Loading

Некаторыя беларусы, якія з’ехалі з краіны ў 2020 і пазней, вяртаюцца, маючы спадзеў, што пра іх забыліся. Але ў Беларусі іх чакае арышт і турма. Ці можна неяк даведацца, ці ёсць ты ў распрацоўцы ГУБАЗіКу альбо КДБ? Афіцыйная прадстаўніца беларускіх Кіберпартызанаў Юліана Шэметавец адказала на гэтыя і іншыя актуальныя пытанні бяспекі.

Інфармацыя пра тых, хто знаходзіцца ў вышуку, адкрытая на сайце МУС, але толькі з беларускага IP. З-за мяжы можна праверыць наяўнасць свайго імя ў базе двума спосабамі. Першы – паставіць сабе беларускі IP з дапамогай VPN-сервісу, які мае сервер у Беларусі. Прыклады такіх сэрвісаў мы не прыводзім, каб іх не закрылі. Але важна карыстацца VPN-сервісам, які распрацаваны заходнімі кампаніямі, а не расійскімі. Другі спосаб – папрасіць сяброў з Беларусі паглядзець інфармацыю адтуль. Аднак, нават калі чалавек не знаходзіцца ў афіцыйным вышуку, гэта не азначае, што карнікі ім не цікавяцца. Таму мы раім не рызыкаваць і не ехаць у Беларусь тым, хто мае верагоднасць затрымання па палітычных матывах. Калі ўсё ж такі чалавеку неабходна паехаць у РБ, рабіце гэта максімальна бяспечна. Адпаведныя рэкамендацыі, як прыехаць у Беларусь інкогніта, размешчаны на канале П-телеграм и кибербезопасность пад тэгам #безопасность.

Зараз судзяць людзей, якія пад час пратэстаў патрапілі на здымкі, апублікаваныя ў кнізе «Я выхожу». Вашыя парады тым, хто пад патэнцыйнай пагрозай.

Наколькі нам вядома, зараз гэтай кнігі няма ў адкрытым доступе. Таму, тым у каго няма асобнікаў немагчыма праверыць наяўнасць свайго фота там. Тэарэтычна, у яе можа патрапіць любы, хто хадзіў на пратэсныя акцыі. Мы можам толькі папрасіць людзей, у якіх ёсць асобнікі, звязацца з людзьмі на фота і папярэдзіць пра магчымыя наступствы.

(Рэд: Праваабарончы цэнтр «Вясна» 24 снежня апублікаваў PDF-версію выдання, каб любы чалавек мог праверыць, ці няма яго на фота, і ацаніць, ці не пагражае яму небяспека).

Спачатку быў скандал з уцечкай даных беларусаў, якія пісалі ў бот Чорнай кнігі Беларусі. Зараз ГУБАЗіК хваліцца, што мае даныя тых, хто пісаў у канал НЕХТА. Як тэхнічна магчыма завалодаць такой інфармацыяй. Якія ў вас парады да ўласнікаў і карыстальнікаў падобных каналаў?

Нядаўна карнікі заявілі аб тым, што ў іх ёсць даныя беларусаў, якія пісалі ў канал НЕХТА. Бо яны выпампавалі даныя, калі атрымалі доступ да канала праз акаўнт Рамана Пратасевіча ў ТГ. Але па-першае, канал ГУБАЗіКу – гэта непраўдзівае СМІ! Таму не варта ставіцца да ўсяго, што там пішуць, як да безумоўнай праўды. Найперш, гэта інструмент запалохвання і ціску на людзей з боку рэжыму. Заўсёды трэба пра гэта памятаваць. Рамана затрымалі ў траўні 2021 года, а інфармацыю аб даных чамусьці публікуюць толькі зараз.

Гэта можна патлумачыць тым, што стаў сціхаць скандал з ЧКБ. І зараз зноў спрабуюць запалохаць людзей, каб тыя выдаляліся з ТГ, каб увогуле перасталі цікавіцца палітыкай. У нас НЯМА рэальных доказаў таго, што ГУБАЗіК размяшчае даныя з боту НЕХТА.

Магчыма, што зараз затрымліваюць людзей нібыта на падставе таго, што яны пісалі ў НЕХТА. Па- другое, нават, калі такія даныя ў іх ёсць, то гэта толькі ID і нікі людзей, якія туды пісалі. Калі вы самі не пісалі туды свае асабістыя даныя ці фота, то іх там і не будзе. Падкрэслім, што ID і нікі ў ТГ не з’яўляюцца закрытай інфармацыяй. ГУБАЗіК у любы момант можа даведацца пра іх з любых адкрытых пратэсных каналаў і чатаў у ТГ.

У некаторых выпадках па ID можна даведацца пра асобу чалавека. Напрыклад, праз спецыяльныя боты. Але такія боты знаходзяць і захоўваюць інфармацыю аб карыстальнікаў з адкрытых крыніц. Яны знойдуць вашае імя ці прозвішча толькі ў тым выпадку, калі вы самі некалі на сайтах ці ў чатах іх раскрывалі. Ці недзе ўзнікала ваша імя ў звязку з акаўнтам у ТГ.

Каб вас не здэанонілі праз ТГ трэба выдаліць стары акаўнт, якіі карысталіся да і падчас 2020 году. Завядзіце новы акаўнт на замежны нумар і выкарыстоўвайце яго толькі для пратэснай дзейнасці. Усталюйце там партызанскі тэлеграм і наладзьце ў ім магчымасць хаваць гэты пратэсны акаўнт праз увод фэйкавага код-паролю. Партызанскі ТГ можна спампаваць у П-телеграм и кибербезопасность.На беларускі нумар лепш за ўсё зарэгістраваць ТГ для размовы выключна на не пратэсныя тэмы.

Калі вы з’яўляецеся ўладальнікам бота, у які пішуць людзі з Беларусі, то дзеля максімальнай бяспекі, у першую чаргу вы павінны знаходзіцца па-за межамі Беларусі. Варта забыць пра вяртанне ў Беларусь ці Расію да нашай перамогі. Апроч таго, у боце вы павінны стасавацца праз акаўнт, які ніхто акрамя вас не ведае. Гэта павінны быць спецыяльны акаўнт для бота, са складаным паролям і двухфактарнай аўтэнтыфікацыяй, каб яго не маглі ўзламаць і атрымаць доступ да інфармацыі з бота.

Актуальныя парады для беларусаў, якія знаходзяцца ўнутры краіны

  • Стварыць асобны пратэсны акаўнт у ТГ, зарэгістраваны на замежны нумар.
  • Усталяваць партызанскі тэлеграм, які пры ўводзе фэйкавага пароля, хаваецца.
  • Пратэсны тэлеграм і звычайны для зносін не павінны перасякацца па чатах, кантактах, каналах.
  • Рэгулярна чысціць перапіску  на палітычныя тэмы.
  • Па ўсіх спасылках пераходзіць толькі з уключаным VPN.
  • Па спасылках ад незнаёмых людзей і на падазроныя рэсурсы ўвогуле не пераходзіць.
  • Заўсёды правярайць арыгінальнасць бота, у якім пішыце.
  • Калі вы праводзіце нейкую партызанскую дзейнасць, пра яе не павінен ведаць ніхто апроч людзей з ваша партызанскага кола.
  • Ніколі не перадавайце асабістую інфармацыю пра сябе незнаёмым людзям.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.