Loading

Дэлегацыя Аб’яднанага пераходнага кабінета на чале са Святланай Ціханоўскай сустрэлася з міністаркай школьнай адукацыі Польшчы Барбарай Навацкай. Абмяркоўвалі сітуацыю з беларускамоўнай адукацыяй у Польшчы, у тым ліку і праблемы беларускіх ліцэяў на Падляшшы.  У сустрэчы прымала ўдзел прадстаўніца АПК па пытаннях нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык. 

Аліна Коўшык, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні

Міністарка адукацыі Барбара Навацкая на пасадзе нядоўгі час, таму для яе гэта досыць новая справа. Але сустрэча была вельмі добра падрыхтаваная з боку польскага Міністэрства адукацыі. 

Я думаю, што я тут не раскрыю вялікай дыпламатычнай таямніцы, калі раскажу вам кухню, як гэта робіцца. Насамрэч, сустрэча – гэта такі рытуал, які мы рыхтуем. То бок, папярэдне дасылаюцца прапановы, яны ўзгадняюцца, і бакі ведаюць, пра якія тэмы мы размаўляем. То бок, з нашага боку была падрыхтаваная прапанова і таму ёсць шанец адразу атрымаць нейкія адказы ад міністэрства. 

Мы былі вельмі радыя, што польскі бок станоўча рэагаваў на нашыя прапановы і быў вельмі добра падрыхтаваны. На дадзены момант у польскіх школах вучыцца 26 тысяч беларускі дзяцей. І таму для нас вельмі істотным з’яўляецца, каб яны мелі магчымасць доступу да навучання на беларускай мове. Яно можа адбывацца ў некалькіх варыянтах. 

Па-першае, гэта суботнія школкі. Сетка суботніх школак з дапамогай прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні мы развіваем у розных польскіх гарадах. Такія школкі вы можаце знайсці і лёгка ў іх запісацца. Але ў гэтых школках зараз вучыцца каля 500, можа 700 беларускіх дзяцей. Уявіце сабе, якая гэта маленькая частка ад усёй колькасці маленькіх беларусаў, што зараз знаходзяцца ў Польшчы. 

Другая ідэя – гэта падтрымка беларускай мовы, як замежнай мовы, выбару яе, як другой замежнай мовы. Такую петыцыю стварыў Рух беларускай салідарнасці, збіраў подпісы. І мы таксама ўзгадалі яе на сустрэчы ў міністэрстве з прапановай падтрымаць і даць такую магчымасць беларусам. 

Трэцяя прапанова – гэта стварэнне беларуска-польскай школы ў Варшаве на ўзор Віленскай гімназіі імя Францыска Скарыны. Гэта, канешне, праект маштабны, велізарны, які вымагае таксама зменаў у польсім праве. Таму ён можа быць вельмі-вельмі складаным, але тым не менш, мы заявілі пра такую гатовасць з нашага боку і неабходнасць такой школы. Як мы лічым, яна магла бы вельмі добра спрыяць таму, каб беларускія дзеці сапраўды мелі высокаякасную адукацыю і вучыліся ў тым ліку на роднай мове. Але таксама гэта мог бы быць выдатны сімвалічны праект новага ўрада Дональда Туска і часовага кабінету Святланы Ціханоўскай. Будзем працаваць далей у гэтым накірунку. 

Ну і ёсць яшчэ іншая магчымасць, якая таксама патрабуе зменаў у польскім заканадаўстве. Гэта магчымасць для беларускіх дзяцей без польскага грамадзянства атрымоўваць навуку – вось гэтага кампанента, як у Польшчы кажуць, меншаснага. То бок, паводле заканадаўства польскія меншасці маюць права вывучаць родную мову, культуру – вось гэты меншасны кампанент, у рамках альбо міжшкольных пунктаў навучання, альбо ў школе. Але, калі ты не маеш грамадзянства, то доступу да гэтага ты не маеш, паводле адукацыйнага права Польшчы.  І ёсць ідэя, каб пашырыць гэтыя магчымасці, даць беларусам такі шанец, але гэта будзе вымагаць зменаў у заканадаўстве. Таму, кожны з гэтых шляхоў добры. Я думаю, што найлепшае – камбінацыя гэтых шляхоў, і кожны з гэтых шляхоў мы будзем прасоўваць. 

Па выніках нашай сустрэчы стварылася рабочая  група, якая будзе вырашаць гэтыя рэчы. Таму што яны вымагаюць сапраўды велізарнай працы з боку і польскага, і беларускага і нашай шчыльнай супрацы. Таму мы вельмі спадзяемся на адкрытасць і на заагнажаванасць новага ўраду і Міністэрства адукацыі Польшчы. 

 

Comments are closed.