Loading

Вікіпедыя скажае многія гістарычныя і палітычныя факты. Таму яе варта закрыць. З такой прапановай выступіў кіраўнік Савету па правах чалавека пра прэзідэнце Расеі Валер Фадзееў. А расейскі міністр лічбавага развіцця Максут Шадаеў заявіў, што яго ведамства ўжо працуе над стварэннем айчыннага рэсурсу, які стане альтэрнатывай самай вядомай у свеце онлайн-энцыклапедыі.

Пра тое, чаму расейская прапаганда так баіцца вольнай энцыклапедыі, як гэтая платформа ўплывае на сваіх чытачоў, ці варта верыць усяму, што пішуць у Вікіпедыі і ці патрэбная новай Беларусі вікіфікацыя, паразмаўляем з рэдактарам Вікіпедыі Міхаілам Волчакам.

Сцісла ў размове:

  • Што ў Расеі, што ў Беларусі альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі, мякка кажучы, не вітаюцца. Аўтарытарныя ўлады ўсцяж лічаць праекты цэнтралізаванай падачы ведаў прадуктыўнымі, але ў сучасным свеце такі падыход сябе вычарпаў.
  • Вікіпедыя – гэта не нейтральная тэхналогія, яна базуецца на канкрэтных каштоўнасцях: адкрытасці, уключанасці, даступнасці і празрыстасці. Гэтыя каштоўнасці не разумее і не падзяляе цяперашняя беларуская ўлада, таму яна ў пэўнай ступені і баіцца Вікіпедыю.
  • Вікіпедыя – гэта электронная бібліятэка, якая напаўняецца вікі-супольнасцю дэцэнтралізавана. Тое, што на розных мовах зроблены акцэнт на розныя асаблівасці, акалічнасці абсалютна натуральная з’ява, паколькі кожная культура глядзіць на гістарычныя, палітычныя, культурныя падзеі са сваёй вышыні.
  • Актыўных беларускіх карыстальнікаў, якія штодзень дадаюць нейкую інфармацыю ў Вікіпедыю, каля 300 чалавек. Ёсць аўтары, якія прачынаюцца раніцай і пішуць да позняга вечара. Прычым у іх ёсць дзеці. Незразумела адкуль гэтыя людзі бяруць сілы.
  • Вікі-супольнасць можа абіраць і здымаць адміністратараў праз галасаванне – усё адбываецца максімальна празрыста. Вікі-тэхналогіі дазваляюць пабудаваць т. зв. падыход цякучасці, які спалучаецца з дзеякратыяй, а разам яны ствараюць, магчыма, новую форму дэмакратыі. У гэтай форме сітуатыўны лідар задае напрамак, а іншыя ўдзельнікі шукаюць па ім кансэнсус.

Comments are closed.