Лідар дэмакратычнай Беларусі ўжо прыбыла ў Нью-Ёрк.
Прысутнасць Ціханоўскай у залі ААН спрабавалі не дапусціць расійская і афіцыйная беларуская дэлегацыя — расказаў нам прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйных пытаннях і парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька. Ён лічыць цяперашні візіт важным крокам на шляху пазбаўлення беларускага рэжыму апошніх міжнародных кантактаў, і кажа, што 80% міжнароднай палітыкі Святлана Ціханоўская ў Макея і Лукашэнкі ўжо перахапіла.
Спадар Анатоль, што азначае гэты візіт Ціханоўскай у Нью-Ёрк для беларусаў і для Офіса?
Паездка ў Нью-Ёрк азначае пашырэнне прасторы працы каманды Святланы Ціханоўскай. У гэтым годзе адбылося ўжо некалькі знакавых паездак. Улетку гэта быў візіт у Парламенцкую Асамблею Рады Еўропы. Звычайна туды запрашаюць міністраў замежных спраў альбо кіраўнікоў краін. І вось Святлана Ціханоўская, яна не мае такога выразнага статуса як кіраўнік Беларусі, але калі яе запрашаюць, яе разглядаюць як чалавека, які прадстаўляе Беларусь і беларускі народ. І наступны крок — ААН. Натуральна, што ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый прадстаўлена Беларусь (афіцыйны Мінск — рэд.) і наўпрост, каб прыехаць туды і патрапіць на саму Асамблею, патрэбна было ангажавацца ў адну з дэлегацый. І гэта было зроблена. Гэта вельмі важна, таму што рабіліся пэўныя захады ў першую чаргу расіянамі і беларускім бокам, каб Святлана Ціханоўская не была ўдзельніцай Асамблеі, каб у яе не было магчымасці заходзіць у сам будынак ААН.
З дапамогай дэлегацыі якой краіны Святлана Ціханоўская патрапіла на Асамблею ААН?
Скажам, што гэта адна з еўрапейскіх краін. Разглядаліся некалькі варыянтаў і некалькі краін гатовы былі адчыніць дзверы.
Ці прыехала на пасяджэнне дэлегацыя ад Лукашэнкі і ці плануюцца нейкія кантакты з імі?
Так, прыехаў міністр Макей. Незразумела, з кім ён будзе сустракацца. Гаворыцца пра нейкія групы аднадумцаў, пра тое, што яны будуць абараняць суверэнітэт Беларусі, будуць змагацца супраць санкцый. Пакуль ёсць толькі факт, што Макей паехаў і што міністэрства замежных спраў арганізавала такую грамадзянскую ініцыятыву “За Макеем у ААН”. Даецца магчымасць, каб грамадзяне задалі пытанне міністру, і вось я б хацеў у яго пацікавіцца: як яму ўдалося давесці міжнародную палітыку Беларусі да такога ўзроўню, што мы апынуліся ў групе лузераў? Галасуем там, дзе пяць-шэсць краін з усяго свету. Гэта якраз і ёсць тая ацэнка эфектыўнасці структуры, якая называецца міністэрства замежных спраў.
Трэба канстатаваць, што Святлана Ціханоўская забрала 80% міжнароднай палітыкі ў Макея і Лукашэнкі. Калі да гэтага былі двухбаковыя стасункі, то зараз мы бачым, што забіраюцца і міжнародныя арганізацыі. Тая ж Рада Еўропы канчаткова разарвала ўсялякія стасункі з афіцыйным Мінскам. Пасля выступу Святланы Ціханоўскай у Страсбургу адбылася пераарыентацыя: зараз там створана спецыяльная група, якая будзе займацца супрацай з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Гэта азначае, што Макей з Лукашэнкам канчаткова пакінулі Раду Еўропы і туды заходзіць Святлана Ціханоўская. Тое ж самае нам трэба зрабіць і ў ААН. Гэта будзе складаней, бо ААН гэта вельмі спецыфічная арганізацыя. Там прадстаўлены і дэмакратычныя рэжымы, і дыктатуры.
Поўнае інтэрв’ю з Анатолем Лябедзькам слухайце ніжэй.
Comments are closed.