З серады Каардынацыйная рада прымае справаздачы прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета. Адкрывала слуханні прадстаўніца па культурным адраджэнні Аліна Коўшык.
Асноўныя тэмы яе даклада:
- амаль гатовая Стратэгія нацыянальнага адраджэння і план яе рэалізацыі;
- наладжана супрацоўніцтва з парламентамі і профільнымі міністэрствамі краін-партнёраў, а таксама ініцыятывамі і арганізацыямі беларусаў;
- удалося захаваць прызнанне беларускіх дыпломаў за мяжой, ствараюцца школы для беларускіх дзяцей у Польшчы;
- распрацоўваюцца праекты новых дзяржаўных узнагарод, званняў, ваеннай формы. Створаная камісія па ўзнагародах пры АПК.
За нацыянальнай культурай і адраджэннем ішла тэмы нацыянальнай абароны. За яе ў Кабінеце адказны Валерый Сахашчык. Па яго словах, ужо:
- створаны Дэпартамент нацыянальнай бяспекі;
- сфарміравана беларуская асобная дэсантна-штурмавая рота ў складзе Узброеных сіл Украіны;
- наладжана супрацоўніцтва з шэрагам украінскіх сілавых структураў і арганізаваны абмен аналітычнай інфармацыяй з заходнімі сілавымі ведамствамі;
- з палком Каліноўскага супраца абмежавана, бо ёсць ідэйныя супярэчнасці.
У пятніцу раніцай прыйшло паведамленне, што і Коўшык і Сахашчык атрымалі адабрэнне Каардынацыйнай рады, і будзе рэкамендацыя працягнуць іх мандат у Аб’яднаным пераходным кабінеце.
У чацвер за трыбунай у варшаўскім Палацы навукі і культуры першай была прадстаўніца АПК па сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова. Яна ў сваім выступленні ўхіл рабіла на падтрымку палітвязняў:
- створаны гуманітарны спіс палітвязняў, якія патрабуюць першачарговага вызвалення ў якім сёння ўжо больш за 200 чалавек;
- распрацоўваюцца падыходы да правядзення перамоў па вызваленні палітзняволеных і падтрымліваецца камунікацыя з патэнцыйнымі медыятарамі ў гэтым пытанні;
- на фінальнай стадыі стварэння знаходзіцца праект «Адно акно» па інфармацыйнай падтрымцы палітзняволеных і іх сем’яў;
- працягваецца прыцягненне фінансавых сродкаў на дапамогу палітвязням і іх сем’ям. Створаны дабрачынны фонд «21 траўня», сабрана дапамога палітзняволеным у памеры 574 617 еўра падчас марафону «Нам не ўсё адно!».
Прадстаўнік па міжнародным супрацоўніцтве Валер Кавалеўскі на гэтую сустрэчу з сябрамі Каардынацыйнай рады прыйшоў, бадай, з самым вялікім спісам дасягненняў, бо напрамак, за якія ён адказвае, адзіны, на які дэмакратычныя сілы могуць больш-менш уплываць. Кавалеўскі расказаў, што:
- адкрыта місія дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі пад кіраўніцтвам намесніка прадстаўніка па замежных справах У. Астапенкі;
- распачаты і развіваецца стратэгічны праект нацыянальнага пашпарту Новай Беларусі;
прадастаўлена дапамога беларускім добраахвотнікам ва Украіне на суму больш за 200 тысяч еўра; - распрацаваныя план дзеянняў на міжнароднай арэне па абароне тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Беларусі, падыходы да перагляду адносін з Расіяй.
Першапачаткова меркавалася, што слуханні будуць праходзіць два дні, але планы парушыў украінскі вектар. Раптам высветлілася, што два «міністры» Кабінета – Латушка і Азараў – не паспяваюць вярнуцца з Украіны да слуханняў. Латушка прапанаваў онлайн справаздачу, але сябры Кабінета былі непахісныя: па рэгламенце – офлайн з адказамі на пытанні. Таму Павел Латушка ў пятніцу ўвечары ўсе ж такі прадстане перад прадстаўнікамі грамадскасці.
А вось лёс справаздачы Аляксандра Азарава, пакуль невядомы. Кіраўнік Байпола ўвогуле апошнім часам знікае ў самыя адказныя моманты. Прадстаўніца каардынацыйнай Рады Вольга Кавалькова не губляе надзею, што Азараў паспее даехаць да Варшавы.
«Фармат, сам па сабе, слуханняў, калі гэта публічна, я падтрымліваю, лічу, што і Каардынацыйнай Радзе трэба рабіць больш сваіх адкрытых паседжанняў. Але такіх мерапрыемстваў няшмат. Калі я задала пытанне Валеру Кавалеўскаму, ці плануюць яны рабіць адкрытыя свае паседжанні, ён сказаў «не», такіх планаў няма. Але я лічу, што нам усім трэба выходзіць у больш публічную плоскасць, каб беларусы бачылі, як адбываецца камунікацыя, як мы прымаем рашэнні, якія ў нас унутры пазіцыі. Мая агульная выснова – у Аб’яднанага Пераходнага Кабінета за год, магчыма гэта невялікі тэрмін, але не атрымалася камандная праца. Я не бачыла адзінай стратэгіі ў дачыненні санкцый, у дачыненні палітычных зняволеных. Але з плюсаў, канешне, што ў палітыку прыйшлі новыя людзі, гэта і Вольга Гарбунова і Аліна Коўшык, якія прынеслі свой рэсурс, працуюць у накірунку сваіх мандатаў і па справаздачах бачна дзейнасць ажыццяўляецца вялікая.
Усё яшчэ не адсправаздачыліся прадстаўнік па аднаўленні законнасці Аляксандр Азараў» і прадстаўнік па транзіце ўлады Павал Латушка. Слуханні справаздачы спадара Латушкі папярэдне запланаваныя на вечар пятніцы, а вось са спадаром Азаравым прадстаўнікам КР пакуль не ўсё зразумела».
Comments are closed.