Loading

У розных краінах, дзе жывуць беларусы, пачаўся тыдзень супраць катаванняў у Беларусі, арганізаваны грамадскімі арганізацыямі Прававая ініцыятыва і Міжнародны камітэт расследавання катаванняў у Беларусі. Улады краіны пасля 2020 года актыўна карыстаюцца катаваннямі датычна праціўнікаў існуючага палітычнага рэжыму, каб атрымаць нейкія звесткі ці проста зламаць волю да змагання ў людзей, якіх яны схапілі. Тыдзень супраць катаванняў працягнецца да 26 чэрвеня і будзе ўключаць у сябе шэраг мерапрыемстваў у розных гарадах і краінах, а таксама анлайн-імпрэзы. Пра тое, што дзе і калі мае адбыцца нам распавяла камунікацыйная мэнэджарка Прававой ініцыятывы і Міжнароднага камітэту расследавання катаванняў у Беларусі і адна з арганізатарак тыдня.

У гэтым годзе наша мэта была – паразмаўляць з людзьмі ў вельмі розных фарматах. І таму мы зрабілі розныя мерапрыемствы, пачынаючы з нейкіх прафесійных, як, напрыклад, лекцыя Беларускага Хельсінкскага камітэта, якая будзе анлайн. Яна больш прафесійна арыентаваная. Таксама больш мерапрыемстваў, якія разлічаны на шырокае кола людзей.

Напрыклад, у нас будуць спектаклі, у нас будуць перфомансы, у якіх людзі змогуць перажыць досвед, адпаведны таму досведу, з якім сутыкаліся затрыманыя беларусы. У нас будуць лекцыі, у нас будзе квіз, у нас будуць кінапрагляды.

У аўторак у нас будзе публікацыя новага расследавання Камітэта (расследавання катаванняў у Беларусі). Там якраз мы будзем размаўляць пра тое, якія злачынствы адбываліся ў пачатку жніўня 2020 года. У нядзелю будзе таксама імпрэза анлайн, у якой праваабаронца і траўматэрапеўтка Інке Хансан будзе распавядаць, як падтрымаць людзей з досведам катаванняў.

У Вільні можна будзе прыйсці на квіз, прысвечаны праву не падпадаць пад катаванні. Гэта такая якраз больш шырокая імпрэза для тых, каму вельмі цяжка размаўляць пра гэтую тэму, але вельмі хочацца падтрымаць неяк, можа быць, нашую працу, можа быць людзей з досведам катаванняў. Гэта імпрэза, накіраваная на больш лёгкую размову на гэтую тэму. Гэта будзе ў аўторак а 19-й гадзіне ў Вільні ў бары Būsi trečias на вуліцы Totorių, 18.

У сераду ў нас адбудзецца якраз дзень адкрытых дзвярэй і інсталяцыя ў Музеі акупацыі і змагання за волю, больш вядомым, як музей КГБ. Гэта будзе цалкам вольны ўваход з 10 да 18 гадзіны. Можна прыйсці ў любы час. І ў камерах мы зрабілі гукавую інсталяцыю – там будуць стаяць калонкі, у якіх будзе аўдыядарожка з аповедамі людзей. Гэта такі спосаб максімальна адчуць тое, што адчувалі гэтыя людзі ў гэтай атмасферы.

У чацвер мы ладзім перфоманс, прысвечаны таму, праз якія пакуты праходзілі людзі, калі іх затрымлівалі ў Беларусі. Перфоманс выконвае мастак Ігар Шугалееў. Ён адбудзецца ў чацвер у Вільні ў 20 гадзін у клубе Kablys, на вуліцы Kauno, 5.

У пятніцу будзе кінапрагляд. Будзем глядзець тры дакументальныя фільмы пра Беларусь. Агульная працягласць гэтых фільмаў будзе 2 гадзіны. Усе тры стужкі прысвечаны падзеям 2020 года. Дакументальныя фільмы трох рэжысёраў – Андрэя Куцілы, Максіма Шведа і Кацярыны Маркавец. Прагляд адбудзецца ў кінатэатры Pasaka, вуліца Šv. Ignoto, 4

І ў панядзелак нашы калегі з «Вясны» будуць ладзіць інтэрактыўную лекцыю пра гісторыю катаванняў на тэрыторыі Беларусі. Дэталі ўдакладняюцца, але ўсё будзем публікаваць на сайце і ў нашых сацсетках.

У Варшаве ў Музеі вольнай Беларусі ў аўторак а 19-й гадзіне будзе выконвацца п’еса «Мора Хрысціны». Гэта п’еса пра падзеі 9-14 жніўня ў беларускіх РАУС.

У пятніцу ў Варшаве таксама ў Музеі вольнай Беларусі будзе кінапрагляд дакументальнага фільму «Беларускі працэс». І 24-га і 25-га таксама на пляцоўцы Музея вольнай Беларусі будзе адбывацца спектакль Свабоднага тэатру «Паслядзяцінства. Паслябегства». І напрыканцы тыдня, 26-га чэрвеня, нашы калегі з «Вясны» будуць рабіць у Варшаве чытку гісторый людзей, якія падпадалі пад катаванні, і падпісанне лістоў салідарнасці. Тут таксама ўдакладняюцца дэталі.
У гэтым годзе да нас далучыліся нашыя калегі з Познані і Тбілісі. У Познані праваабаронцы з ініцыятывы Dissidentby будуць ладзіць майстар-клас «Правабарона ў дзеянні» у чацвер 22 чэрвеня. І ў Тбілісі ў сераду 21 чэрвеня Прававая ініцыятыва разам з фемінісцкай ініцыятывай «Ведьмин круг» правядуць квіз, прысвечаны праву не падпадаць пад катаванні.

Цалкам размову пра Тыдзень супраць катаванняў у Беларусі слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.