Loading

У польскім Жэшуве 22 кастрычніка прайшла першая канферэнцыя вольных беларусаў. Арганізатарам мерапрыемства стаў кіраўнік фонду «Вольная Беларусь» Аляксей Францкевіч. Тэмай першай сустрэчы стала «Вайна ва Украіне. Дэакупацыя Беларусі».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел тры дзясяткі чалавек з Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы і рэспублікі Ічкерыя.

Фота: bns-volnayabelarus.org

Адзін з удзельнікаў канферэнцыі, прадстаўнік беларускай дыяспары ў Швейцарыі, кіраўнік фонду «Марыі Магдалены Радзівіл» Алесь Сапега распавёў у эфіры «Світанку свабоды», як прайшло мерапрыемства.

Гэта была сустрэча паплечнікаў і аднадумцаў, якія сабраліся не спрачацца і дыскутаваць, а распрацаваць далейшыя шляхі сумеснай працы. Сітуацыя ў свеце змяняецца штодня, таму вельмі важна выбудоўваць сумесныя планы і мець магчымасць быць пачутымі.

На канферэнцыі прысутнічалі вельмі вядомыя асобы з розных сфер — ад палітыкаў, такіх як Зянон Пазняк, да блогераў — Вірус, Алена Васільева і іншых. Вядома, менавіта людзі, а не толькі сама праграма, надалі мерапрыемству вагу.

Прадстаўнікі Украіны выказалі думку, што нам не варта мысліць у рэчышчы, што мы братэрскія краіны. Мы — суседзі, і менавіта суседскія ўзаемаадносіны і павінны выбудоўвацца зараз.

Галоўнай мэтай першай сустрэчы было пазнаёміцца, выказацца і пачуць іншых. Больш практычныя крокі будуць разглядацца ўжо на наступнай сустрэчы, магчыма, у лістападзе.

Важнымі кірункамі працы былі адзначаны барацьба супраць расійскай прапаганды і штучных сутыкненняў беларусаў з украінцамі, якія на карысць толькі Крамлю, а таксама гуманітарны кірунак.

Асабіста сваю ролю ў гэтым працэсе Алесь Сапега бачыць у супрацы з Зянонам Пазняком і працягу дапамогі беларусам і ўкраінцам у Швейцарыі. З пачаткам вайны ва Украіне плынь уцекачоў у Швейцарыю павялічылася. Людзям неабходна падтрымка, кансультацыі і практычная дапамога, якую фонд Алеся Сапегі надае.

Фота: bns-volnayabelarus.org

Супраца з Пераходным Кабінетам на канферэнцыі не разглядалася. Прысутныя нейтральна ставіліся да Ціханоўскай і чальцоў Кабінета, апроч прадстаўніка беларускіх добраахвотнікаў, які рэзка іх крытыкаваў.

Алесь Сапега ўсё ж лічыць, што беларусам зараз вельмі неабходна аб’яднацца і пакінуць супярэчнасці да больш спакойных часоў. Варта не паўтараць памылак мінулага, калі апазіцыя ніяк не магла аб’яднацца, адкласці амбіцыі і выпрацаваць іншую стратэгію супрацы, нягледзячы на асабістыя перавагі і незадаволенасці.

Поўную размову слухайце ў плееры ніжэй.

Comments are closed.