Loading

У Вільні прайшла прэзентацыя дакументальнага фільма Маргарыты Ляўчук «Кроў на траве». Стужка прысвечана афіцыйнаму сцягу Беларусі, гэта спроба пераасэнсаваць, у які момант ён стаў траўмай беларусаў.

Пра навуковую дзейнасць, творчыя планы і новую песню праекта «Красная зелень» радыё Ўнэт пагаварыла з Маргарытай Ляўчук.

— Я паступіла ў 2021 годзе ў ЕГУ на магістарскую праграму «Візуальная пластыка. Мне трэба было пісаць магістарскую праграму, я думала над тэмай і мяне натхнілі беларусы, якія пакідалі каментары пад відэа «Краснай зелені». Яны пісалі, каб не вы, то мы б тут проста патанулі ў гэтай «краснай зелені», якая паўсюль у Беларусі. І мне асабіста пісалі: «Маргарыта, немагчыма зараз знаходзіцца ў Беларусі, таму што чырвона-зяленае паўсюль, яно нас неяк гвалціць». І мне стала цікавая гэтая тэма, бо я сама пасля 2020 года выкарыстоўваю гэтае спалучэнне колераў, чырвонага і зяленага, толькі ў «Краснай зелені». У мяне вісяць спадніцы зялёныя, і я іх проста не нашу, гэта нейкі пратэст такі. Я пачала з нашымі беларусамі пра гэта размаўляць, і ва ўсіх, хто бег ад ад рэжыму ці хто застаецца ў краіне, у іх ёсць гэтая траўма. Таму я вырашыла пісаць пра гэта працу. Паколькі мая магістарская праграма называецца «Візуальная пластыка», мне трэба было напісанае візуальна пацвердзіць. І таму я вырашыла зняць дакументальны фільм.

— Гэтая назва — «Кроў на траве» — яна вельмі драматычная. Бо звычайна вы пра дзяржаўную сімволіку гаворыце ў іншым ключы.

— Так, але я не толькі магу гумарыць. Працоўная назва гэтага фільма была «Закат над балотам». Але пасля адна з палітзняволеных у нашым фільме расказала, што яе сын пра афіцыйны сцяг кажа — «кроў на траве». Вось у гэтай фразе проста ўвесь драматызм. І яшчэ: «Закат над балотам», можа замежнікі і не зразумеюць, што гэта такое. Толькі беларусы зразумеюць. А калі кажаш, што кроў на траве, гэта спалучэнне чырвонага і зялёнага, то становіцца больш зразумела пра падзеі 2020 года. Дзякуй Уладзіміру Цеслеру, ён зрабіў афішу. Адразу бачна, што драматызм у гэтых колерах такі, што аж дрыжыкі бяруць.

— А далей навуковую дзейнасць будзеце працягваць? Магістра ўжо атрымалі…

— Насамрэч у мяне вельмі шыкоўная магістарская праца атрымалася, таму што беларусы мне дапамаглі з інфармацыяй, дасылалі мне літаратуру, фотаздымкі, свае эмоцыі. У мяне столькі запісаў у тэлефоне! Усім дзякуй вялікі. Але гэта насамрэч так складана пісаць навуковую працу, таму што мяне ніхто не вучыў гэта рабіць. Я — оперная спявачка, і мы ніколі не пісалі ніякіх прац. Мая магістарская атрымалася вельмі грунтоўная, такая тоўстая, таму што там яшчэ фотаздымкі. І мне людзі кажуць, што гэта ўжо нейкая доктарская. Але пакуль я больш не хачу. Было вельмі шмат бяссонных начэй. Я зразумела, што спяваць, канешне, прасцей, чым пісаць навуковыя працы. Прашу сяброў: калі я яшчэ захачу калі-небудзь павучыцца, скажыце мне «Астанавіцесь!»

— А як збіралі каманду для працы над фільмам?

— Калі я зразумела, што хачу здымаць свой фільм, я пачала шукаць, хто ёсць у Вільні, з кім можна на гэты конт паразмаўляць. Мне ў галаву адразу прыйшоў Арцём Лобач (рэжысёр–рэд.). Мы з ім стэлефанаваліся і вырашылі пытанне. У мяне была ўмова, каб працавалі толькі беларусы, бо гэта наша ўнутраная справа, і толькі беларусы гэта зразумеюць.

— Але балота ў фільме не беларускае?

— Балота было не беларускае. На жаль. Бо калі б мы прыехалі на беларускае балота, то мы б гадоў на 15 з яго паехалі.

— А тая песня пра родзіну, што ў канцы фільма, гэта была яе прэм’ера?

— Так, гэта была прэм’ера новай песні (дуэта «Красная зелень» – рэд.). Ёй мы падкрэслілі ўсе, што хацелі сказаць.

— Маргарыта, асабістае пытанне: вы ўжо вылечылі свой голас? Спяваеце?

— Дзякуй, што хвалюецеся. Я зараз яшчэ п’ю таблеткі. Там яшчэ не ўсе добра: паліпы на галасавых звязках засталіся. Таму «Будзем посмотреть!», як кажа мая доктарка. Калі праз месяца два-тры нічога не будзе змяняцца, то трэба рабіць аперацыю. Але мы пакуль пра гэта не думаем.

Comments are closed.