Фінал ужо трэцяга па ліку Дэкламатарскага конкурсу да Дня роднай мовы адбыўся 20 лютага ў Беластоцкім тэатры лялек. Mерапрыемства, арганізаванае фондам “Тутака” і Цэнтрам беларускай культуры, наведаў і асабіста павітаў Падляшскі ваявода Яцэк Бжазоўскі.
Адкрываючы фінал дэкламатарскага сапборніцтва, ваявода падкрэліў: „Падляшша саткана з вялікай колькасці культур. У гэтым абсалютны феномен нашага месца. Сёння Падляшша шматмоўнае, шматрэлігійнае, шматканфесіянальнае. І гэта прыгожа. Маёй марай ёсць, каб такім Падляшша і засталося, але ў жывым значэнні гэтага слова. Гэта значыць, што я не хачу, каб Падляшша стала Скансэнам, куды б хтосьці прыязджаў паглядзець гэтую шматкультурнасць, а каб гэтая шматкультурнасць была элементам сённяшняга дня”.
Сёлетні конкурс меў пяць намінацый. У першай ўзроставай ад 5 да 8 гадоў пераможцам стаў Стэфан Лісічонак, у другой – ад 9 да 12 – Клімент Латышонак, у трэцяй – ад 13 да 17 – Зоф’я Галубоўская, у чацвёртай – 18+ – Аксана Марка. У новай намінацыі, якая ўпершыню з’явілася сёлета – “Мастацкае відэа”, перамогу атрымаў Валер Руселік.
Дарэчы, пераможца ў першай намінацыі Стэфан Лісічонак больш за ўсё спадабаўся і гледачам, якія аддалі яму свае сімпатыі за верш аўтарства Андрэя Хадановіча “Рэжым”.
Варта адзначыць, што пакуль журы падводзіла вынікі, гледачы маглі паглядзець дыяфільмы, якія прывезлі ў Беласток удзельнікі праекту “Дыяфільм live”. У залі тэатра былі паказаны праілюстраваныя творы Надзеі Ясмінскай, Вольгі Гапеевай, Андрэя Хадановіча і Андрэя Скурко.
Такім чынам, актыўнасцяў на фінальным мерапрыемстве конкурсу хапала. Пэўна, яго было даволі цяжка арганізаваць? З гэтым пытаннем я звярнуўся да старшыні Праграмнай Рады фонду “Тутака” Змітра Косціна.
“Вельмі часта падаецца, што дэкламатарскі конкурс гэта толькі прачытаў сабе, прыехаў, паехаў. А мы ставілі сабе за задачу, каб таксама гэтую моладзь, дзяцей, якія больш актыўна прыймалі ўдзел, нейкім чынам зацікавіць, утрымаць, каб яны не проста прыехалі, адчыталі і паехалі, пазней даведаліся пра вынікі, а ўсё ж засталіся, правялі гэты дзень разам. Таму ёсць дыяфільмы і мы вельмі цешымся, што ўдалося далучыцца да Дня роднай мовы.
Напэўна, цяжка падрыхтавацца, напэўна, цяжкая праца была ў сябраў журы, бо некаторыя катэгорыі, асабліва дзве наймалодшыя былі, самыя шматлікія. І вельмі цяжка бычыць, як працуе журы, выбіраючы, каго прапусціць у фінал, каго не прапусціць. Для мяне ўсе пераможцы, хто прыняў удзел у гэтым конкурсе. І мне здаецца, што гэта класная нагода таксама, каб гучала беларускае слова да Дня роднай мовы”.
Comments are closed.