Loading

«ГУБАЗіКу прыйдзецца паднапружыцца: на марафон данацілі з 86 краін свету» – так коратка прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднага пераходнага кабінета Вольга Гарбунова пракаментавала і вынікі марафону «Нам не ўсё адно!» і ўзбуджаную супраць яго арганізатараў і ўдзельнікаў крымінальную справу. Марафон праходзіў 29 ліпеня, падчас яго ўдалося сабраць больш за паўмільёны еўра. Палова з гэтых сродкаў ужо накіравана ў фонды-партнёры і палітвязні пачалі атрымліваць выплаты. У чацвер арганізатары марафону правялі першую публічную справаздачу, як і куды выдзяляюцца сабраныя сродкі.

Колькі насамрэч сабралі і хто данаціў

Нягледзячы на тое, што па выніках марафону ў нас на экранах высвечалася лічба 574 617 еўра, пасля выплаты ўсіх камісій канчатковая сума сабраных сродкаў – 545 740 еўра і каля 12 тысяч у крыптавалюце.

Калі браць геаграфію марафона, то данаты паступілі з 86 краін. Краіны-лідары па колькасці ахвяраванняў: Польшча (6383), Літва (1463), ЗША (1333), Германія (1008).

Топ-5 краін па суме ахвяраванняў: Польша (200 563 еўра), ЗША (89 740 еўра), Літва (55 130 еўра), Германія (39 131 еўра), Велікабрытанія (25 790 еўра). Дарэчы з Вялікабрытаніі паступіў і самы вялікі аднаразовы данат–10 тысяч еўра.

З пункту гледжання бяспекі арганізатары не агучваюць усе краіны, з якіх былі грашовыя пераводы, паколькі ў некаторых з іх таксама недэмакратычныя рэжымы і іх улады могуць пераследаваць актывістаў і перадаваць інфармацыю беларускім сілавікам.

Колькі людзей ужо атрымалі дапамогу

На сёння ў фонды-партнёры марафона пералічана 218 900 еўра. Грошы атрымалі:

1. Беларуская Рада культуры 9 500 еўра
2. Анархічны чорны крыж – Беларусь 13 500 еўра
3. Фонд дапамогі беларусам у Літве «Razam» 13 500 эўра
4. Дабрачынная арганізацыя Littouwin LIONS CLUB 13 500 еўра
5. Праваабарончая ініцыятыва дапамогі палітвязням Dissidentby 14 000 еўра
6. Дабрачынны фонд «Краіна для жыцця» 18 000 еўра
7. Ініцыятыва BY_help 36 900 еўра
8. Фонд Беларускай салідарнасці BYSOL 100 000 еўра

Па стане на 4 кастрычніка дапамогу атрымалі 45 палітычных вязняў і 130 сем’яў. На гэтыя мэты патрачана 93 707 еўра.

Калі будуць завершаны ўсе выплаты

Першапачаткова планавалася, што сродкі ад марафону будуць размеркаваны на працягу трох месяцаў, але арганізатары сутыкнуліся з юрыдычнымі і адміністрацыйнымі нюансамі, якія працэс запаволілі. На некаторы час быў нават заблакаваны рахунак, бо банк павінен быў пераканацца, што сродкі не адмываюцца. Акрамя таго, для перадачы вялікіх сум трэба заключаць дадатковыя натарыяльныя дамовы, перакладаць іх на розныя мовы, бо фонды зарэгістраваны ў розных краінах, і ўсё гэта таксама зацягвае час.
Як прызналася Вольга Гарбунова, яе мара – завяршыць усе выплаты да канца года. Тады можна казаць пра новы марафона, але падрыхтоўка да яго ўжо пачалася і нават створаны аргкамітэт з удзелам народных амбасадаў і дыяспар.

Што з крымінальнай справай

Навіна апошніх дзён, звязаная з марафонам – гэта ўзбуджэнне ў Беларусі крымінальнай справы супраць яго арганізатараў і ўдзельнікаў. Суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў відэакантэнт марафону экстрэмісцкімі матэрыяламі. Акрамя таго ўзбуджана крымінальная справа за фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, а гэта да 8 гадоў пазбаўлення волі. Падазраванымі з’яўляюцца каля 60 чалавек з ліку арганізатараў і ўдзельнікаў марафону.

«Яны хутчэй за ўсё перагледзелі трансляцыю і выпісалі ўсіх журналістаў, спікераў, гасцей. Гэтая лічба падобная да нашай лічбы ўдзельнікаў марафону, – тлумачыць Вольга Гарбунова. – Застаецца спадзявацца, што людзі, якія падтрымалі марафон, не плануюць паездак у Беларусь».

Што тычыцца тых, хто данаціў, то, як запэўніваюць арганізатары, усе плацяжы праходзілі праз міжнародную сістэму Stripe, яе выбралі менавіта з-за гарантый бяспекі. Арганізатары са свайго боку не збіралі ніякіх дадзеных людзей.

«Таму ўцечка немагчыма, – кажа Вольга Гарбунова, – але рэжым можа затрымліваць і запугіваць людзей, чалавека могуць любым спосабам прымусіць узвесці на сябе паклёп і «прызнацца», што ён заданаціў, каб напалохаць іншых. Мы хочам данесці людзям: калі будзе з’яўляцца такая інфармацыя, то гэта блеф, у сілавікоў няма і не можа быць ніякіх доказаў, хто менавіта данаціў у рамках марафону».

Comments are closed.