Loading

На пасяджэнні Рады ААН па правах чалавека ў Жэневе было заяўлена аб знішчэнні грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. «Актывісты цярпяць ад сістэматычных рэпрэсій, законаў, накіраваных супраць арганізацый грамадзянскай супольнасці, і адвольнага турэмнага зняволення», – заявіла арганізацыя Right Livelihood. Тых, хто быў вымушаны ўцякаць з краіны, дазволена судзіць завочна і пазбаўляць грамадзянства.

З 2020 года улады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 1441 НДА – гаворыцца ў апошнім аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend – сярод іх асветніцкія, праваабарончыя, дабрачынныя, спажывецкія, даследчыя, экалагічныя, студэнцкія.

Па словах паліталагіні і даследчыцы Таццяны Чуліцкай асобныя парасткі грамадзянскай супольнасці ўнутры краіны засталіся, аднак большасць актывістаў зараз жыве і працуе за мяжой. А вось спробы ўлады замяніць НДА адпаведнымі прадзяржаўнымі структурамі, так званымі ГОНГА, пакуль плёну не прыносяць.

— Мы толькі-толькі зрабілі даследаванне і яшчэ нават не апублікавалі яшчэ. Пыталіся ў людзей, ці бачаць яны, што на месца нізавых арганізацый прыходзяць гэтыя ГОНГА. І тыя, хто ў сацыяльнай сферы працуе, кажуць, што так, у некаторыя сектары яны могуць прыходзіць і рабіць тое, што рабілі раней НДА. Але праблема ў тым, што гэта няшчырая і несамаадданая дзейнасць, гэта атрымліваецца даволі прымітыўна. Яны спрабуюць нешта капіяваць, але, калі ў цябе няма каштоўнасцей, цяжка паўтараць добрыя практыкі. Я ведаю анектадычныя сітуацыі, калі пачалі пісаць метадычку па хатнім гвалце, і там пачалі прапаноўваць людзям размаўляць з гвалтаўнікамі. Гэта сведчыць, што ў гэтых ГОНГА проста няма разумення праблемы. Ім сказалі: вазьміце праблему хатняга гвалту, а яны ўжо робяць, як умеюць.

Я бы казала, што ў некаторых выпадках, асабліва ў працы з уразлівымі групамі, ёсць гэтая спроба падмяніць НДА, але гэта не тэндэнцыя. Што можа стаць тэндэнцыяй: яны паспрабуюць, і Лукашэнка пра гэта гаварыў, стварыць добраахвотны фонд, куды сцягнуць грошы на падтрымку розных ініцыятыў і актыўнасцей быццам бы «грамадзянскай супольнасці». Але тут поўнае неразуменне таго, як гэта працуе. Яны хочуць стварыць цэнтр і з цэнтра нешта фінансаваць. Але ўвесь прынцып грамадзянскай супольнасці заключаецца ў тым, што прыходзяць людзі, кажуць «мы хочам гэта рабіць» і гэта робяць знізу. І ты можаш сто тысяч фондаў зрабіць, але гэта не дапаможа, бо гэта будзе капіяванне дзяржаўнага іерархічнага апарату і ніхто нармальна працаваць не будзе. Я на гэты конт адносна спакойная, бо пакуль яны нічога не змаглі дасягнуць гэтай тактыкай, спробай замены грамадзянскай супольнасці праўладнымі арганізацыямі. Але за гэтым трэба сачыць.

— Беларуская грамадзянская супольнасць пасля 2020 года, што яна зараз уяўляе?

— Зараз складаны малюнак, ландшафт, архітэктура – не ведаю, як назваць – грамадзянскай супольнасці. Шмат арганізацый беларускіх знаходзяцца ў выгнанні. З большага ў трох краінах – Польшчы, Літве і Грузіі. Але разам з тымі рэлавакаванымі арганізацыямі, ці нават новымі арганізацыямі, створанымі ў замежжы, захоўваюцца арганізацыі і ўнутры Беларусі. У 2021 годзе ўсе структуры, усе старыя арганізацыі былі юрыдычна знішчаны, але гэта не азначае, што яны спынілі дзейнасць. Таксама ёсць нізавыя ініцыятывы, якія працягваюць рознага кшталту актыўнасці. У Беларусі, можна вызначыць тых, хто займаецца, умоўна кажучы, непалітычнымі справамі: вырашэннем камунальных праблем, адукацыйнымі мерапрыемствамі, сумесным планаваннем вольнага часу. Гэта такія актыўнасці, якія пакуль што не рэпрэсуюцца. Я не буду іх называць, бо сёння я раскажу пра нейкі клуб, а заўтра яго знішчаць. Ёсць яшчэ адна частка, зараз вядуцца дэбаты, ці грамадзянская гэта супольнасці ці нешта іншае, гэта арганізацыі і ініцыятывы, звязаныя з прамілітарным супрацівам.

У цэлым, беларуская грамадзянская супольнасць зараз знаходзіцца ў складаным стане: яна хоць раздроблена па розных краінах, але значная частка арганізацый працягвае сваю дзейнасць. Захоўвацца дзейнасць унутры Беларусі і нават з’яўляецца нешта новае. Пытанні: наколькі ўстойлівым гэта ўсё будзе? як доўга будзе працягвацца падтрымка гэтых ініцыятыў.

— Наколькі хопіць запалу і фінансаў?

— Так, таму што людзі, сапраўды, выгарэўшыя. Я калі раблю інтэрв’ю з актывістамі, вельмі шмат траўмы. Ёсць дзве вялізныя траўмы. Першая – гэта траўма 2020 года, у некаторых выпадках 2021 года, у залежнасці, калі людзей рэпрэсавалі. А потым была яшчэ траўма «украінская». Напрыклад, людзі заўсёды былі актыўнымі, заўсёды былі супраць Лукашэнкі, усё жыццё былі праеўрапейскімі, выступалі за еўрапейскія каштоўнасці, і раптам пасля 2022 года, пасля пачатку вайны, усё змянілася, стаўленне да беларусаў у свеце змянілася. І для актыўных людзей гэтае выгаранне застаецца вельмі моцным. Я аптымістыка, я веру, што людзі ачуняюць, знойдуць псіхалагічныя, маральныя і іншыя магчымасці працягваць сваю дзейнасць. Але гэта нашмат цяжэй, чым калі ты знаходзішся ў сваёй краіне, робіш зразумелыя рэчы і табе не трэба адаптавацца да ўмоў эміграцыі.

— А калі казаць пра ініцыятывы, якія выехалі, як яны за гэты час трансфармаваліся?

— Згодна з нашымі даследаваннямі, можна сказаць, што частка арганізацый не толькі захавалася, а яшчэ і развіваецца. Дзякуючы такім кепскім абставінам, у людзей з’явілася магчымасць займацца стратэгічным планаваннем, распрацоўваць, напрыклад, палітыку бяспекі. Карацей, працаваць над тым, каб самім стаць больш устойлівымі. І я бачу, што частка арганізацый яны знайшлі сябе, яны запланавалі сваю дзейнасць, бо за мяжой у цябе больш-менш зразумелыя правілы гульні, якія не змяняюцца пастаянна. А ў Беларусі пастаянна нешта змяняецца. Ты можаш запланаваць розныя праекты, звязаныя з непалітычнымі актыўнасцямі, а заўтра прыйдуць і ўсё разнясуць. І таму арганізацыі з-за мяжы для Беларусі працуюць у рэжыме «ad hoc», то бок як атрымлівацца, так і робім.

Поўную размову з паліталагіняй і даследчыцай Таццянай Чуліцкай слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.