Loading

Генеральная пракуратура Беларусі распачала крымінальныя справы супраць кіраўніцтва і чальцоў Рады БНР – ураду першай сувярэннай беларускай дзяржавы ў выгнанні. Іх абвінавачваюць паводле сямі артыкулаў крымінальнага кодэкса, у тым ліку рэабілітацыі нацызма, дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусі, замаху на захоп улады, стварэнні экстрэмісцага фармавання ды іншых. Як Рада БНР адрэагавала на гэтую заяву радыё Ўнэт распавёў намеснік старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Сяргей Навумчык.

— Рада БНР сапраўды адрэагавала на гэтую заяву пракуратуры. Сказана, што гэтая заява абсалютна ніяк не паўплывае на планы дзейнасці Рады БНР, на намеры, на тое, што Рада БНР рабіла і будзе рабіць. Ну проста ніяк, таму што Рада БНР неаднаразова падкрэслівала, што яна не прызнае Лукашэнку ў якасці легітымнага кіраўніка Рэспублікі Беларусь і называла яго неаднаразова ўзурпатарам. Прычым, зроблена гэта ім было не з 2020 года, а значна-значна раней. Дзесяцігоддзямі раней, яшчэ ў 90-я гады.

Тыя законы, якія прымаюць прызначаныя ім так званыя парламентарыі, гэта не законы. Суддзі, якія выносяць абсалютна несправядлівыя, палітычна матываваныя прысуды, гэта таксама не суддзі. І Беларусь знаходзіцца ў сітуацыі абсалютна поўнага прававога бязладдзя.

Таму для Рады БНР, якая дзейнічае не з 48-га года, як там заявіў гэты палкоўнік пракуратуры, а з 18-га года, а фактычна, нават і з 17-га года, якая абвясціла незалежнасць Беларусі, такія рашэнні нелегітымнай пракуратуры абсалютна нічога не азначаюць. Яны толькі азначаюць, што яшчэ раз прадэманстравана, якога кшталту рэжым пануе на Беларусі.

Рада БНР сапраўды абвясціла незалежнасць Беларусі 25 сакавіка 1918 года. Можна пачытаць: ва ўсіх заявах Рады БНР гаворыцца пра тое, што Рада БНР адстойвае пазіцыі незалежнасці Беларусі. І, калі паглядзець на гісторыю, мы ўбачым, што і ў 40-я, і ў 50-я, і ў 60-я, і ў 70-я, і ў 80-я гады, калі пра незалежнасць Беларусі не тое, што нельга было пачуць у Беларусі, а тыя, хто асмельваліся казаць, як гэта было з маладымі патрыётамі ў Паставах ці ў Глыбокім – людзі атрымлівалі па 25 гадоў турмы ці нават смяротнае пакаранне.

Ва ўсе гэтыя дзесяцігоддзі Рада БНР была адзінай установай, натуральна за межамі, бо ў Беларусі гэта было немагчыма, якая і ў Кангрэсе Злучаных Штатаў, і ў парламентах іншых краінаў выступала за тое, што беларускі народ мае права на сваю дзяржаўнасць. За гэта афіцыйныя дэлегацыі БССР пры ААН не выступалі. Яны сінхронна галасавалі так, як галасаваў міністр замежных спраў СССР Грамыка. Гэта, канешне, было абсалютна бутафорскае прадстаўніцтва БССР у ААН.

Ва ўсе гэтыя часы толькі Рада БНР – так атрымліваецца – дзесяцігоддзі выступала за незалежнасць, калі пра незалежнасць можна было толькі марыць. Тое самае адбываецца і цяпер. Рада БНР даволі дэталёва ў сваіх заявах адсочвае і фіксуе тое, і звяртае ўвагу міжнароднай супольнасці (гэта рада БНР рабіла і да 20-га года, калі яшчэ не было Святланы Ціханоўскай і Рада БНР была адзіным цэнтрам дыяспары і ўвогуле прадстаўніцтва Беларусі за мяжой, бо такімі нельга назваць лукашэнкаўскія амбасады – гэта былі прадстаўнікі рэжыма, а фактычна Расіі) на тое, як крок за крокам Лукашэнка здае суверэнітэт Беларусі, як ён «падвязвае» Беларусь пад Расію. Пад пуцінскую Расію, пад гэты фашысцкі рэжым.

Так што, гэта ўсё, канешне, абсалютна абсурдна гучыць. Але логіку ў дзеяннях і ў заявах што пракуратуры, што іншых лукашэнкаўскіх структураў шукаць нельга. Логіка там, праўда, можа быць адна – гэта ўсімі спосабамі захаванне ўлады Лукашэнкі. Але ўлады Лукашэнкі, як марыянеткі крамлёўскага рэжыму.

Цалкам размову з Сяргеем Навумчыкам слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.