Loading

Афіцыйнае адкрыццё фестывалю адбылося падчас імпрэзы, прысвечанай Ночы расстралянай паэзіі, якая праходзіла 30 кастрычніка ў Львове. Працягваецца фестываль шэрагам кінапаказаў.

На жаль, варта прызнаць, што праблема неразумення кантэксту, у якім мусяць жыць беларусы, украінцамі, і таго, што насамрэч перажываюць украінцы, беларусамі існуе. Пра гэта кажуць многія аналітыкі, калі разважаюць пра тыя праблемы, з якімі сутыкаюцца ва Украіне нават тыя беларусы, якія не проста засталіся жыць ва Украіне, але і ўсімі магчымымі сродкамі дапамагаюць краіне, што змагаецца з вялізным і агрэсіўным нападнікам. І вось як раз пераадоленне гэтага ўзаемнага недахопу інфармацыі стала асноўнай мэтай фестывалю дыкументальнага кіно, які мае назву «1084 На мяжы». Чаму такая назва і якая агульная канцэпцыя і змест кінафэсту распавяла адна з асноўных ініцыятарак і арганізатарак імпрэзы Таццяна Гацура-Яворская:

«Фестываль дакументальнага кіно «1084 На мяжы» мы так называем, таму што гэта, у прынцыпе, ёсць такая адсылка да Оруэла – «1984», ну а ў нас 1084 – таму, што гэта працягласць мяжы паміж Беларуссю і Украінай. Гэта 1084 агульных кіламетраў паміж нашымі дзяржавамі. І задума нашага фестывалю – гэта больш распавесці ўкраінцам пра рэаліі беларусаў і беларусам распавесці пра тое, чым і як жывуць украінцы не толькі зараз падчас вайны, а ў прынцыпе – крышачку больш раскрыць іх менталітэт, іх праблемы. Ну і зразумела, вялікая частка фільмаў будзе прысвечаная сучасным падзеям. У нас будуць таксама фільмы і 22-га года, калі ўжо пачалася поўнамаштабная вайна. Галоўнае, канешне, не кіно. Кіно – гэта сродак. А галоўнае – тое, што ва Украіне ўздымаецца тэма ўзаемаадносін з беларусамі. І тая частка, якая будзе онлайн для Беларусі з украінскім кіно – нам таксама важна падтрымаць людзей, якія застаюцца ўнутры краіны. Апроч кіно ў нас будуць дыскусіі, прамыя ўключэнні з украінцамі. Для нас важна, каб мы шукалі агульнае, а не тое, каб беларусы чулі абвінавачванні пра тое, што яны не спыняюць ракеты. Таксама ў рамках фестывалю будзе выстава прац Уладзіміра Цэслера. Офлайн-паказы будуць яшчэ праходзіць у Кіеве ў снежні. І асноўная частка фестывалю – гэта, усё ж такі онлайн, які будзе на Беларусь з 9 па 18 снежня».

Кінапаказы адкрыліся 1 лістапада ў Львове дакументальным фільмам «Тато» – гэта сумесная праца ўкраінскай рэжысёркі Ларысы Арцюгінай і беларускай рэжысёркі Марты-Дарыі Клінавай. Фільм распавядае пра дзяўчынку, тата якой у 2014-м годзе пайшоў бараніць Украіну ад расійскіх захопнікаў у ліку першых дабраахвотнікаў батальёну Данбас, а ў 2015 годзе загінуў у раёне Дэбальцава. Два гады родныя не ведалі пра месца яго пахавання. Ягоная дачка Вольга, шукаючы тату, адкрывае яго для сябе не толькі, як пяшчотнага бацьку, але і як гераічную асобу.

Пасля кінапаказу мы паразмаўлялі з некаторымі гледачамі. У зале нам трапіўся Сяргей Лашчанка – украінец, які размаўляў з намі па-беларуску. І вось, што ён сказаў пра ўзаемаадносіны ўкраінцаў і беларусаў.

«Я сам украінец, жыву ў Львове, але, калі трэба, магу сказаць па-беларуску нейкія словы, таму што вельмі люблю беларускую культуру і мову. Наконт гэтага фільма я лічу добра, што ён ёсць, і такіх фільмаў павінна быць больш, каб і ўкраінцы ведалі сваіх герояў і гэтыя фільмы можна было і ў Беларусі паказаць, і палякам. Адкуль у мяне веданне мовы? Гэта 50 гадоў таму, калі «Песняры» зрабілі такі прарыў на ўкраінскай тэрыторыі, калі шмат украінцаў вывучылі мову беларускую і палюбілі Беларусь. Але трэба працягваць гэтую справу. Павінна быць нешта новае: і такія фільмы, і сустрэчы, і песні, і калектывы. І дзе б ні быў беларус, трэба сустракацца з украінцамі, таксама ўкраінцам з беларусамі, таму што ў нас гэта адзіны сусед, які так адназначна братні народ. Канешне, з усімі трэба сябраваць – і з палякамі, і з румынамі, і са славакамі, але з беларусамі ў першую чаргу, таму што гэта найбольш блізкі нам – украінцам, народ».

А вось у аднае з беларусак, якая таксама была на кінапаказе, мы пацікавіліся, ці сутыкаецца яна ва Украіне з нейкім непрыманнем альбо варожасцю з боку ўкраінцаў.

«Калі гэта асабістыя размовы, асабістыя адносіны, я не сутыкалася. Нават, калі ёсць нейкае паверхневае меркаванне, што з боку Беларусі ляцяць ракеты, то, калі ты пачынаеш размаўляць з людзьмі, яны ўсё разумеюць, яны знаюць сітуацыю. У мяне быў адзін выпадак непаразумення са знаёмай з Украіны, калі я зарэпосціла сторыс, што Алесь Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію, і яна мне ў грубай форме адказала, што гэта недарэчна казаць у той час, калі з Беларусі ляцяць ракеты. Але яна нават мяне не слухала пра тое, што гэты чалавек быў шмат гадоў у барацьбе супраць несправядлівасці, якая і зараз адбываецца. Цяжка параўноўваць, але зараз на захадзе я бачу, што тут людзі ў кантэксце палітычнай сітуацыі, і большасць людзей у таксі, у крамах, маіх знаёмых, сяброў, яны ведаюць, што ў нас адбываецца і ведаюць пра пратэсты, і ведаюць пра партызанаў рэйкавых. То бок, у курсе парадку дня і я таксама стараюся пра гэта гаварыць».

Спадарыня лічыць, што трэба як мага больш распавядаць пра тое, што робяць і ў якіх умовах беларусы.

«Рабіць гэта ва Украіне, каб украінцы бачылі, што беларусы тут, мы ёсць, мы паважаем сваю гісторыю, і ў нашай гісторыі ёсць прыклады таго, як мы змагаліся супраць несправядлівасці і гэта адбываецца і зараз. Важна паказваць, што мы тут, мы з Украінай, мы хочам, каб Україна перамагла, таму што гэта наш шанец вярнуцца дадому. Я думаю, што мае значэнне распаўсюджванне інфармацыі пра гэтыя падзеі. Таму, што зараз, напрыклад, тут мала людзей, але гэта класна ў такі час, калі ёсць гэтыя словы пра краіну-агрэсара, што ў Львове праходзяць такі мерапрыемствы. Маленькімі крокамі мы будзем спрыяць таму, што агульнае меркаванне людзей пра сітуацыю зменіцца».

Рэжысёрка, журналістка і фатографка Ксенія Галубовіч, якая выступіла на адкрыцці кінапаказу, таксама распавяла пра досвед сваіх стасункаў з украінцамі і веданне імі беларускага кантэксту.

«Сярод маіх знаёмых усе адэкватна ўсё ўспрымаюць і разумеюць, што ў нас адбываецца, што адбывалася з 20-га года, некаторыя людзі ведаюць і тое, што адбывалася раней. І па маіх адчуваннях, а гэта мая трэцяя паездка ва Украіну падчас паўнамаштабнай вайны, мне здаецца, што ў выпадковых людзей, якіх я сустркала – таксістаў, людзей на вуліцы – большасць з іх, усё-такі ўяўляе, што ў нас адбываецца. Не ў поўнай меры, магчыма, многія, напэўна, думаюць, што ну ўсё, рэвалюцыі не здарылася і там усё ціха. Але пра падзеі 20-га ведаюць, канешне, усе. А многія разумеюць чаму і зараз Беларусь уцягнутая ў гэты канфлікт».

Ксенія Галубовіч лічыць, што кіно – адзін са сродкаў, які дапамагае ўзаемнаму разуменню. Але тое, што адбылося ў нашых краінах апошнімі гадамі, трэба яшчэ досыць грунтоўна адрэфлексаваць, каб пачаць рабіць сапраўды глыбокія кінематаграфічныя працы.

«Я думаю, што гэта дапамагае. Таму што ў 20-м годзе, напрыкад, калі ў нас былі пратэсты, мы ездзілі ў Кіеў, сустракаліся з украінскімі дакументалістамі, каб пагаварыць пра наш розны вопыт, вопыт 20-га ў Беларусі, іх вопыт здымкаў на Майдане, пра тое, што ў нас агульнага і якія адрозненні, як працаваць з такімі складанымі тэмамі і тэхнічна, і маральна, і ратаваць матэрыял часам. Гэта была вельмі карысная сустрэча. Мне здаецца, рэфлексія на ўсе гістарычныя падзеі – гэта адзіны шанс зрабіць будучыню трошкі лепшай, пазбегнуць памылак. Добрае дакументальнае кіно пра ўсе падзеі, канешне, будзе з’яўляцца пазней. Калі падзеі вось такія свежыя, яны не адрэфлексаваныя абсалютна, але гэта важна проста як дакумент эпохі. Я думаю, што лепшыя фільмы з’явяцца пазней, калі будзе больш асэнсавана ўсё гэта».

Як ужо ўзгадвала Таццяна Гацура-Яворская, акрамя паказаў у кіназалах Львова і Кіева, фестываль будзе праходзіць і на онлайнавай пляцоўцы, разлічанай на тых, хто жыве ўнутры Беларусі, дзе зараз сабраць людзей на кінапрагляд рызыкоўна зняволеннем і гвалтам. Таццяна ўдакладніла дзе і якім чынам да фестывалю дакументальнага кіно «1084 На мяжы» змогуць далучыцца жыхары Беларусі.

«Нашы партнэры – гэта вялікі адзіны такі онлайн-кінатэатр Тakflix. Гэта ўкраінская пляцоўка. І на гэтай пляцоўцы можна будзе глядзець фільмы па хэштэгу #1084 бясплатна. І яны будуць бясплатна дасяжныя толькі з тэрыторыі Беларусі. То бок, гэта такі эксклюзіў. У прынцыпе, гэтыя фільмы платныя для астатніх гледачоў, але з Беларусі цягам 10 дзён з 9 па 18 снежня ў любы час содняў можна будзе глядзець іх бясплатна».

Сачыць жа за падзеямі фестывалю дакументальнага кіно «1084 На мяжы» можна на ягоным сайце.

А поўны рэпартаж слухайце ў плееры ніжэй.

 

Comments are closed.