Мы ўжо расказвалі раней у нашым эфіры пра адкрыццё ва Украіне фестывалю дакументальнага кіно «1084 На мяжы». Адбыліся паказы ў Львове і зараз плануюцца паказы ў Кіеве і Адэсе. Аб праграме фестывалю і яго пляцоўках радыё Ўнэт пагаварыла з суарганізатаркай, кіраўніцай грамадскай арганізацыі «Звяно» Таццянай Гацура-Яворскай.
З таго часу, як я прыехала ва Украіну, мяне не пакідала думка, што мы адзін аднога кепска ведаем і гэта трэба выправіць. Хоць нейкі ўнёсак у гэта зрабіць. Зараз складана рабіць форумы з удзелам розных людзей, таму мы абралі фармат, з якім я працавала апошнія восем гадоў, – гэта дакументальнае кіно.
У нас тут ёсць добрая беларуская дыяспара. Я асабліва добра ведаю яе прадстаўнікоў са Львова. І можна сказаць, што высілкамі львоўскай дыяспары ў асноўным мы дапрацавалі ідэю гэтага фестывалю. Менавіта таму са Львова мы і пачыналі.
Асабліва прыемна, што пра гэта даведалася дыяспара беларусаў з Адэсы і пажадала правесці паказы ў сябе. Першапачаткова мы гэтага не планавалі, але з задаваленнем адгукнуліся.
Не абышлося, вядома, і без дапамогі ўкраінскіх сяброў. Анлайн-паказы фестывалю адбудуцца на ўкраінскай пляцоўцы анлайн-кінатэатраў Takflix.
Як украінцы ставяцца да ідэі фестывалю беларускага кіно падчас вайны?
Мы на вуліцах людзей, вядома ж, не пыталі. Рэакцыі магчыма злавіць толькі на паказах. Прынамсі ў Львове адмоўных рэакцый увогуле не было. Асабліва, калі ўкраінцы паглядзелі фільм пра беларускія пратэсты, то казалі, што такія фільмы неабходна паказваць ім, каб лепш разумелі, што адбывалася ў Беларусі.
Мне вельмі запомнілася адна ўкраінка, якая пасля фільму выйшла засмучаная. Яна сказала, што не ведала, якая колькасць людзей у нас тады выходзіла. А пасля спытала, а што пайшло не так, чаму не атрымалася перамагчы?
Якая рэакцыя будзе ў Кіеве і Адэсе прадказаць цяжка. Шчыра кажучы, у Кіеве людзям не да кіно і разважанняў наконт стасункаў з беларусамі. Там рыхтуюцца да блэкаўта і абстрэлаў, пасля якіх у паловы гораду можа не быць святла і вады.
У такіх умовах людзям не да кіно, нават, калі грошы з паказаў ідуць на лекаванне. То бок, мы ўсведамляем, што тэма зараз непапулярная, але ўсё роўна робім. У нас, беларусаў ёсць такая рыса – заўжды адкладваць важнае да лепшага часу. Аднак заўжды будуць існаваць розны чыннікі, праз якія можна будзе пачакаць, але так і не дачакацца.
Грошы збіраем на расходнікі для VAC-апаратаў
Усе грошы, сабраныя ад паказаў, мы накіруем на рахунак нашага другога збору на расходнікі для VAC-апаратаў. Падчас першага збору, калі сабралі амаль 40 тысяч еўра, былі закупленыя 23 апараты і расходнікі для ўкраінскіх шпіталяў. Зараз патрэбна 50 тысяч выключна на расходнікі, якія мы замаўляем у вытворцы. У Харкаве ў нас два VAC-апараты, у Кіеве – дзесяць, па адным у Чарнігаве і Адэсе, тры ў Крапіўніцкім, два ў Львове і чатыры ў Трускаўцы. Другі збор ідзе не так хутка, як на пачатку вайны. За тры месяцы мы назбіралі каля 30 тысяч еўра.
Таму ўсе нашыя актыўнасці ва Украіне адбываюцца за свабодныя ахвяраванні. Падчас паказаў у Львове назбіралі 250 даляраў. У Кіеве мы вырашылі паспрабаваць фармат продажу квіткоў. Пакуль набываюць павольна. Але ў многіх беларусаў праблемы з карткамі і яны набудуць падчас імпрэзы за наяўныя.
З маркетынгам і прасоўваннем фестывалю ёсць цяжкасці. Украінскія СМІ не хочуць пісаць пра гэта. Я тут не бачу дыскрымінацыі. Проста ва Украіну палітыкі розныя ездзяць, штодзень адбываюцца больш значныя і гарачыя падзеі. У параўнанні з імі наша навіна не настолькі цікавая.
Рэкламных бюджэтаў мы не маем. Таму распаўсюдзілі інфармацыю па кіеўскіх пабліках. Але там па адным пасту, далей за грошы. Перш за ўсё мы намагаемся прывабіць беларусаў, таму таксама посцім у валанцёрскіх чатах.
Першы паказ запланаваны на сераду 30 лістапада. Ён адбудзецца на Падоле ў кінатэатры «Кіно 42», які адначасова з’яўляецца і бамбасховішчам. Пачнем паказ з фільму «Тата», які здымала беларуска ў суаўтарстве з украінкай. Гэта гісторыя маладой дзяўчыны, якая шукае свайго тату, каб перапахаваць яго. Ён загінуў на Данбасе і пахаваны пад нумарам, нават без імя. Гэта гісторыя сталення праз трагічныя абставіны.
1 снежня адбудзецца паказ фільму «Кураж» Аляксея Палуяна. Завяршыцца фестываль 2 снежня фільмам-гісторыяй стасункаў бабулі і ўнучкі. Дзяўчына жыве ў эміграцыі, але пастаянна наведвае сваю бабулю, якая жыве ў амаль што вымерлай беларускай вёсцы. Як па мне, гэты фільм – найлепшая ілюстрацыя рэчаіснасці ў Беларусі на прыкладзе гэтай ледзь жывой вёскі, у якой засталося пяць бабуль.
Таццяна кажа, што яны адкрыты для любых прапаноў адносна супрацоўніцтва і па гэтым праекце і па іншых. Дарэчы, у бліжэйшых планах – вялікі анлайн-фестываль украінскага кіно для беларусаў, якія засталіся ў РБ. Ён пройдзе з 9 па 18 снежня.
Comments are closed.