Loading

Фінал Дэкламатарскага конкурсу да Міжнароднага дня роднай мовы пройдзе ў Беластоцкім тэатры лялек 20 лютага. За перамогу пазмагаюцца 26 канкурсантаў.  Сёлета фонд “Тутака”ладзіць конкурс разам з Цэнтрам беларускай культуры, які ад пачатку гэтага года існуе на Падляшшы. 

З-за вельмі якаснай падрыхтоўкі ўдзельнікаў журы складана было адабраць фіналістаў, і замест 25-ці ў фінал прапусцілі 26 чалавек, — расказала радыё Ўнэт адказная за конкурс Настасся Суханосік.

“Яшчэ ў нас у гэтым годзе трошкі змяніўся склад журы, дзе цяпер ёсць рэжысёр Андрэй Саўчанка і акторка Магдалена Таранта. Яны змагаліся за кожнага ўдзельніка, вельмі спадзяваліся, што можа і больш пройдзе, але вырашылі пакінуць на такой лічбе – 26. Насамрэч нам было вельмі складана. Прыйшлося неаднаразова даць магчымасць журы сабрацца разам і вызначыцца з фіналістамі. Там былі гарачыя спрэчкі.

Самая складаная ў мінулым годзе была катэгорыя ад пяці да 12 гадоў. І ў гэтым годзе мы гэтую катэгорыю падзялілі на дзве, каб не параўноўваць больш дарослых дзетак з зусім маленькімі, таму што маленькія заўсёды маюць такую харызму і немагчыма ім адмовіць ва ўдзеле ў фінале.  

З тых твораў, якія чыталі канкурсанты, якіх твораў было больш?

Бачу перад сабой спіс аўтараў твораў, і тут ад сучасных, да прыкладу Хадановіча, да класікаў — Коласа, Багдановіча. Настолькі разнастайны падбор матэрыяла, што вельмі ўражвае. І класна, што за сучаснымі аўтарамі беларусы сочаць і вучаць напамяць, каб потым дэкламаваць у падобных мерапрыемствах як наш дэкламатарскі конкурс. 

Былі творы толькі беларускіх аўтараў?

Былі толькі беларускіх аўтараў, але былі таксама творы, дзе менавіта самі ўдзельнікі з’яўляліся аўтарамі твораў. У гэтым годзе ў нас з’явілася новая катэгорыя “Мастацкае відэа”. Мы дадалі яе, каб маглі паўдзельнічаць тыя, хто хоча застацца ананімным. Яны пад нейкім псеўданімам, пад нейкай мянушкай выступаюць. І ёсць творы, якія самі ўдзельнікі напісалі. Ёсць з чаго выбраць і нават абраць пераможцу сімпатый гледачоў. Будзе ў нас асобны пераможца, дадатковы. Можна сачыць анлайн за конкурсам і выбіраць пераможцу”.

Comments are closed.