Loading

Вось ужо месяц, як з медыяпрасторы не сыходзіць тэма расійскіх наймітаў з прыватнай ваеннай кампаніі Вагнэр. Гэтая структура, якая нарабіла шмат шуму сваім мецяжом месяц таму, усё ж, з’явілася ў Беларусі. Але, што паказаў гэты месяц? Гаворым з палітычным аналітыкам праекту «Позірк» Аляксандрам Класкоўскім.

— Месяц, як кіраўнік ПВК Вагнэр моцна пакрыўдзіўся на расійскага міністра абароны Шайгу і начальніка Генштаба Герасімава і ўзняў нібыта мяцеж супраць іх з паходам на Маскву, збіццём расійскай авіяцыі і захопам аж цэлага Растова на Доне. І вось нібыта збываюцца даволі змрочныя прагнозы. Вагнэраўцы ў Беларусі. Калі прааналізаваць тое, што адбылося за месяц, што паказалі гэтыя падзеі ў расійскай і беларускай палітыцы?

— Па-першае, мы ўбачылі, што Лукашэнка прапіярыўся на гэтай гісторыі, ён сябе напачатку намаляваў такім выратавальнікам расійскага цара ад смуты. Але гэты перыяд, зорны для Лукашэнкі, прайшоў. Магчыма яму і з Крамля сказалі, што трэба болей сціпла сябе паводзіць, таму што ў святле гэтых ягоных выказванняў Пуцін выглядаў вельмі непрывабна: слабы, нерашучы, не мог там датэлефанавацца за Прыгожына. А Лукашэнка вось прыйшоў і адразу ўсю гэтую бяду рукамі развёў.

Так ці іначай, цяпер Лукашэнка ў гэтым плане прыціх. І мы бачым, што сапраўды Вагнер, ці цалкам тыя былыя мяцежнікі, ці не, але перабраліся ў Беларусь. Гэта, дарэчы, пакуль пытанне нявызначанае, яно вісіць у паветры: колькі іх у выніку тут будзе. Нейкімі дзеячамі, штабістамі самога Вагнэра, называецца лічба, што да 10 тысяч чалавек. Гэта, канешне, з аднаго боку, даволі значная сіла. З іншага боку, і гэта ў Кіеве, у прыватнасці, падкрэсліваюць: гэта не той ударны кулак, які можа быць скарыстаны, напрыклад, для эфектыўнага наступу з поўначы на Украіну.

Калі ўзгадаць леташнія падзеі, то тады прыблізна 40 тысяч расійскіх войскаў наступала з Беларусі, калі яны хацелі рэалізаваць гэты свой бліц-крыг і захапіць Кіеў. І тое, яны атрымалі па зубах і адкаціліся. Цяпер, як кажуць адмыслоўцы, патрэбна тысяч 120, каб былі нейкія шанцы ў падобнага наступу. Як бачым, вагнэраўцаў нашмат меней.

І, адпаведна, тыя версіі, якія закідаюцца з Масквы, што можа быць гэта ўдарны кулак для таго, каб прарваць Сувалкаўскі калідор, які знаходзіцца на мяжы Літвы і Польшчы. Гэта таксама такія пужалкі, страшылкі. Бо, супраць НАТА, па-першае, і Лукашэнка не наважыцца выступаць, і ў Пуціна няма для гэтага сіл, бо гэта патрэбна вялікая групоўка. Ну а самі вагнэраўцы, усё ж, яшчэ раз падкрэсліваю, не ў той колькасці зараз у Беларусі, каб весці нейкія такія вайсковага кшталту аперацыі. Гібрыдныя аперацыі – так, магчымыя. І вагнэраўцы – майстры менавіта падобных мутных аперацыяў. Лукашэнка, хоць і пагражае пастаянна ўсялякім супастатам, але рэальна задзірацца з НАТА, я думаю, што яму наўрад ці хочацца.

— Дзяржаўная прапаганда рапартуе пра пачатак навучання вагнераўскімі інструктарамі так званае апалчэнне, якое Лукашэнка стварае з калгаснікаў. Ці вымалявалася ўжо іхняя роля ў нашай краіне для Лукашэнкі?

— Фактычна, на мой погляд, вагнэраўцаў Лукашэнка ў нагрузку, так бы мовіць, атрымаў ад Крамля за гэтую сваю вось такую «міратворчую» місію. Насамрэч, Крэмль проста скарыстаў «малодшага брата», каб неяк разруліць вось гэтую сітуацыю, гэты канфлікт, які ўсчаўся месяц таму. А Лукашэнку ў піяраўскім плане ўсё адно трэба падаць гэта неяк выйгрышна, што, маўляў, гэта вялікі набытак для Беларусі. Хоць насамрэч, я думаю, што правадыр чухае рэпу і думае, што з гэтым «падаруначкам» Крамля зараз трэба будзе рабіць.

Таму што столькі інструктараў беларускаму войску не трэба. Ну дзясяткі, максімум сотні, а не 5 тысяч, ці, нават 10 тысяч – гэта занадта. Столькі ставак у міністра Хрэніна няма. Ды і самі стаўкі з гледзішча вагнэраўцаў – мізэрныя. Таму што гэта «салдаты ўдачы», найміты, якія прывыклі значна большыя грошы атрымліваць. Як кажуць адмыслоўцы, там шэраговец у «Вагнэры» атрымліваў значна больш, чым беларускі генерал.

Так што – і пытанне грошай, таксама паўстае рубам. Лукашэнка некалькі разоў казаў, што добра б, каб яны за свой кошт тут былі. Але ж, дзе яны заробяць тыя грошы? У Расіі ім ужо не плацяць, Пуцін сказаў: або пераходзьце на кантракт, або з’язджайце ў Беларусь. А ў Беларусі, як бачым, з фінансамі цяжкавата.

Канешне, ёсць такі варыянт, што большасць з іх зліняе ў Афрыку, дзе ў Прыгожына вялікія праекты. Але і там пакуль што мутная сітуацыя, таму што ёсць сімптомы таго, што Крэмль цяпер гэтыя прыгожынскія актывы і ў самой Расіі, і ў іншых краінах, у тым ліку афрыканскіх, пакрысе адціскае. І таму вялікае пытанне, ці застануцца ў Прыгожына гэтыя вось плацдармы афрыканскія, якія яму давалі калісьці грошы, прыбыткі і ад алмазаў, і ад золата, і ад аховы нейкіх аб’ектаў. Там шмат у яго было нейкіх справаў такіх.

Тое, то там паказалі, як вагнэраўцы гэтых так званых «партызанаў» навучаюць – гэта паказуха. Загадалі гэтаму вайсковаму тэлебачанню зрабіць нейкі сюжэт, яны і зрабілі. Таму што гэтым мужыкам, якіх выдзёргваюць з запасу, трэба нагадаць элементарныя рэчы – як аўтамат трымаць, як цэліцца ў мішэнь. І дзеля гэтага не абавязкова, каб былі такія спрактыкаваныя інструктары, як гэтыя вагнэраўцы.

Асобнае пытанне, чаму яны могуць навучыць, бо ёсць меркаванне, што ў прынцыпе, ніякага асаблівага майстэрства ў большасці з іх няма. Яны такія ж самыя рабілі «мясныя» штурмы там недзе пад Бахмутам, клалі і пасылалі найперш на забой, на смерць, зэкаў, як вядома. Бо іх дзясяткі тысяч там, мяркуючы па прызнаннях саміх вагнэраўскіх штабістаў, загінула.

Так ці іначай, болей прыцягвае ўвагу паведамленне, што ўжо на палігоне «Берасцейскі» пачаліся нейкія манеўры ці трэніроўкі беларускіх сіл спецыяльных аперацыяў супольна з вагнэраўцамі. Гэта рэч ужо болей сур’ёзная, тым болей, што гэта недалёка ад польскіх межаў. І натуральна, што палякі рэагуюць, яны бліжэй да сваіх усходніх межаў перакінулі дзве брыгады, чым адразу ж скарыстаўся Лукашэнка.

Ён 23 ліпеня сустракаўся ў Пецярбургу з Пуціным і гэта ўжо мем: я прывёз мапы і зараз вам пакажу, адкуль палякі рыхтуюць наступ. Мы ўжо нешта такое чулі. Так што – гэта ўсё ў піяраўскіх мэтах выкарыстоўваецца. Ну і плюс на гэтай сустрэчы з Пуціным, Лукашэнка сказаў, што вось праблемы ёсць з вагнэраўцамі, бо яны рвуцца зрабіць, як было сказана, экскурсію ў Варшаву і Жэшуў (месца, дзе знаходзіцца аэрапорт – хаб, куды заходнія ўзбраенні перакідаюцца, каб потым ісці ва Украіну). Я думаю, што Лукашэнка тут зноў жа такую пужалку выкочвае, таму што, насамрэч, у вагнэраўцаў недастаткова сіл, каб пайсці на Варшаву.

Цалкам размову з палітолагам Аляксандрам Класкоўскім слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.