабінетам. То бок, профільныя групы, камісіі Каардынацыйнай Рады ўзаемадзейнічаюць з канкрэтнымі прадстаўнікамі.
Але ёсць і пэўныя супярэчнасці, якія тычацца больш шырокіх пытанняў адносна стратэгічных задачаў для беларускіх дэмакратычных сілаў, альбо вызначэння стратэгічных накірункаў для ажыццяўлення міжнароднай палітыкі. І пратакол фармальных адносінаў паміж Кабінетам і Каардынацыйнай Радай не завершаны, хаця кансультацыі працягваюцца.
Слуханні таксама дэманструюць такі парадак адносінаў, які склаўся. З аднаго боку вось прадстаўнікі ідуць на слуханні ў Каардынацыйную Раду. А з іншага боку час ад часу ўзнікаюць пытанні, звязаныя з тым, што хтосьці там не жадае прысутнічаць – вось зараз выявілася – офлайн на слуханнях, будзе толькі анлайн. У некаторых пытаннях мы вялі складаную камунікацыю пра пісьмовыя справаздачы, што не зусім выйшла атрымаць ад Аб’яднанага пераходнага кабінета. Але пры гэтых складанасцях слуханні як бы адбываюцца, прадстаўнікі будуць. Каардынацыйная Рада будзе выносіць свае рашэнні адносна зацвярджэння іхніх паўнамоцтваў на наступны перыяд.
— Наколькі ў беларускага грамадства ёсць запатрабаванасць у тым каб Пераходны кабінет адсправаздачыўся?
— Мне падаецца, што ў той часткі, якая сочыць за дзейнасцю Аб’яднанага пераходнага кабінета, палітызаванай часткі грамадства, ёсць запыт на грамадскі кантроль дзейнасці, на большую транспарэнтнасць, на большую справаздачнасць. І ў прынцыпе, як даследаванні паказваюць, як нядаўна народнае апытанне выйшла, пра дзейнасць Аб’яднанага пераходнага кабінета сярод пратэстнай аўдыторыі дастаткова шмат людзей ведае – больш за 50 адсоткаў, але гэтыя людзі хацелі б ведаць больш.
Таму такія публічныя падзеі, слуханні, справаздачнасць, большая адкрытасць ва ўзаемадзеянні з рознымі ініцыятывамі віталася б, прынамсі, у той часткі, якая актыўна ўцягнутая ў палітычную дзейнасць. Адносна шырокага грамадства, мне падаецца, што зараз ідзе такі трэнд дэпалітызацыі і за дзейнасцю і Аб’яднанага пераходнага кабінета, і Каардынацыйнай Рады, і, я думаю, Офіса Ціханоўскай значна меней людзей сочаць.
— Як будуць адбывацца самі слуханні, ці будуць яны публічнымі?
— Слуханні будуць публічнымі, будзе весціся прамая трансляцыя гэтых слуханняў. Падчас слуханняў будзе выступ кожнага з прадстаўнікоў, дзе ён прадставіць справаздачу сваёй дзейнасці, і будуць пытанні і адказы з боку камісіі Каардынацыйнай Рады. Да гэтага працавалі спецыяльныя групы па вывучэнні дзейнасці кожнага з прадстаўнікоў, якія складалі пытанні да прадстаўніка, аналізавалі ягоную дзейнасць.
— Ці змогуць удзельнічаць у слуханнях таго ці іншага прадстаўніка не чальцы адпаведнай працоўнай групы, а іншыя чальцы Каардынацыйнай Рады?
— Усе мелі магчымасць далучыцца да той ці іншай працоўнай групы. Пытанні, якія выносяцца, даступныя для сябраў Каардынацыйнай Рады, для іхніх каментароў. Таму, ускосна там можна будзе далучыцца. Але проста, каб гэта было арганізавана, то мы не можам ствараць сітуацыі, калі ўсе могуць задаваць пытанні, таму што і час абмежаваны, і ёсць пэўны рэгламент і парадак.
— Якім чынам абіраліся пытанні да прадстаўнікоў?
— Працоўныя групы працавалі над гэтымі пытаннямі. Яны там вывучалі дзейнасць прадстаўніка: які быў ягоны мандат, што ўваходзіла ў ягоныя задачы, што было выканана і зроблена прадстаўніком, якія вынікі ягонай дзейнасці дасягнутыя, якія праблемы група бачыла, якія лакуны ў дзейнасці прадстаўніка могуць быць. Потым з кожным з прадстаўнікоў групы сустракаліся і размаўлялі папярэдне. І на гэтай падставе яны выпрацоўвалі свае пытанні да прадстаўнікоў Кабінету.
— У вас была форма, праз якую маглі дасылаць пытанні і проста звычайныя грамадзяне. Наколькі гэта выкарыстана?
— Так! Яшчэ была форма збору пытанняў простых грамадзянаў. І гэтая форма была даступная ўсім групам і яны там маглі глядзець гэтыя пытанні, улічваць гэтыя пытанні. І таксама некаторыя з іх, я думаю, прагучаць падчас слуханняў.
— Што мусіць стаць вынікам слуханняў?
— Па кожнаму прадстаўніку будзе галасаванне ў Каардынацыйнай Радзе адносна працягу ягонага мандату яшчэ на год. І дэлегаты Каардынацыйнай Рады будуць даваць рэкамендацыю адносна таго, ці можа канкрэтны прадстаўнік працаваць яшчэ год у Кабінеце. Але рашэнне па гэтым пытанні будзе прымаць кіраўніца Кабінету Святлана Ціханоўская. Таксама па кожным прадстаўніку пасля слуханняў будуць пэўныя рэкамендацыі, што Каардынацыйная Рада лічыць, можна было б палепшыць у дзейнасці прадстаўніка і ў дзейнасці Кабінета ў цэлым.
Comments are closed.