Loading

З пачаткам вайсковага ўварвання Расіі ва Украіну беларускія грамадскія арганізацыі, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, уключыліся ў зборы для надання дапамогі Украіне.

Беларускія медыкі з Фонду медычнай салідарнасці Беларусі, грамадская арганізацыя «Звяно»(у Беларусі пазбаўлена рэгістрацыі, а яе кіраўніца Таццяна Гацура-Яворская была арыштавана і збегла ад пераследу) і суполка беларусаў Італіі не сталі выключэннем. Медык Лідзія Тарасенка распавяла ў «Світанку свабоды», як беларусы шукаюць магчымасці падтрымліваць працу VAC-апаратаў, якія раней набылі для ўкраінскіх шпіталяў.

Беларусы знайшлі VAC-апараты па адэкватным кошце і пачалі збор сродкаў. На першым этапе даволі хутка атрымалася сабраць амаль 40 тысяч еўра і набыць 23 апарата. Вельмі дапамагла адна брытанская кампанія, якая ахвяравала значную суму.

Валанцёры развезлі абсталяванне па ўкраінскіх шпіталях. Але адных апаратаў недастаткова — для іх бесперапыннай працы неабходны расходнікі. Дзень працы апарата каштуе 450 еўра.

Збор зараз рухаецца павольна. Лідзія тлумачыць гэта стомленасцю людзей і часам адсутнасцю сродкаў. Але актывісты ўсімі высілкамі намагаюцца шукаць сродкі. VAC-апараты крайне неабходны пры лекаванні параненых. Адначасова ў аддзяленні магчыма размясціць 5-10 такіх апаратаў.

Складанасць з расходнікамі яшчэ ў тым, што яны павінны быць ад такога ж вытворцы, што і самі апараты, іншыя не падыдуць.

Пералічваць грошы можна праз італьянскую платформу і праз PayPal. Інфармацыя аб зборах, справаздачы і іншыя пытанні размяшчаюцца на старонцы ініцыятывы.

Лідзія падкрэслівае, што ні валанцёры, ні супрацоўнікі арганізацый ад гэтых ахвяраванняў нічога сабе не пакідаюць. Усе сродкі ідуць выключна на падтрымку працы апаратаў.

«Нам патрэбны грошы і чалавечая ўвага. Трэба збіраць сябе ў кучку і ўсведамляць, што калі ты здаешся, лепш не стане. Само па сабе нічога не зменіцца. Зменіцца толькі калі добрыя людзі перамогуць злодзеяў».

Comments are closed.