Loading

«Першапачаткова я планаваў назваць гэтую частку «Дзённік Валадарскага сядзельца». Але яшчэ раз перачытаўшы ўсе запісы, стала відавочна, што гэтая кніга не пра мяне, а пра сістэму знішчэння беларускага народу, якую пабудаваў Лукашэнка з бандай яго сілавікоў. Рэжым РФ, на жаль, дзейнічае аналагічна. На маіх вачах павольна завядалі тысячы людзей, найперш тыя, хто выступаў супраць дыктатуры. Яны пацярпелі, але не зламаныя. Яны – Героі».

Так пачынаецца кніга «Нараджэння герояў» Уладзіміра Патокава, былога вязня менскай «Валадаркі». Расеец правёў за кратамі ў Беларусі два гады і вырашыў захаваць свае ўспаміны ў выглядзе кнігі. У ёй Уладзімір распавядае пра катаванні, страшэнныя ўмовы ўтрымання, а таксама пра здзекі з палітзняволеных адміністрацыі ізалятару.

У засценках СІЗА мужчына пазнаёміўся з палітвязнямі Сцяпанам Латыпавым, Уладзімірам Цыгановічам і дзясяткам іншых палітычных зняволеных.

Пра тое, як знутры выглядае, бадай, самая вядомая турма ў Беларусі і як у ёй жывуць тыя, хто ў 2020-м вырашыў даць адпор беларускаму рэжыму, у эфіры радыё Ўнэт распавёў былы вязень СІЗА № 1 Уладзімір Патокаў.

Сцісла ў размове:

  • Я быў узрушаны тымі злачынствамі, якія адбываюцца ў засценках СІЗА № 1, тым, як адміністрацыя здзекуецца са зняволеных. У нейкі момант узнікла думка, што я не выйду адтуль жывым. Гэта сапраўднае пекла. Таму я вырашыў, што калі ўсё ж выберуся, то абавязкова распавяду пра тое, што там адбываецца, бо нават расейскім турмам далёка да беларускай «Валадаркі».
  • Камера ў СІЗА – гэта бетонная каробка на 18 метраў, у якой знаходзіцца 15-16 чалавек. Там няма дзённага святла, толькі маленькія цьмяныя ліхтарыкі (з-за якіх вельмі хутка губляецца зрок), у камеры пастаянна нехта паліць. Прасторы настолькі мала, што людзі рухаюцца як у гульні тэтрыс.
  • На Валадарскага зняволеных пастаянна катуюць холадам альбо вільгаццю. У камерах увесь час нізкая тэмпература і дзікі скразняк. А ў карцары (маленькі пакой 2 метра на паўтара) яшчэ і надзвычайна вільготна. Замест падлогі там голы бетон ці нават асфальт. Адтуль людзі вяртаюцца ў жудасным стане. Некаторыя вязні выходзяць з карцару хворыя на туберкулёз.
  • Калі знаходзішся ў «адзіночцы» мозг адчувае страшэнны стрэс. У некаторых людзей пачынаюцца галюцынацыі. Я асабіста бачыў дваіх людзей, якія траплялі на «Валадарку» абсалютна нармальнымі, а праз некалькі месяцаў карцару яны пачыналі чуць галасы.
  • Усе «палітычныя» стаяць на прафілактычным уліку. Адпаведна, яны не могуць пакупаць прадукты ў мясцовай краме, а ежа ў СІЗА жудасная, пастаянна не хапае вітамінаў.
  • А яшчэ адміністрацыя «Валадаркі» любіць катаваць зняволеных дынамікамі. Калі мы засыналі, то чулі дзіцячыя галасы: «тата, я цябе люблю, маці, я цябе люблю, вяртайся дадому» і мы сапраўды думалі, што недзе стаіць дзяцёнак плача і кліча тату і маці. А пасля апынулася, што такім чынам адміністрацыя маральна цісне на вязняў.
  • У іншай камеры па рэпрадуктары пастаянна круцілі гучны рок, такі хэві-метал. У многіх песнях гучала слова «пекла». І гэты дынамік выключалі не ў 22:00 падчас адбою, а ў 00:00 і ўключалі не ў 6 раніцы, а ў 5:10.

Поўную размову з Уладзімірам Патокавым слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.