Loading

Дабрачынны фонд «Вільна Білорусь», які ад пачатку паўнамаштабнай расійска-ўкраінскай вайны працуе ва Украіне, ажыццявіў шмат праектаў, скіраваных на дапамогу не толькі беларусам, што сутыкнуліся з праблемамі ва Украіне, але і  беларусам, якія ратуюць добрае імя нашага народу ў гэтай вайне – ваярам розных падраздзяленняў Узброеных Сіл Украіны. Але зараз дабрачынны фонд паставіў перад сабой новыя мэты, якія патрабуюць новых выдаткаў. І таму кіраўнік Дабрачыннага фонду «Вільна Білорусь» Аляксей Францкевіч звяртаецца да ўсіх беларусаў з просьбай аб дапамозе.

— Па-першае, я хацеў бы падзякаваць усім тым беларусам, якія ўвесь гэты час нам дапамагаюць. Гэта тыя валанцёры, дзякуючы якім мы робім усе свае справы за гэты час. Гэта і дапамога Узброеным Сілам Украіны, і дапамога беларусам, якія засталіся ва Украіне,  дапамога ўцекачам і часовым перасяленцам ва Украіне. 

У нас у камандзе сабралася шмат цікавых людзей, адмыслоўцаў. Але зараз настаў такі час, што мы хочам звярнуцца па дапамогу. Мы ў сваю каманду шукаем праектных мэнэджараў – адмыслоўцаў, якія ўмеюць знаходзіць грантавыя конкурсы, умеюць пісаць і падаваць гэтыя праекты. 

Гэта нам трэба для таго, каб ажыццявіць некалькі праектаў, якія мы запусцілі, але, на жаль, без фінансавай падтрымкі мы іх не зможам рэалізаваць. Таму, мы шукаем такіх спецыялістаў. Будзем вельмі рады ўсім, хто зацікавіцца гэтай прапановай, і захоча нам дапамагчы, каб мы, усё ж, зрабілі добрыя справы. Мы звяртаемся да людзей, якім і самім было б цікава папрацаваць у гэтым напрамку, і дапамагчы нам у пошуку фінансавання. 

І па-другое, магчыма, ёсць нейкія бізнэсы, людзі, якія хацелі б паўдзельнічаць у ажыццяўленні гэтых праектаў і маглі б нам дапамагаць фінансава. Пра якія праекты ідзе гаворка? Па-першае, гэта адкрыццё ў Бучы музея, які будзе прысвечаны памяці беларускіх герояў, якія аддалі свае жыцці ва Украіне ад пачатку расійска-ўкраінскай вайны ў 2014 годзе. Мэта музея – увекавечыць памяць пра ўсіх беларускіх герояў. Каб у будучыні з іх імёнам асацыявалася не толькі вольная і незалежная Украіна, але і вольная і незалежная Беларусь. 

Другі праект – гэта сайт «Трыбунал», у якім мы зараз збіраем інфармацыю пра ўсіх злачынцаў рэжыму Лукашэнкі, пра іх памагатых – усіх тых, хто ажыццяўляў і браў удзел у паўнамаштабным уварванні ва Украіну праз Беларусь. Каб усе гэтыя злачынцы, калі будзе даказаны склад злачынства, панеслі заслужанае пакаранне. І другое, навошта патрэбны гэты сайт, гэта для люстрацыі пры пабудове вольнай і незалежнай Беларусі. Каб усе тыя памагатыя, якія падтрымлівалі расійскую ваенную агрэсію ва Украіне, у свабоднай і незалежнаай Беларусі не змаглі займаць кіраўнічыя  пасады і прымаць нейкі ўдзел у палітыцы. Мы лічым, што сёння гэтыя справы вельмі патрэбныя. Але, на жаль, без фінансавання мы не зможам іх зрабіць. Таму звяртаемся па дапамогу. 

Comments are closed.