Loading

Гісторыя з беларускага прапагандысцкага фільму, у якім сцвярджалася што сябра Каардынацыйнай Рады Вольга Кавалькова гатовая ўзначаліць беларускую апазіцыю за расійскія грошы і потым аддаць расійцам беларускія НПЗ, знайшла свой працяг у беларускай дыяспары ў Варшаве. У мінулую нядзелю падчас штотыднёвай нядзельнай акцыі беларусаў Варшавы шэраг актывістаў выступілі з петыцыяй аб спыненні дзейнасці Вольгі Кавальковай і Віталя Рымашэўскага ў складзе Каардынацыйнай рады. Актывісты таксама патрабуюць правесці расследаванне іх дзейнасці. Прычынай сталі прапагандысцкія матэрыялы, у якіх дзеячоў беларускай апазіцыі абвінавачваюць у нібыта сувязях с Расіяй.

Адна з арганізатараў нядзельнай акцыі, актывістка суполкі беларусаў Варшавы, спадарыня Кацярына кажа, што на яе думку тыя матэрыялы, якія былі паказаны ў прапагандысцкім фільме, сведчаць аб пэўных парушэннях з боку спадарыні Кавальковай.

«Людзі вельмі ўзрушаныя, што нічога не адбываецца і што нават пасля такога фільма няма адпаведнай рэакцыі. Таму людзі склалі петыцыю і прынеслі яе на акцыю. Магу сказаць асабістыя ўражанні, што сапраўды там дастаткова адкрыта парушаныя некаторыя рэчы. То бок нягледзячы на тое, што гэта прапагандысцкі фільм, тое, што адказвае Вольга Кавалькова, там відавочныя некаторыя не вельмі добрыя моманты з яе боку. Ёсць пытанні ў дачыненні да ўдзельнікаў гэтага фільму, Вольгі Кавальковай у тым ліку, гэта дакладна».

Па словах актывістаў, аб рэакцыі з боку Каардынацыйнай Рады на гэтую петыцыю пакуль нічога невядома.

Сітуацыю радыё Ўнэт папрасіла пракаментаваць і саму Вольгу Кавалькову. На яе думку гэта ўсё адбываецца таму, што дэмакратычнае грамадства не можа перамагчы Лукашэнку і пачынае барацьбу з прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасці. Спадарыня Кавалькова адзначае, што слуханні па гэтым пытанні ў КР былі і ў прадстаўнікоў Рады пытанняў да яе няма.

«Я не бачыла самога звароту, але адзін з людзей, хто быў на гэтай акцыі, ён мне распавядаў, што такая тэма ёсць. Ну, канешне мне сумна, што гэта выходзіць на такі ўзровень, што ёсць час гэтым займацца, але людзі маюць на гэта, напэўна, сваё права. Мне падаецца, я разумею, чаму гэта адбываецца. Таму, што ёсць адчуванне, што Лукашэнку перамагчы зараз не можам, таму пазмагаемся са сваімі ўнутры. Таму ў мяне такое адчуванне гэтага працэсу».

Вольга Кавалькова таксама адзначае, што на ўсе пытанні па гэтай тэме яна ўжо адказала.

«У Каардынацыйнай радзе ў нас так сама была сустрэча, на якой я адказвала на пытанні. У мяне ёсць такое адчуванне, што якія б адказы гэтыя людзі (актывісты) не атрымалі, іх яны не задаволяць».

Comments are closed.