Эксперты Цэнтра права і дэмакратыі «Justice Hub» падрыхтавалі першы падрабязны юрыдычны аналіз сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека, учыненых Лукашэнкам і беларускімі ўладамі ў перыяд з траўня 2020 па травень 2023 года. Пра тое, што месціць у сабе гэты даклад радыё Ўнэт распавяла спецыялістка ў камунікацыях Цэнтра права і дэмакратыі «Justice Hub» Ксенія Тарасевіч.
— Эксперты нашага Цэнтру права і дэмакратыі «Justice Hub» Марыкэ Дэ Хун, Андрэй Васільеў і Марыя Калёсава-Гудзіліна, атрымалася такая даволі міжнародная кампанія, таму што спадарыня Марыке з Нідэрландаў, зрабілі вельмі грунтоўны юрыдычны аналіз парушэнняў правоў чалавека, якія былі здзейсненыя Лукашэнкам і беларускімі ўладамі ў перыяд з траўня 2020 года па травень 2023 года.
Гэта такі грунтоўны дакумент, які перадусім спрабуе падыйсці з такога больш навуковага пункту гледжання да беларускай сітуацыі, да беларускіх рэпрэсій і даказвае тое, што адпаведна з міжнароднымі стандартамі ў Беларусі сапраўды адбываліся масавыя і шырока распаўсюджаныя злачынствы супраць чалавецтва. І таксама спрабуе прааналізаваць, якія цяпер у сусветнай практыцы існуюць інструменты, якія дазваляюць беларусам аднавіць справядлівасць.
— Хто з’яўляецца мэтавай групай даследавання?
— Наша даследаванне разлічана перадусім для міжнародных арганізацыяў, як, напрыклад, ААН. Таксама мы плануем яго накіраваць палітыкам, прадстаўнікам следчых органаў, перадусім Літвы, таму што наша арганізацыя зарэгістраваная ў Літве, і нашым партнёрам з праваабарончых арганізацыяў. Каб яны здолелі, сыходзячы з гэтай інфармацыі, падрыхтаванай нашымі экспертамі, распрацаваць больш эфектыўныя захады. А ў выпадку з пракуратурай, каб яны лепей арыентаваліся ў сітуацыі і лепей разумелі, якім чынам можна працаваць з беларускім справамі, напрыклад, у межах універсальнай юрысдыкцыі.
А што датычыць палітыкаў, то наша мэта палягае ў тым, каб даць больш поўнае разуменне таму ж літоўскаму Міністэрству замежных спраў якога кшталту палітыку лепей за ўсё выбудоўваць у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.
То бок, гэты даклад, усё-такі, не для шырокай публікі, але, канешне, нам будзе вельмі прыемна, калі любы беларус прачытае гэты дакумент. Яго можна знайсці ў нас на сайце.
— У чым асноўны змест дакумента?
— Мы спрабавалі даць нейкі бэкграўнд таго, што адбывалася ў Беларусі. То бок, якім чынам парушаліся правы чалавека яшчэ да выбарчай кампаніі 2020 года, якія практыкі ўжо выкарыстоўваліся рэжымам Лукашэнкі ад моманту, як ён прыйшоў да ўлады, да 2020 года. Таксама мы спрабавалі на падставе даных, якія знаходзяцца ў адкрытым доступе, і якія былі сабраныя і нашымі экспертамі ў нашых папярэдніх справаздачах, і даных, які збіралі нашыя калегі па праваабарончым сектары, прааналізаваць, якія канкрэтна злачынствы здзяйсняў рэжым.
Нашы эксперты вылучаюць, што дакладна былі пераследаванні на падставе палітычных поглядаў. Таксама былі зафіксаваныя выпадкі сэксуалізаванага гвалту, вельмі шмат катаванняў, нават забойствы, людзей змушалі да эміграцыі, да дэпартацыі. Усім гэтым дзеянням даецца ацэнка менавіта з пункту гледжання міжнароднага крымінальнага права, наколькі яны трапляюць пад міжнародныя стандарты злачынстваў супраць чалавечнасці.
Таксама ў нашай справазадачы ёсць асобны раздзел, які прысвечаны сітуацыі з мігрантамі на мяжы з Літвой і Беларуссю, таксама з Латвіяй, але ў меншым аб’ёме. І наша справаздача адметная тым, што звычайна ў еўрапейскім наратыве распаўсюджана такая думка, што гэта менавіта атака Беларусі, у сэнсе рэжыму Лукашэнкі, на ўрады Польшчы, Літвы. А нашы эксперты паспрабавалі прааналізаваць, якім чынам беларускі рэжым выкарыстоўвае гэтых людзей. І гэта даволі незвычайная оптыка для такога дыскурсу.
Ну і, канешне, вялікая роля, напэўна, самая важная частка, дазволю сабе нават так гучна сказаць, гэта магчымасці для аднаўлення справядлівасці для беларусаў. То бок, разглядаецца, наколькі магчыма, што будуць заведзеныя нейкія справы ў Міжнародным крымінальным судзе, якія ў цяперашнім беларускім заканадаўстве ёсць магчымасці для пакарання адказных за рэпрэсіі, за катаванні, за забойствы людзей, за незаконныя затрыманні. Таксама, наколькі ёсць магчымасці для аднаўлення справядлівасці з дапамогай інструмента ўніверсальнай юрысдыкцыі. І таксама спрабуем прааналізаваць, ці магчыма, што па справе Беларусі з’явіцца спецыяльны трыбунал.
Цалкам размову з Ксеніяй Тарасевіч слухайце ў плэеры ніжэй:
Comments are closed.