Loading

У літоўскім Сейме ў чацвер на пасяджэнні Камітэта па міжнародных пытаннях  разглядалі справы беларускія. У цэнтры ўвагі – змены ў заканадаўства аб нацыянальных санкцыях, якія б ураўнялі беларусаў і расіян у абмежаваннях. Абмяркоўвалі таксама гуманітарныя ВНЖ для беларусаў і «літвінізм». Пасяджэнне праходзіла ў закрытым для прэсы фармаце. Яго вынікі для радыё Ўнэт пракаментаваў дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька.

— Мы задаволены сустрэчай. Гэта былі слуханні ў Камітэце па міжнародных пытаннях, з удзелам чальцоў групы «За дэмакратычную Беларусь» Сейма Літвы. Зараз вельмі напружаны час для парламентарыяў, перад вакацыямі ў іх вельмі шчыльны парадак дня, але, калі мы выйшлі з прапановай такіх слуханняў, то для нас знайшлі «акенца», і гэта быў час іх перапынку на абед —то бок дэпутаты не пайшлі на абед, а пайшлі размаўляць пра Беларусь. Сустрэча праходзіла ў фармаце Chatham house, таму я не магу цытаваць удзельнікаў. Магу толькі сказаць, што з беларускага боку спікеркай была Святлана Ціханоўская, якая дакладна выказалася: нельга паміж беларусамі і расіянамі сённы ставіць знак роўнасці.

— Ці правільна я разумею, што асноўным пытаннем гэтай сустрэчы было ўраўноўванне беларусаў і расіян у санкцыйных абмежаваннях?

— Гэта адзінае пытанне. Мы адразу сказалі, што мы не ідзем даваць нейкія “пушыстыя” завярэнні літоўскаму боку, і не хочам толькі добрых слоў ад іх. Мы павінны размаўляць вельмі шчыра па вельмі канрэтным пытанні. Гэтае пытанне не вельмі простае, але добрым знакам было, што літоўскія дэпутаты пагадзіліся і ахвяравалі сваім вольным часам. Былі амаль усе чальцы камітэта. І цікавасць была высокай. Мы дамовіліся пра наступныя крокі, але я пакуль не хацеў бы іх называць.

— А тэму «літвінізму» уздымалі?

— Было і гэта пытанне. Мы зрабілі прапанову, каб працягнуць гэтую размову. Мы хутка анансуем, што мы дамовіліся разам зрабіць.

— Тэма ўраўноўвання беларусаў і расіян у санкцыйных абмежаваннях ужо абмяркоўвалася ў Сейме. І некалькі месяцаў таму, здаецца, у ей была пастаўлена кропка, калі дэпутаты адхілі вета прэзідэнта Наўседы па адпаведных зменах у заканадаўства. Чаму зараз гэтая тэма зноў з’явілася?

— Якраз кропка і не была пастаўлена. Кропка была пастаўлена ў канкрэтных прапановах, якія былі сфармуляваны і ўнесены ў Сейм прэзідэнтам. Але па пытанні «беларусы не раўно расіяне» кропкі пастаўлена не было, і мы пра гэта якраз гаварылі. І зноў пройдзе нейкі час і зноў гэтыя дыскусіі ўзнікнуць у інфармацыйнай прасторы. Калі б сёння было галасаванне ў Камітэце па міжнародных пытаннях, то прапановы, якія зараз знаходзяцца ў Сейме, яны б не прайшлі. Калі б было пасяджэнне пленарнае, гэтыя б прапановы не прайшлі. Чаго чакаць? Розныя сцэнары. Можа быць і такі, што папраўкі так і застануцца на ўзроўні прапаноў і не пойдуць далей па працэдурах.

— А які агульны настрой быў на гэтым пасяджэнні? Ці была нейкая варожасць, нейкія прэтэнзіі да беларусаў?

— Прэтэнзіяў увогуле не было. Было шмат пытанняў, якія тычыліся розных аспектаў, але дакладна гэта не былі папрокі. Настрой быў рабочы, пазітыўны.

Comments are closed.