Loading

Форум стаў сапраўдным кірмашом культуры ў цэнтры Варшавы, якая прыцягнула ўвагу сотняў чалавек, не толькі прадстаўнікоў дыяспары, але і замежнікаў.

Вядома, што ў кантэксце сітуацыі ў Беларусі, большасць стэндаў на гэтым кірмашы занялі палітычныя ініцыятывы самых розных поглядаў. Але ж, не толькі палітычную тэму зноў хацелі закрануць арганізатары форуму. Як адзначыў кіраўнік Беларускага моладзевага хаба, на пляцоўцы якога мерапрыемства і адбывалася, Алесь Лапко, зараз, нягледзячы на рэпрэсіі ў Беларусі і ўсе пагрозы для беларускай культуры, менавіта да яе цягнуцца беларусы, як маладыя, так і дарослыя. Па ягоных словах, асноўная мэта і менавіта гэтага форуму і ўвогуле ўсіх падобных мерапрыемстваў – даць беларусам не толькі захаваць, але і развіваць беларускую культуру перш за ўсё ў сабе і сваіх сем’ях.

«Я думаю, трэба паказваць яскравасць беларусаў і Беларусі, трэба падтрымліваць дух 2020 года, трэба падтрымліваць дух беларускасці гістарычнай. Беларусы павінны ганарыцца, што яны Беларусы. Нашай гісторыяй, нашай мовай, нашай культурай, нашымі песнямі. Каб яны таксама былі носьбітамі гэтай культуры. І менавіта праз заахвочванне культывавання беларускай культуры ў сям’і праз дзяцей, праз падлеткаў. Калі ў дзяцей ёсць запыт да бацькоў, яны так сама прыйдуць і да беларускай мовы і да беларускай культуры, да беларускай музыкі. Апошнія гады паказваюць, што беларусы шмат цікавяцца менавіта беларускім адраджэннем, беларускай новай культурай. Яны хочуць, каб іх дзеці прыходзілі да Беларусі нават, калі ў іх сем’ях не было раней такой традыцыі. І гэта таксама вельмі важна падтрымліваць дзяцей, моладзь, якая сёння шукае сябе вось у гэтым беларускім свеце, які не абмяжоўваецца беларускімі фізічнымі межамі».

Удзельнікаў форуму вітала кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская.

«Я лічу і ўсе аб гэтым кажуць, што беларусы гэта нацыя супольнасцяў. На працягу дзесяцігоддзяў нас спрабуюць падзяліць, нас спрабуюць пасварыць, але мы зноў і зноў збіраемся разам. Нас спрабавалі загнаць у падполле. Але потым мы зноў вярталіся на вуліцы… Я заклікаю вас любіць Беларусь у сабе. Гадуйце яе, узмацняйце. Бо любоў да Беларусі і да беларуса, якую мы носім у сабе, дазволіць нам прайсці гэты змрочны час, перамагчы зло і адбудаваць нашую краіну».

Адна з панэльных дыскусій на форуме была прысвечаная менавіта пытанню грамадзянскай супольнасці і недзяржаўных арганізацый. У ён прыняла ўдзел і прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету, Аліна Коўшык. Яна адзначае, што беларусы, насамрэч, ужо вельмі дасведчаныя ў пытаннях стварэння такіх супольнасцяў, бо калісьці на радзіме прыходзілася, фактычна, самаарганізоўвацца, каб самім вырашаць пытанні, якія дзяржава вырашыць была няздольная. Цяпер беларуская грамадзянская супольнасць фактычна знаходзіцца ў выгнанні, але нават такая сітуацыя можа быць карыснай. Аліна Коўшык адзначыла, што тут беларускія НДА могуць атрымаць сапраўдны еўрапейскі досвед, спалучыць яго са сваім беларускім досведам і ўжо ў новай якасці вяртаць сваю дзейнасць у новую, вольную Беларусь.

«Вельмі часта грамадзянскія ініцыятывы ці арганізацыі бралі на сябе функцыю дзяржавы. Асабліва ў розных дапаможных сферах, дзе дзяржава проста не працавала. Тады руку працягвалі грамадскі сектар, грамадскія арганізацыі. Гэты было вельмі адчувальна ў такіх асабліва балючых момантах і ў балючых сітуацыях, як, напрыклад, сітуацыя хатняга гвалту. Як быў шэлтар «Радзіслава», якім шмат гадоў кіравала Вольга Гарбунова, цяпер мая калега па кабінеце. Мы стваралі школы журналістаў, экасетку, арганізацыю «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Гэта ўсё рабілі НДА фактычна, недзяржаўныя арганізацыі. Мы стваралі не тое, што альтэрнатыўную дзяржаву, але мы напаўнялі краіну жыццём. Зараз гэта таксама адбываецца. Вельмі складана, канешне, гэта пераносіць на Беларусь, але я думаю, што досвед працы ў еўрапейскіх краінах для нашых арганізацый будзе таксама каштоўны».

Падрабязней пра форум грамадзянскіх ініцыятываў «Яднайся» слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.