Loading

Марыя Калеснікава пераведзена на невызначаны тэрмін у ШЫЗА, а яе чарговага адваката хутка могуць пазбавіць ліцэнзіі. Сястра Марыі Таццяна Хоміч у эфіры радыё Ўнэт распавяла, што зараз вядома пра стан асуджанай на 11 гадоў Калеснікавай.

Са студзеня 2022 года Марыя Калеснікава знаходзіцца ў Гомельскай жаночай папраўчай калоніі нумар 4. На мінулым тыдні адвакат наведваў яе. Падчас сустрэчы Марыя распавяла, што на яе складзены тры спагнанні за нібыта парушэнне рэжыму. Гэта значыць, што ёй пагражае ШЫЗА. Парушэнні па словах Марыі не адпавядаюць рэчаіснасці. Яе абвінавачваюць у грубых паводзінах і знаходжанні ў працоўны час у непаложаным месцы.

Два дні таму адвакат Уладзімір Пыльчанка зноў намагаўся сустрэцца з Марыяй, але яму адмовілі. Прычына адмовы – адсутнасць у Калеснікавай пісьмовых прыладаў. Праз гэта яна не можа напісаць запыт на сустрэчу з адвакатам.

Родныя не ведаюць, калі і на які тэрмін Марыю памясцілі ў ШЫЗА. Таксама невядома, ці будуць у гэтых спагнанняў іншыя наступствы, кшталту пазбаўлення перадач і спатканняў з бацькам. Гэтыя наступствы верагодныя, таму што за час, які Марыя знаходзіцца ў калоніі, у яе было толькі адно спатканне з татам напрыканцы кастрычніка, цягам 4 гадзін. Хоць па законе яна мае права на 3 доўгатэрміновыя спатканні (да 3 содняў) і 4 кароткатэрміновыя. Але, на жаль, спатканні, перадачкі і ліставанне – гэта інструмент ціску і пакарання зняволеных.

Падчас апошняга спаткання Марыя была ў добрым настроі і жартавала. Тата дзяліўся з ёй навінамі, бо палітвязні асабліва абмежаваныя ў доступе да інфармацыі. Марыю вельмі напружвае адсутнасць магчымасці займацца творчасцю і інтэлектуальнай працай.

Варта адзначыць, што ў калоніі Марыя прынцыпова паводзіць сябе ў межах правілаў. Таму абвінавачванні ў грубасці, знявазе і наўмысным парушэнні правілаў правакатыўныя. Іх прыдумляюць выключна для таго, каб здзекавацца над чалавекам і пастаянна яго караць.

На адвакатаў, якія прадстаўляюць інтарэсы Марыі Калеснікавай, Эдуарда і Віктара Бабарыкаў, Сяргея Ціханоўскага пастаянна аказваецца ціск. Так, Уладзімір Пыльчанка, Віктар Мацкевіч і Зміцер Пігуль 1 снежня выкліканыя на датэрміновую кваліфікацыйную камісію, на якой, хутчэй за ўсё іх пазбавяць ліцэнзій, як іншых адвакатаў знакамітых палітвязняў.

Да нядаўняга часу ў Марыі была магчымасць перыядычна тэлефанаваць тату. Падчас такіх размоваў Марыя заўсёды ў добрым настроі і бадзёрая. Але яна абмежаваная ў стасунках з іншымі вязнямі. Напрыклад, з палітычнымі ёй размаўляць забаронена. Па расказах людзей, якія яе там бачылі, Маша ўсё роўна выглядае моцнай.

Таццяна Хоміч распавядае, што падтрымка беларускіх палітвязняў з боку еўрапейскіх палітыкаў не зменшылася. Дагэтуль у беларусаў з’яўляюцца новыя «хросныя» палітыкі. Яны пішуць лісты, некаторыя дапамагаюць сем’ям вязняў падарункамі. У крытычных выпадках, як гэта было са Сцяпанам Латыпавым, ягоны «хросны» імгненна выступіў з заявай у Еўрапарламенце. Такія палітыкі робяць вельмі важны ўнёсак у тое, каб гісторыі палітвязняў і злачынстваў рэжыму пастаянна гучалі на розных палітычных пляцоўках Еўропы і свету.

Марыі Калеснікавай, якую добра ведаюць і шануюць у Нямеччыне, дагэтуль прысвячаюць творы, праводзяць у яе гонар дабрачынная канцэрты і акцыі. У кастрычніку Зальцбургскі ўніверсітэт прысвоіў ёй званне ганаровага прафесара.

Поўны каментар Таццяны Хоміч слухайце ў плееры ніжэй.

 

Comments are closed.