Loading

Музычная культура нашых продкаў багатая і ўнікальная. Беларусы заўсёды былі вельмі музычным народам і гралі на самых розных інструментах. Якіх? Расказваем у нашым топ-5.

1. Дуда

Для нашых продкаў яна мела сакральнае значэнне і выкарыстоўвалася ў абрадах, звязаных з асноўнымі момантамі жыцця чалавека. Дарэчы, ні ў адной традыцыі свету дуда так не міфалагізаваная, як у Беларусі. Чалавекам, які валодае магічным здольнасцямі, называлі і дудара. Людзі верылі, што ён і яго музыка могуць змяніць свет. 

Традыцыя дударства мела на Беларусі няпросты лёс, была перарваная на даволі працяглы час. Напрыканцы XX стагоддзя адраджэннем дуды пачалі займацца Уладзімір Пузыня, Тодар Кашкурэвіч, Уладзімір Гром, Алесь Лось і многія іншыя творцы, дзякуючы якім дуда вярнулася ў мастацкую практыку.

Крыніца: planetabelarus.ru

2. Колавая ліра

Яшчэ ў XIX стагоддзі старцаў-лірнікаў можна было сустрэць па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Колавая ліра была традыцыйна звязаная з побытам жабракоў. Часцей за ўсё на ёй гралі так званыя дзяды або старцы, часта сляпыя або з якім-небудзь іншым фізічным недахопам. Яны хадзілі па адным або групамі, спявалі пад ліру святыя псалмы, канты, духоўныя вершы. Былі ў рэпертуары і гістарычныя ды павучальныя бытавыя песні кшталту  «Прытчы пра блуднага сына». Пры нагодзе выконвалі лірнікі і танцавальныя мелодыі ды гарэзлівыя прыпеўкі. І спевы гэтыя заўсёды пакідалі ў слухачоў вялікія ўражанні.

Крыніца: staryolsa.com

3. Скрыпка

Так, гэта таксама беларускі народны інструмент. Гісторыя скрыпкі на беларускіх землях налічвае мінімум 5 стагоддзяў! Скрыпка гучала на Калядах падчас абыходу двароў, пачэснае месца скрыпач займаў у кампаніі валачобнікаў, на Купалле і Дажынкі музыку запрашалі таксама. Да скрыпача ставіліся заўсёды з вялікай павагай. Напрыклад, на вяселлі яго адорвалі ручніком, караваем і нават гралі скрыпачу марш!

Крыніца: histmuseum.by

4. Цымбалы

Інструмент згадваецца яшчэ ў «Малой падарожнай кнізе» Францыска Скарыны! Цымбалы – гэта перш за ўсё вяселлі, вечарынкі, танцавальная музыка і маршы. Адпаведны і рэпертуар народных музыкаў – бяседныя песні, танцы.

На цымбалах часцей за ўсё, канешне, гралі ў ансамблях, разам са скрыпкай, гармонікам, бубнам ці нават кларнетам.

5. Гармонік

На Беларусі гэты інструмент пачаў шырока распаўсюджвацца ад 1860-х гадоў. З Германіі на нашыя землі прыйшла «венка», з Польшчы – «педалёўка», з Расіі – «петраградка» і «хромка», таксама былі «італьянкі».

У мінулым стагоддзі гармонік быў першым і самым папулярным на вёсцы музычным інструментам. Яго можна было пачуць на ўсіх народных святах. Гралі беларусы на гармоніках як фабрычнай, так і кустарнай вытворчасці, а ў вёсках былі свае гармонныя майстры.

Крыніца: volny-archiu.by

Comments are closed.