Loading

На мінулым тыдні ў Варшаве праходзіў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных палітвязням у Беларусі. У нядзелю была праведзеная панэльная дыскусія з удзелам, у тым ліку, і саміх былых палітвязняў. На ёй была агучана праблема падліку палітзняволеных. Падчас мерапрыемства было адзначана, што, фактычна, зараз у Беларусі статус палітвязня надаюць не праваабарончыя арганізацыі, а органы МУС РБ, у якіх тым ці іншым асуджаным і выдаюць тыя самыя жоўтыя адзнакі «палітычных». Пры гэтым, як адзначалі людзі, якія самі былі палітзняволенымі, далёка не ўсе гэтыя асуджаныя атрымліваюць статус «палітычных» ад праваабарончых арганізацый. Сярод прысутных быў і лідар руху салідарнасці «Разам», Вячаслаў Сіўчык. Ён таксама спрабаваў узняць пытанне прызнання зняволеных палітычнымі, але ж, як ён сам адзначае, падтрымкі яго прапанова не атрымала.

Вячаслаў Сіўчык

«Я спрабаваў, каб хаця б былі прызнаныя палітвязнямі тыя людзі, якія асуджаныя на хатнюю хімію. Асабліва ўлічваючы, што дастаткова вялікая колькасць гэтых людзей адсядзелі ў СІЗА і па шэрагу прычын не вызначаліся палітвязнямі. Але ж, на вялікі жаль, гэта не было падтрымана і ўсё засталося як раней. Хаця кардынальна ўсю карціну гэта бы не змяніла».

Па меркаванні спадара Вячаслава, асноўнай прычынай гэтага з’яўляецца моцная інфармацыйная кампанія з боку беларускіх і расійскіх спецслужбаў, якія альбо прыхоўваюць сапраўдную інфармацыю аб палітычных зняволеных, альбо ўвогуле спрабуюць выставіць некаторых затрыманых у выглядзе крымінальнікаў ці парушальнікаў іншых артыкулаў заканадаўства, не звязаных з палітыкай. Як адзначае Вячаслаў Сіўчыкпрайшоўшая дыскусія паказала, што пакуль прапаганда рэжыму ў гэтым пытанні перамагае.

«Яна, на вялікі жаль, паказала, што нягледзячы на ўсе нашыя высілкі ў дыяспары, пакуль тая сістэма, якая з 9 жніўня 2020 года праводзіць няспынны тэрор і палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў Беларусі яна дастаткова добра працуе інфармацыйна і мы ведаем толькі частку тых палітвязняў, якія сёння ў СІЗА, у турмах, на хіміі, у псіхіятрычных шпіталях. І ў самым лепшым варыянце мы можам назваць лічбу, якая складае толькі траціну рэальнай колькасці палітвязняў на сёння».

Але ж гэта не ўсе праблемы з падлікам палітвязняў, якія сёння існуюць. Вячаслаў Сіўчык таксама звяртае ўвагу і на тое, што пасля вызвалення, людзі страчваюць статус палітычных зняволеных і гэта не дае ўбачыць рэальныя маштабы палітычных рэпрэсій на доўгім адрэзку часу. Па меркаванні спадара Вячаслава, нельга людзей пазбаўляць статуса палітычных зняволеных не толькі калі яны выйшлі на волю, але, таксама, нават калі іх прымусілі падпісваць нейкія паперы аб супрацоўніцтве з сілавымі структурамі.

«Нават калі іх прымусілі падпісаць паперу, што яны просяць, каб іх Лукашэнка памілаваў, іх можна зразумець, таму што гэта таксама людзі. Ад гэтага статус палітвязня не мяняецца. Не мяняецца статус палітвязня нават, калі іх прымусілі падпісаць і другую паперу, аб супрацоўніцтве з операм, гэта значыць са спецслужбамі. Справа ў тым, што сама «гэбэшная» сістэма ўлады, яна вельмі зацікаўленая, каб зменшыць маштаб рэпрэсій».

Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.