Loading

Сваякі беларускіх палітвязняў выпусцілі адкрыты зварот да міжнародных лідараў і грамадзянскай супольнасці. Яны занепакоеныя тым, што дагэтуль па пытанні вызвалення не было зроблена практычных крокаў і дасягненняў. Значыць, трэба мяняць стратэгіі і шукаць іншыя шляхі і магчымасці. Былая жонка філосафа-метадолага Уладзіміра Мацкевіча Святлана – адна з суарганізатарак ініцыятывы Аб’яднання сваякоў палітвязняў з мэтай іх вызвалення. Яна распавяла пра перадумовы ўзнікнення гэтай ініцыятывы і чаканні ад яе.

Ёсць такая інфармацыя, што кантакты рэжыму з Захадам і пошук асоб, з якімі можна было б кантактаваць, заўжды былі і ніколі не спыняліся. Мы даўно з Таццянай Хоміч абмяркоўвалі неабходнасць стварэння Абʼяднання сваякоў палітвязняў. Апошні раз размаўлялі аб гэтым сёлета ў лютым. А потым пачалася вайна.

З’явіліся пэўныя чаканні, ілюзіі, што хутка Украіна пераможа, а праз гэта вызваляць і палітвязняў. Але зараз зразумела, што разлічваць на знешнія ўмовы не выпадае. Калі яны будуць разгортвацца пазітыўна, а не згасаць, добра. Але ў любым выпадку мы павінны быць гатовымі да нашай уласнай беларускай сітуацыі і пачаць вырашаць тыя задачы, што павінны вырашацца.

Наша ініцыятыва не палітычнай, а грамадская. Гэта аб’яднанне людзей, якія ставяць сабе задачу вызваліць сваякоў, але і іншых палітвязняў і нават тых, хто такімі афіцыйна не лічыцца, але за кратамі праз палітычныя дзеянні.

Настала неабходнасць змяніць былую стратэгію, якую дэкларавалі дэмакратычныя сілы. Яна заключалася ў наступным – мы перамагаем рэжым і ўсе палітвязні выходзяць на волю. Мы не выключаем, што зараз магчыма іншая логіка і падыход, які не прадугледжвае спачатку падзення рэжыму. Мы таксама гэтага чакаем і на баку дэмсілаў. Але пакуль гэтага не адбываецца, а дзейнічаць патрэбна ўжо зараз.

Таму мы з боку грамадзянскай супольнасці, як сваякі былых і цяперашніх палітвязняў, можам прадстаўляць суб’ектнасць, якая можа дэлегіраваць гэтае права палітычным сілам, якія будуць займацца на пэўным этапе вырашэннем палітычных задач.

Пакуль жа наша задача гуманітарная – пачынаць спрабаваць розныя варыянты і метады вызвалення асобаў альбо груп людзей. Спрабуем запусціць працэс самі, шукаем кантакты, партнёраў, якія здольныя вырашыць асобныя кейсы. Таму часова мы класічную палітычную задачу былога сцэнара пакуль адкладвае, але не адмаўляем зусім.

У гэтым плане мы дэманструем сваю ўласную пазіцыю. Бо гэта нашыя родныя і іх жыцці важней за ўсё. Пакуль мы ўсе будзем чакаць перамогі, можа так стацца, што некаторыя з вязняў яе не дачакаюцца па стане здароў’я.

Ці існуюць перадумовы альбо планы кропкавага вызвалення асобных людзей?

Мы распачалі гэты працэс і ўжо атрымалі шмат рэакцый на розных узроўнях. Мы зараз становімся кропкай абуджэння не толькі беларусаў, бо кранаем вялікі маштаб рэфлексіі і неабходнасці адказваць на нашыя дзеянні. Мы становімся тым цэнтрам, якому трэба адказваць не проста словамі, а дзеяннямі, прапановамі, бачаннем, як магчыма ажыццяўляць тое, што нам патрэбна. Мы гнуткія і гатовыя ў гэтым плане выслухаць усіх.

Якога кшталту рэакцыі вы атрымалі?

Пакуль, на жаль, мы чуем толькі старыя версіі і сцверджанні. Думаю, гэты момант варта прайсці. Мы ж не супраць. Калі будзе поспех у той стратэгіі, то і добра. Бо мэта ў нас агульная – вызваленне ўсіх палітвязняў. Толькі ісці да яе мы можам па-рознаму, абіраць розныя тактыкі. Гэта не выключае ўзаемную супрацу і не азначае канфрантацыю. Нашая задача наладжваць не канкурэнтныя, а партнёрскія адносіны ўнутры гэтага працэсу. Таму мы намагаемся дакладна сябе пазіцыянаваць і ўдакладняць сваю рыторыку. Але прынцы такі – мы абвясцілі пра гэта, прынцыпы і каштоўнасці задэкларавалі, а далей трэба рабіць. І ў працэсе нешта пачне вымалёўвацца.

Таму, калі ў нас запытваюць пра пэўны план, мы нагадваем, што мы не палітычная сіла, а ўсяго маленькая ініцыятыва з дзясятка чалавек. Мы абвясцілі збор подпісаў і нас падтрымлівае ўсё больш і больш сваякоў палітвязняў. Таму мы шчыра гаворым, што пакуль дакладнага плана не маем. Ён будзе адпрацоўвацца па ходзе. З дакладнага ў нас пакуль мэта і метады, да якіх мы рухаемся.

Гэта метад усталявання партнёрства і стварэння пляцовак для перамоў. Праз яго адпрацоўка розных кейсаў па вызваленні вязняў. То бок, мы шукаем магчымасці. Не кажам, што гэта немагчыма. Шмат чаго немагчыма. Але наша задача знайсці тое, што магчыма і рухацца да мэты.

Дакладна вядома, што некаторыя з палітвязняў адмаўляюцца падпісваць прашэнні аб памілаванні, што можа негатыўна ўплываць на намаганні іх вызваліць. Як вы да гэтага ставіцеся?

Мы не можам несці адказнасць за рашэнні, якія прымаюць вязні, у тых умовах, у якіх яны зараз. Рашэнні могуць быць рознымі, па розных прычынах. Я магу несці адказнасць за тое, што раблю я, напрыклад. І, нават, калі чалавек адмаўляецца ад падпісання такога прашэння, мы павінны з павагай ставіцца да такога выбару. Як і тое, што чалавек падпісаў такі ліст, ніякім чынам не азначае, што ён неяк здрадзіў, ці перайшоў на іншы бок. Не ведаю, як адрэагуе на такую прапанову, напрыклад, Уладзімір Мацкевіч. Хутчэй за ўсё, адмовіцца, бо ён знакавая ідэйная фігура. Але гэта не азначае, што я асабіста, нашая група і ўсе мы павінны спыніць свае намаганні па вызваленні яго і іншых. Любое рашэнне вязняў мы павінны ўспрымаць як свабоду іх выбару.

Мы ж бачым усе гэтыя «пакаяльныя» відэа. Некалькі гадоў таму на падобныя матэрыялы рэагавалі б адмоўна. А зараз усе разумеюць, як гэтыя прызнанні выбіваюцца. Таму я не буду даваць ніякіх маральных адзнак дадзенай з’яве.

У мінулыя гады, калі Лукашэнка браў палітвязняў у закладнікі, а потым гандляваў імі, былі іншыя перадумовы. Зараз сітуацыя і цана пытання надзвычай высокая. Хто павінен зрабіць першы крок да перамоваў?

Я не магу дакладна адказаць, хто павінен, бо мы ўсе ў сітуацыі нявызначанасці. Хто зробіць, той і зробіць. Стаўкі і рызыкі сапраўды надзвычайна высокія. У сітуацыі такой складанай гульні я магу адказваць выключна за сябе. Я павінна. Таму так сябе пазіцыяную і шукаю аднадумцаў. Таму мы дэманструем сябе і сваю пазіцыю.

У агульна палітычным кантэксце я бы зараз зусім не выстаўляла гэтае жорсткае «павінны». Шмат хто кажа, што Лукашэнка павінен. Вось хай спачатку ён зробіць, а потым мы. Але колькі мы не казалі, што ён павінен, ён гэтага не робіць. Замест кроку насустрач, ён набірае яшчэ больш людзей у турмы. Павышае стаўкі. У выпадку калі ён гэтага не робіць, а людзі працягваюць пакутаваць, значыць, гэта павінны зрабіць мы.

Іншае пытанне, як, якім чынам, з чыёй падтрымкай? Гэта не адналінейная партыя. Часта людзі ўяўляюць сябе, што такія палітычныя перамовы адбываюцца на ўзроўні выключна першых асобаў. Але так гэта не працуе. Сістэма на шмат больш складаная. Да гэтага трэба рыхтавацца з двух бакоў.

І як нам падаецца, з таго боку як раз рыхтуюцца. А з нашага не зусім. Мы проста стаім і дзяўбем, што ён павінен сысці, выпусціць т г.д. Неабходна без перамены каштоўнасцяў больш дакладна і рэалістычна ставіцца да сітуацыі. Усё будзе толькі пагаршацца. І я б не хацела цешыць сябе ілюзіямі аб хуткай перамозе Украіны, альбо аб тым, як полк Каліноўскага ўсіх вызваліць. Такі сцэнар я таксама не адмаўляю. Ці то Пуцін памрэ і на нас цуд зваліцца. Але я ведаю, што цуды так не здараюцца. Нават, з хрысціянскага гледзішча, цуд у нас саміх, а не ў дзеяннях іншых людзей.

Трэба шукаць кантакты, узгадняць, рабіць гэта ўпэўнена. Калі ты на правільным шляху, то ўсе каму гэта патрэбна, да цябе прыйдуць.

Поўную размову са Святланай Мацкевіч слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.