Loading

У сітуацыі з нібыта закалотам Прыгожына і ягоным паходам на Маскву нечакана на галоўную ролю вывелі Лукашэнку. Ці сапраўды ягоная роля ва ўсёй гэтай сітуацыі была галоўнаю і што азначае нібыта сыход Прыгожына ў Беларусь? На гэтыя пытанні ў нашай размове адказвае палітычны аналітык праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

— Хачу падкрэсліць, што, канешне, усіх дэталяў мы не ведаем, але па-крысе ўжо пазл складваецца. І відавочна, што роля Лукашэнкі ў гэтым сюжэце – так, яна ёсць, яна прысутнічае, гэта не фэйк, што ён нейкім чынам удзельнічаў у гэтых перамовах, але відавочна, што прапаганда лукашэнкава занадта раздзімае ягоную ролю.

Вось ён доўга марыў «уплішчыцца» ў міратворчасць па Украіне, шкадаваў, што Турцыя перахапіла гэтыя перамовы ў свой час. Зразумела, яму вельмі няўтульна было ў ролі суагрэсара, ён неяк хацеў выскачыць з гэтага амплуа, зноў тогу міратворца прымераць. І тут раптам – парадаксальным чынам у нечаканай сітуацыяй не паміж Масквой і Украінай, а паміж самімі расійцамі, якія нібыта на адным баку, але схапіліся за чубы. Яшчэ болей, бо Прыгожын жа фактычна кінуў пальчатку Пуціну, хоць ён наўпрост яго не бэсціў, а толькі Шайгу ды іншых ваенначальнікаў і асоб з камарыльі Пуціна, але ж натуральна, што гэта была кінутая пальчатка і самому Пуціну.

І той зрэагаваў рэзка, сказаў, што гэта нож у спіну і што трэба нейтралізаваць – то бок, разабрацца па поўнай праграме, з Прыгожыным і ягонымі наймітамі. І тут раптам такі парадаксальны, нечаканы, феерычны паварот сюжэту. Вось цяпер высвятляецца, што насамрэч, канешне, перамовы з Прыгожыным вяліся і з боку Адміністрацыі, і з боку высокапастаўленых вайскоўцаў. Ёсць такая версія, што былы ахоўнік Пуціна Дзюмін, які цяпер ёсць губернатарам Тульскай вобласці. Актыўную ролю згуляў.

Карацей кажучы, расійскія гэтыя людзі з атачэння Пуціна самі найперш прыкладалі высілкі. А Лукашэнка, выглядае на тое, што спатрэбіўся Крамлю як такая тэхнічная фігура. Таму што Прыгожыну трэба было даць магчымасць неяк выйсці з захаваннем твару з гэтай сітуацыі. Ну і Пуціну таксама.

Таму вось такі фінт вушамі быў зроблены, што маўляў, крымінальная справа ў дачыненні Прыгожына закрываецца, сам ён сыходзіць у Беларусь, як сказаў прэс-сакратар Пуціна Пяскоў. Тут яшчэ асобнае пытанне, што будзе азначаць гэты сыход у Беларусь – з кім ён, ці з усёй гэтай сваёй кампаніяй, сярод якой шмат проста крымінальнікаў і гэтак далей? Але гэта наўрад ці. Найхутчэй, калі ён і з’явіцца ў Беларусі, то з нейкай адносна невялікай світай. У кожным разе – гэта ўжо асобны сюжэт. Зазначу толькі, што гэта такі ў двукоссі «падаруначак» і для Лукашэнкі, і для Беларусі, што яшчэ можа быць шмат галаўнога болю.

Але ў гэтым сюжэце Крэмль проста скарыстаў Лукашэнку. Даў яму, канешне, магчымасць пры гэтым прапіярыцца. Лукашэнка такія магчымасці заўжды на 120 адсоткаў выкарыстоўвае. Але, канешне, не ён стаў тут галоўнай фігурай, якая вызначыла паварот гэтага сюжэту.

— Ці патрэбныя ў Беларусі і самому Лукашэнку гэты Прыгожын і ягоныя вагнэраўцы, бо наўрад ці ён паедзе ў Беларусь адзін без сваіх адданых ахоўнікаў?

—  У Растове ж мясцовыя жыхары крычалі «Вагнэр – сіла!», фатаграфаваліся, віталі і гэтак далей. І гэта сведчыць пра тое, што вось тыя настроі, якія артыкуляваў Прыгожын, маюць шырокае распаўсюджанне ў расійскім грамадстве. А Прыгожын пад гарачую руку нагаварыў шмат праўды. Пра тое, што ў атачэнні Пуціна адны бяздарныя людзі, хцівыя, карумпаваныя, што яны прыдумалі штучныя прычыны, каб распачаць гэтую вайну з Украінай – гэта ж усё праўда. І аказваецца, што многім у Расіі гэта імпануе, што былы «кухар Пуціна» пачаў рэзаць праўду-матку ў вочы.

Я думаю, што Лукашэнку ў пэўнай ступені паставілі перад фактам і яму надта тут капыліць губу было не з рукі. Хоць Лукашэнка для кагосьці наіўнага і выглядае, як выратавальнік Пуціна, выратавальнік Расіі, насамрэч, ён тут у вельмі такім падпарадкаваным становішчы знаходзіцца ў адносінах да Крамля.

Прыгожын – гэта ж не толькі і не столькі ваяр – гэта бізнэсовец. У яго і ў Расіі бізнэс вялікі, быў ва ўсякім разе, як там цяпер будзе сказаць цяжка. І ў Афрыцы ён разгарнуўся – там ён і золата, і алмазы здабываў. Дарэчы, большая частка Вагнэра, прычым, самыя такія адчайныя, загартаваныя байцы – яны менавіта ў Афрыцы. Ва Украіне ён карыстаўся, так бы мовіць, чалавечым матэрыялам другога гатунку. Так што, у Прыгожына і Лукашэнкі могуць быць, а можа ўжо ёсць, супольныя бізнэс-інтарэсы. Мы ведаем і цікавасць беларускага рэжыму да Афрыкі. І не толькі там трактары спіхнуць у Зімбабвэ. А таксама гэтым такі вельмі давераны чалавек Лукашэнкі – Віктар Шэйман, займаўся і, напэўна, яшчэ займаецца гэтымі справамі, звязанымі са здабычай золата, рэдказямельных элементаў.

Але ведаеце, гэта суб’ект небяспечны, суб’ект непрадказальны, суб’ект амбіцыйны, як паказаў гэты самы мяцеж. Таму тут вялікае пытанне ці знойдзе з ім Лукашэнка агульную мову, таму што і ў Беларусі Прыгожын можа разгарнуцца, паказаць свой нораў, свае апетыты. І для беларускага грамадства гэта таксама небяспечная сітуацыя.

Але ў мяне, усё ж, такое прадчуванне, што для Прыгожына Беларусь – гэта такі партал, так бы мовіць, каб сыйсці ад гэтай калізіі, ад гэтай сітуацыі, калі яго маглі проста забіць. Відаць, над ім гэты дамоклаў меч вісіць, але пакуль што далі яму магчымасць сыйсці ў Беларусь. Яму тут мала прасторы, не тыя маштабы. Хутчэй за ўсё, ён куды-небудзь рване ў Цэнтральнаафрыканскую рэспубліку ці іншую краіну бліжэй да экватара.

Ведаеце, смута, яна там не скончылася. Можа, гэта толькі першы акт «Марлезонскага балета». Таму што, па-першае, даволі вялікія сімпатыі сярод так званага «глыбіннага народу» сваімі заявамі атрымаў Прыгожын у Расі. І гэта такі дрэмлючы чыннік, па-другое, невядома, хто стаяў за гэтым мецяжом. Ёсць такія версіі, што за гэтым могуць стаяць даволі ўплывовыя людзі ў пагонах. Там жа ідзе грызня паміж рознымі групоўкамі, паміж армейцамі і ФСБ.

Калі будзе працяг, то гэта, кладучы руку на сэрца, плюс для перспектыў дэмакратычных пераменаў у Беларусі. Таму што, пры ўсім пры тым, што мы кажам, што Лукашэнка тут атрымаў піяраўскі ўраджай, атрымаў тактычны поспех, але ў прынцыпе ўся гэтая сітуацыя паказала, што пуцінская сістэма гнілая, даволі ўразлівая. А гэта ж адна з галоўных апораў рэжыму Лукашэнкі. Калі ўсё гэта аслабне, то можа аслабнуць і гэтая адданасць сілавікоў і імпэт у задушэнні пратэстаў і працягу рэпрэсій.

У Беларусі можа быць нешта падобнае да таго, што было ў Растове, дзе тыя заслоны з паліцэйскіх толькі раскланьваліся вагнэраўцам, калі ў болей спрыяльных умовах падчас крызісу рэжыму сюды зойдзе Полк Каліноўскага ці іншыя ўзброеныя фармаванні праціўнікаў рэжыму.

Comments are closed.