Loading

Шлюбная бюракратыя і рамантыка, нягледзячы ні на што: натхніўшыся святам 14 лютага, мы паразмаўлялі з беларусамі, якія афармлялі свае адносіны ў эміграцыі. Чаго ім гэта каштавала – чытайце і слухайце ў нашым матэрыяле.

«Мяне затрымалі ў той самы дзень, калі я збіраўся зрабіць Вользе прапанову»

Гісторыя былога палітзняволенага Змітра Фурманава і Вольгі Каракінай даволі вядомая – пра яе пісалі многія незалежныя СМІ. Калі Змітра пасадзілі ў СІЗА, яго любімая дзяўчына пікетавала, трымала галадоўку, а пасля вызвалення дапамагала выехаць з Беларусі. З прапановай рукі і сэрца малады чалавек спазніўся літаральна на дзень – той самы, калі яго затрымалі. На волю вязень выйшаў толькі 21 кастрычніка 2021 года, адбыўшы ўвесь тэрмін. Пасля была кранальная сустрэча і шлюб пад бел-чырвона-белымі сцягамі. На ўрачыстасць да маладых нават завітала Святлана Ціханоўская.

«Сумневаў, што мая дзяўчына мяне дачакаецца, не было. Яна адразу мяне падтрымала, распачала галадоўку, пасля пісала лісты. Прапанову Вользе я зрабіў ужо на волі, у навагоднюю ноч з 2021 на 2022. У Вільні, у будынку фонду «Дапамога», які называюць «беларускім замкам». Там жа мы і зладзілі вяселле».

Фота з прыватнага архіва герояў.

«Везла з Варшавы ў Тбілісі вясельную сукенку»

Журналіст Белсату Віталь Бабін і піяністка Вольга Стасевіч афармлялі шлюб у Грузіі. Паставіць штамп у Тбілісі аказалася значна прасцей, чым у Варшаве. Маладыя людзі выпадкова пазнаёміліся на дні народзінаў агульнай сяброўкі. Воля тады прыйшла на імпрэзу апошняй, а Віталь і ўвогуле мог не дайсці на свята. 

– З раніцы быў эфір і мне хацелася выспацца, прызнаецца малады чалавек. 

Фота з прыватнага архіва герояў.

«Ад моманту знаёмства да прапановы прайшоў 1 год. А да рэгістрацыі – паўтары гады», – Воля прыгадвае, што з самай першай сустрэчы ім з Віталікам было пра што паразмаўляць. Агульныя захапленні і зацікаўленасць музыкай зрабілі сваю амурную справу.  

У выніку маладыя людзі зарэгістравалі шлюб у Грузіі, хаця першапачаткова спрабавалі ажаніцца і ў Польшчы. Маладзёнам сказалі сабраць стос дакументаў, частка якіх знаходзілася ў Беларусі. У Грузіі ж патрабаванні былі мінімальныя: прыехаць, даць пашпарты, заплаціць грошы і ў наступны дзень ужо можна было пабрацца шлюбам.

– Мы плануем адсвяткаваць вяселле яшчэ і ў Варшаве. Нашыя сябры раскінутыя па ўсім свеце, блізкія ў Беларусі, так што Тбілісі – гэта толькі пачатак. У красавіку да нас прыедуць сябры з Фінляндыі, Бельгіі, Літвы і розных гарадоў Польшчы. Ну а трэцяя серыя будзе, калі нашыя блізкія атрымаюць візу і прыедуць у Польшчу. 

 – А па вяртанні ў Беларусь будзеце святкаваць? 

– Абавязкова, – кажа Віталь. – Я вельмі хачу паказаць Вользе свой горад, павадзіць яе па Жлобіну, і там таксама падняць келіх за нашае вяселле.  

Фота з прыватнага архіва герояў.

Кацпер – небінарная асоба. Таму я кажу «мая жона» і ўжываю займеннік «яны»

Для нашай наступнай гераіні – спявачкі Chornabrova – каханне ў эміграцыі стала абсалютнай нечаканасцю. «Да гэтага немагчыма падрыхтавацца», – прызнаецца Паліна Дабравольская.

«З Кацперам мы пазнаёміліся ў Вроцлаве на тэатральнай рэзідэнцыі. Цэлы месяц мы жылі разам у тэатры і сталі добрымі сябрамі. Кацпер – небінарная асоба. Каб было прасцей, мы ўжываем у паўсядзённым жыцці адпаведныя займеннікі і я кажу, што яны – мая жона».

Фота з прыватнага архіва герояў.

Як і шмат іншых беларускіх пар, якія хочуць пабрацца шлюбам у Польшчы, маладзёнам неабходна было сабраць стос розных даведак з Беларусі і з беларускай амбасады. Складанасцей дадалі памылкі ў перакладах дакументаў. Але, як адзначае Паліна, супрацоўнікі ўжонду былі вельмі прыязныя і добразычлівыя.

«Мы запланавалі свята напрыканцы кастрычніка. У Польшчу прыехалі мае бабуля і дзядуля, гэта было вельмі кранальна. Нам важна было, каб побач былі блізкія і родныя людзі. Шлюб мы зрабілі крышку раней, а вось распісаліся напачатку 2023 года, калі ў польскім ЗАГСе была вольная дата».

Фота з прыватнага архіва герояў.

Матэрыял цалкам слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.