Loading

7 ліпеня нарадзіўся Янка Купала. Для беларусаў гэта класік нумар адзін – пясняр, прарок і першы народны паэт. «Так, як пачаў пісаць Янка Купала, да яго не пісаў ніхто», – звычайна кажуць пра аўтара, спадчына якога засталася не толькі на кніжных старонках, але і ўвасобілася ў музычных творах. 

1. Спадчына

«Ад прадзедаў спакон вякоў…». Гэтыя радкі знаёмыя з дзяцінства кожнаму беларусу. Музыку да верша напісаў Ігар Лучанок, а песняроўскае выкананне зрабіла песню культавай.

Кампазітар успамінаў, што калі ён напісаў свой хіт, у доме з ім жыў Іван Мележ. Сустрэўшыся аднойчы ў пад’ездзе, пісьменнік сказаў Лучанку: «Калі б ты напісаў толькі адну «Спадчыну», то ўжо ўвайшоў бы ў гісторыю». 

2. Малітва

Ёсць песні, у якіх людзі памятаюць пару куплетаў, прыпеў, часам толькі ўступ, а «Малітву» ведаюць ад пачатку да канца. Музыку да верша напісаў кампазітар Алег Молчан, а знакамітай кампазіцыя стала ў выкананні Уладзіміра Мулявіна. Публіка прыняла песню адразу: на прэм’еры, якая адбылася 24 ліпеня 1994 года на «Славянскім базары».

3. Над калыскай

На помніку Бянігны Луцэвіч выбіты радок з верша яе сына: «Навучыўся я слоў беларускіх ад маці…». Кажуць, што Купала быў вельмі падобны да сваёй маці – і знешне, і характарам. Гэта была прыгожая сціплая жанчына, якая ведала мноства казак, легенд і, канешне, спявала свайму сыну калыханкі. А потым хлопчык вырасце і напіша свае. 

– Люлі, люлі, мой маленькі!

Спі і сні вясёлкі-гулі,

Як жа вырасцеш вялікім, –

Не забудзься ты матулі.

У 2019 годзе мінскі музыкант, колішні ўдзельнік «Песняроў» Аляксандр Віслаўскі напісаў вялікую праграму на вершы Янкі Купалы. Яна называлася «Тутэйшы». Сярод 8 песень ёсць і пранікнёная «Над калыскай».

4. Рок-опера «Песня пра долю»

Уладзімір Мулявін напісаў яе паводле «Адвечнай песні». За свой наватарскі праект мусіў пазмагацца: чыноўнікі ад культуры палічылі, што твор занадта цяжкі. Але рок-опера адразу займела поспех! Паказы з філармоніі перанеслі ў Палац спорту, а канцэрты даваліся па два разы на дзень на працягу дзесяці дзён. Гледачы сядзелі на прыступках, стаялі ў праходах.

Гэта неверагодна, але ад «Песні пра долю» захаваўся толькі адзін аматарскі запіс. Ён і стаў той самай дакументальнай крыніцай для рэканструкцыі оперы, якую ў 2012 годзе аднавіў Аляксандр Крамко. Амаль праз 30 гадоў твор вярнуўся на сцэну і прагучаў у выкананні Нацыянальнага народнага аркестра імя Жыновіча і яго салістаў.

5. Марыся

Уладзімір Мулявін нярэдка казаў у інтэрв’ю, што Янка Купала стаў ягоным любімым аўтарам. На купалаўскія вершы «Песнярамі» было створана нямала хітоў. Яшчэ адзін маленькі шэдэўр – кранальная «Марыся», музыку да якой напісаў Ігар Палівода. Празрыстая аранжыроўка, той самы песняроўскі мелас і непаўторнае шматгалоссе.

Comments are closed.