Loading

У чацвер курс даляра ЗША ў Беларусі зноў абнавіў гістарычны рэкорд. Па выніках таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы, амерыканская валюта каштуе 3.34 беларускія рублі, еўра – 3.51. Што адбываецца з курсам беларускага рубля, якія фактары ўплываюць на аслабленне нацыянальнай валюты і наколькі гэта доўгатэрміновы трэнд – патлумачыла старшая навуковая супрацоўніца даследчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна.

— Беларускі рубель паўтарае дынаміку расійскага. Падзенне да даляра не звязана ні з якай крызіснай сітуацыяй, да прыкладу ў гандлі. Таму што, калі мы паглядзім на валютную карзіну, то з пачатку года яна асабліва не зрушылася: да даляра беларускі рубль значна прасеў, да юаня прасеў, а да расійскага рубля ўмацаваўся.

У бліжэйшай перспектыве мы будзем назіраць уплыў на курс беларускага рубля сітуацыі на расійскім валютным рынку. Там зараз не ўсё добра. Улады Расіі, перш за ўсё Цэнтрабанк, прымаюць меры па стабілізацыі расійскага рубля, па недапушчэнні яго далейшага падзення. Робяць яны гэта за кошт больш жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі: яны павысілі ўліковую стаўку да 13%. Калі будзе паскарацца інфляцыя і паляпшэння сітуацыі не будзе, не выключана, што стаўка будзе і далей расці. Калі гэтыя меры не дадуць выніку, то не выключаны нейкія кароткатэрміновыя валютныя абмежаванні. У любым выпадку расійскаму рублю не дазволяць упасці ніжэй за псіхалагічны бар’ер–100 рублёў за долар. З улікам таго, што цэны на нафту зараз падняліся, да канца года можа палепшыцца сітуацыя і са знешнім гандлем у Расіі.

Такім чынам, у бліжэйшыя месяцы, калі і будуць зніжэнні і беларускага і расійскага рубля да даляра, то гэта будзе невялікі паказчык–у межах некалькіх працэнтаў. У перспектывы магчыма некаторае ўмацаванне за кошт стабілізацыі ў знешнім гандлі, але тут пытанне, наколькі значна ў Расіі палепшыцца знешні гандаль. Кароткатэрміновы прагноз да канца года такі: рэзкіх змен курса не будзе, моцнага зніжэння таксама чакаць не варта.

Comments are closed.