Loading

Незадоўга да новага года, 18 снежня мінулага года, беларускую тэатральную супольнасць узрушыла сумная навіна – з-за няшчаснага выпадку загінуў вядомы беларускі тэатральны крытык, рэжысёр, мастацтвазнаўца Аляксей Стрэльнікаў. Праз 40 дзён пасля яго трагічнай смерці ў Варшаве ў музеі Вольнай Беларусі адбыўся вечар памяці, прысвечаны Аляксею.

Пра трагічную смерць Аляксея Стрэльнікава 18 снежня паведаміў кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін. Пазней гэтую страшную навіну пацвердзіла і жонка Аляксея: праваліўся пад лёд, з вады выбраўся, але выратавацца не здолеў, дапамога прыбыла калі было ўжо позна.

Смерць Аляксея Стрэльнікава стала вялікай стратай не толькі для беларускага тэатра, але і для беларускай культуры ў цэлым. Калегі па цэху кажуць пра яго толькі самыя добрыя словы. Некаторыя нават называюць яго ледзь ці не правадыром беларускіх незалежных тэатраў.

На 40 дзён са смерці Аляксея Стрэльнікава яго сябар, і калега па тэатральнай дзейнасці, драматург, сцэнарыст, акцёр Васіль Дранько-Майсюк выступіў з ініцыятывай правесці вечар памяці выбітнага беларуса. Мерапрыемства прайшло ў Музеі Вольнай Беларусі. Падчас мерапрыемства зачытваліся вершы розных паэтаў, а таксама прысутныя дзяліліся ўспамінамі пра рэжысёра.

Васіль Дранько-Майсюк:

«Аляксей Стрэльнікаў гэта адна з самых важных фігур у беларускім тэатры ў 2010-2020 гады. Ён быў арганізатарам тэатральнага працэса, ён падтрымліваў маладых, ён ладзіў чыткі. Быў рэжысёрам, педагогам, журналістам, пісьменнікам, выкладчыкам літаратуры. Гэта быў унікальны чалавек які дапамагаў іншым і натхняў іншых».

Алена Баярава, былая акторка тэатра беларускай драматургіі, якая шмат працавала разам з Аляксеем Стрэльнікавым, адзначае, што гэта быў прадстаўнік менавіта новай хвалі беларускага тэатра, які зрабіў вельмі шмат для пашырэнне сучаснай драматургіі.

«Яму падабалася ўсё новае, і ў драматургіі, і ў тэатры. Ён цаніў усё новае. І Сашы Марчанкі спектаклі, і Карняка, Дзівакова… На жаль, дзяржаўныя тэатры яны зараз у нас усе мёртвыя. Рэжысёраў лепшых звольнілі, акцёраў звольнілі, тыя, хто засталіся, яны заціхлі. А яму вельмі балела. Яму хацелася каб тэатр жыў».

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжёй.

Comments are closed.