Loading

Фотавыстава «З Украінай у сэрцы» адкрылася ў Кіеве. З гледзішча ўкраінскай улады гэта дастаткова важная падзея. Прынамсі, улады ўзгаднілі яе правядзенне ў памяшканні Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі. І сапраўды адкрыццё выставы стала даволі заўважнай укранскім медыя-полем падзеяй.

Экспазіцыю складаюць партрэты 16 герояў, у тым ліку героя «Нябеснай сотні» – Міхася Жызнеўскага. На выставе таксама прадстаўленыя відэаматэрыялы і апісанне жыццёвага шляху загінулых беларусаў. Імпрэза сабрала разам каля 50 прадстаўнікоў грамадзянскай і палітычнай супольнасці Украіны і Беларусі. Удзел узялі дзяржсакратар у справах ветэранаў Украіны Віталь Загайны, нардэпы Багдан Яроменка і Сяргей Швец.

На мерапрыемстве таксама прысутнічаў Дзяніс Урбановіч, які прыехаў раніцай з Бахмута – баец батальёна «Волат», які ваюе ў складзе Узброеных сілаў Украіны. Таксама ўдзел браў сузаснавальнік Асацыяцыі ветэранаў Беларусі, экс-баец батальёна «Волат», Андрэй Кушняроў.
Ад прадстаўнікоў рэлігійных канфесіяў падчас выставы свае словы сказалі протаярэй Віталь Даньчак:

«Мароз па скуры прабірае ад гераізму маладых хлопцаў. Хлопцаў, якія аддалі найсвяцейшае – гэта сваё жыццё, за волю і незалежнасць нашай дзяржавы Украіны. Будучы беларусамі, яны змагаліся, яны загінулі за вольны, дэмакратычны свет. Сёння ад імя Эпіфанія, мітрапаліта Кіеўскага і ўсёй Украіны, я хачу выказаць падзяку арганізатарам – дабрачыннаму фонду «Вільна Білорусь», за тое, што максімальна асвятляеце тых герояў, якія змагаюцца за нашу незалежнасць. Вечная памяць усім абаронцам нашай Айчыны!»

і настаяцель храма Святога Мікалая ў Кіеве айцец Павел Вішкоўскі:

«Ад імя рымска-каталіцкай царквы, якая таксама вельмі шматлікая ў Беларусі, таксама зараз, калі каталіцкія краіны, як Польшча, Літва, Італія, пачалі падтрымліваць нашу Радзіму ў барацьбе з агрэсарам, то гэтая каталіцкая царква ў Беларусі таксама церпіць: галоўны каталіцкі храм у Менску зараз зачынены. Хачу падзякаваць арганізатарам, падзякаваць тым, хто асвятляе гэты цудоўны прыклад. А таксама маліцца за ўсіх нашых абаронцаў. Таму што мы добра ведаем, што гэта і беларусы, і італійцы, і амерыкацы. І хочам прасіць Бога, каб нарэшце гэтая вайна скончылася».

Адзін з гарадоў, у якім загінулі і былі параненыя беларусы ў першыя дні вайны, спрабуючы не пусціць туды расійскіх акупантаў – гэта вядомая ўжо на ўвесь свет Буча. Дэпутат Бучанскай гарадской рады Васыль Алэксюк паведаміў, што цяпер афіцыйна ў горадзе з’явілася вуліца імя беларускага дабраахвотніка Іллі Ліцьвіна.

«Хачу праінфармавць, што на апошняй сесіі Бучанскай гарадской рады зацверджаны пералік вуліц, якія названыя ў гонар у тым ліку і герояў, якія загінулі за свабоду і незалежнасць Украіны. І адну з вуліц, менавіта там, дзе знаходзіцца мемарыял, сцяг, менавіта там, дзе праходзілі баі, дзе загінуў герой Украіны і Беларусі Ілля Ліцьвін, менавіта гэтую вуліцу мы назвалі ў гонар беларускага героя і на апошняй сесіі прынялі гэтае рашэнне.

Зараз з кожным днём усё больш і больш і бучанцаў, і ірпенчанаў, і ўвогуле ўкраінцаў, падзяляюць, хто такія сапраўдныя беларусы, сапраўдны беларускі народ, а хто такія лукашысты – тая, якія падтрымліваюць незразумелыя імперскія ідэі Лукашэнкі і Пуціна. І, я думаю, што вось такімі рэчамі, як увекавечванне памяці герояў, якія загінулі за свабоду і незалежнасць Украіны, мы можам зменьваць думку нашых суграмадзян і ўвогуле сусветную думку. Бо сапраўды зараз ёсць у Беларусі героі свайго народу, героі нашага народу, якія змагаюцца за нашу свабоду, але гэтак жа, і за сваю свабоду. Я мяркую, што з кожным днём усё болей і болей украінцаў падзяляюць лукашыстаў і патрыётаў – сапраўдны народ Беларусі. І імпрэза, на якой мы зараз знаходзімся – гэта яшчэ адзін крок да таго, каб мы ўсе зразумелі і падзялялі лукашыстаў і сапраўдны народ Беларусі».

А дэпутат з размешчанага побач Ірпеня і кіраўнік Цэнтра беларускіх камунікацыяў Максім Плэшко спрабуе падштурхнуць украінцаў больш грунтоўна разбірцца ва ўкраінска-беларускіх дачыненнях і рэаліях, у якіх сёння мусяць жыць беларусы:

«Я сам з Ірпеня, дэпутат Ірпеньскай гарадской рады. Бяда прыйшла ў Ірпень, і я не хачу, каб гэта паўтарылася. Трое з маіх блізкіх сяброў загінулі, частка маёй маёмасці згарэла, Ірпень моцна разбураны. Я, як гісторык, як геапалітык, разумею, што без вольнай і бяспечнай Беларусі не будзе бяспечнай Украіны, і таксама бяспекі не будзе ва Усходняй Еўропе. Таму я з аднаго боку як эксперт, а з іншага, як чалавек, у чый горад прыйшла вайна, мы знайшлі аднадумцаў і стварылі грамадскую ініцыятыву «Цэнтр беларускіх камунікацый», якая закліканая з аднаго боку, тлумачыць украінцам пра сітуацыю ў Беларусі, бо ўкраінцы часам не разумеюць, яны свой боль і абразу перакладаюць на ўсіх беларусаў. Яны кажуць, чаму беларусы не скінулі Лукашэнку так, як мы скінулі Януковіча, яны часта не разумеюць, што гэта крывавы таталітарны рэжым, які і не сніў Януковіч у той час. І мы ўкраінцам гэта тлумачым: як можна патрабаваць ад беларусаў зараз выходзіць на пратэсты? Вы ж не патрабуеце ад жыхароў Марыупалю выходзіць на пратэсты. Сітуацыя такая ж самая ў Беларусі.

А з іншага боку мы намагаемся камунікаваць з беларускімі супольнасцямі і гаварыць беларусам, што мы разумеем геапалітычную значнасць Беларусі, намагаемся гаварыць, што ў нас ёсць пэўны нацыятворны досвед, мы набілі такіх гузакоў, сталі на граблі не раз, і прапануем вам, беларусам, што калі ласка, улічвайце наш досвед. Мы не навязваем нічога, але наш досвед можна ўлічыць. І адно з першых, што б я параіў, гэта еднасць. Таму што складаецца ўражанне, што беларускія апазіцыйныя сілы або не выйшлі з выбараў, або дагэтуль знаходзяцца ў выбарах, хаця да выбараў у Беларусі яшчэ вельмі-вельмі далёка. Яшчэ трэба рэжым Лукашэнкі пасунуць, а ўжо потым займацца выбарамі. А пакуль аб’яднацца вакол ідэі свабоды. Пакуль што – свабоды Украіны, а далей свабоды Беларусі. Так будзе, інакш ніяк!»

Максім Плэшко

Сярод удзельнікаў імпрэзы былі сваякі і блізкія нашых герояў. Вось што нам распавяла Надзея – каханая аднаго з ужо легендарных камандзіраў батальёна Івана Марчука з пазыўным «Брэст».

«Ён у 2015 годзе пайшоў у АТО. Ён служыў у Французскім легіёне і ў свае выходныя, ім давалі пэўныя тэрміны, часам даволі вялікія, ён сабраўся, і ў свой адпачынак паехаў у АТА, бараніць Украіну. Калі пачалася паўнамаштабная вайна, у яго зусім не было аніякіх сумневаў датычна таго, што трэба рабіць нешта, кшталту палка Каліноўскага. Ён ведаў, што вельмі шмат беларусаў ва Украіне, якія не могуць вярнуцца ў Беларусь. Ваня стаяў ля вытокаў гэтага палка, прыклаў вельмі шмат намаганняў, бо ў яго вялікі вайсковы досвед. Ён так хваляваўся за гэтае сваё дзецішча, заўсёды навучаў, заўсёды баяўся згубіць хлопцаў. З кожнага баявога выхаду ён вяртаў максімальна ўсіх. Ён часам нават парушаў нейкія каманды, бо ведаў, што, калі яны пойдуць тым шляхам, то яны згубяць кагосьці. Яны ішлі балотамі перыядычна. Аднаго разу ён вывеў усіх хлопцаў. Яны патапілі заплечнікі, рэчы нейкія, але ўсе жывыя. І ўсе да гэтага дня ўдзячныя за тое, што ў той дзень ён прыняў рашэнне ісці так, як адчувае ён, і як яму дазваляе ягоны досвед.

Мы разам 4 гады. Былі складаныя нейкія часы ў нас, былі правільныя ці няправільныя рашэнні. Але я ведаю, што гэта быў цалкам мой чалавек, і ўжо 10-ы месяц, а я ніяк не магу ўзяць сябе ў рукі. Ён быў вялікім чалавекам і ён меў шмат чаго яшчэ зрабіць для Беларусі. 12 сакавіка ў яго быў дзень нараджэння. Яму мусіла стаць 29. Але яму засталося навекі 28. Ён цудоўны. Ён сапраўды вялікі чалавек».

Надзея

На жаль, Надія ўжо не першая, хто дзеліцца з намі сваім неразуменнем некаторых акалічнасцяў стаўлення да пачуццяў блізкіх загінулых на гэтай вайне з боку палка імя Кастуся Каліноўскага:

«Ягоная маці, якая зараз знаходзіцца ў Беларусі, сказала такую страшную рэч: «Надзея, складаецца ўражанне, што ён больш нікому не патрэбны. Быў жывы – быў патрэбны, калі іх кідалі ўсюды (а ён заўжды быў у найгарачэйшых пунктах), а цяпер – проста маўчанне, то бок, цябе ігнаруюць усюды. 6 дзён было ж увогуле маўчанне. Полк не хацеў пісаць, што ён згінуў, хаця я даведалася на 3-і дзень недзе. Мне няма чаго сказаць пра Полк. Я не хачу нічога казаць лішняга, але мне вельмі не падабаецца, як яны ставяцца да сваіх загінулых. Нас не запрасілі на год стварэння палка Кастуся Каліноўскага. Таму я вельмі ўдзячная за гэтую выставу і за тое, што хоць неяк мы намагаемся памятаць, што не толькі мы – тыя хто страціў іх, памятаем».

Арганізатар выставы Аляксей Францкевіч у інтэрв’ю нашаму радыё адзначыў вялікі сімвалізм гэтай выставы і акрэсліў будучыню стварэння адпаведнага музею:

«Вельмі сімвалічна, што менавіта ў Радаўніцу, калі жывыя сустракаюцца з мёртвымі, тут, у Кіеве, у будынку гарадской дзяржаўнай адміністрацыі, адкрылася гэтая фотавыстава, прысвечаная подзвігу беларускіх герояў, якія аддалі свае жыцці ў барацьбе супраць расійскай імперыі. Мы спадзяемся, што ў будучыні з імёнамі гэтых герояў будзе асацыявацца не толькі незалежная і вольная Украіна, але і вольная і незалежная Беларусь».

Аляксей Францкевіч

Поўны рэпартаж слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.