Loading

Беларускі актывіст Пятро Маркелаў разам з паплечнікамі абвесціў пра запуск парталу Luka.zone з найбольш поўнай базай лукашыстаў – людзей, якія маюць дачыненне да рэпрэсіяў беларусаў,  незаконнага захопу і ўтрымання ўлады Лукашэнкам. На цяперашні момант у базу ўжо ўнесена 6 385 чалавек, якія збівалі і катавалі беларусаў, фабрыкавалі на іх палітычна матываваныя адміністрацыйныя і крымінальныя справы, выносілі неправавыя прысуды, удзельнічалі ў фальсіфікацыі вынікаў выбараў 2020 года ў складзе выбарчых камісіяў. Пра тое, у чым адметнасць парталу і базы дадзеных, а таксама пра тое, як яна стваралася і якія мэты ён бачыць надалей, Пятро Маркелаў распавёў нашаму радыё. 

— Я адразу раскажу пра ўнікальныя асаблівасці гэтага парталу. Бо мы ведаем, што былі ўжо падобныя спробы ў мінулым і ў цяперашнім. Гэта «Чорная кніга Беларусі», якая скончыла сваю працу, гэта, напрыклад, «Дзікае паляванне» – група, якая працягвае сваю працу. Плюс ёсць яшчэ спісы людзей, якія датычныя да рэпрэсіяў, якія стваралі, напрыклад, «Наш дом» ці «Единая книга регистрации преступлений». То бок, гэтыя праекты пачыналіся, але яны… ну напрыклад, у «Единой книге регистрации преступлений» – 150 чалавек ці штосьці такое. Наша мэта – гэта сабраць найбольш такую прасунутую базу людзей, якія датычныя да палітычных рэпрэсіяў у Беларусі і каб гэтыя дадзеныя былі структурызаваныя. 

База і партал – гэта трохі розныя рэчы. То бок, база мае трохі больш мэтаў, чым партал. Мэта парталу – гэта даць такі інструмент для кампаній, для індывідуальных прадпрымальнікаў, для ўсіх, хто не хоча мець справу з людзьмі, датычнымі да палітычных рэпрэсіяў да беларусаў. Дадзеныя знаходзяцца ў структурным выглядзе. Па-першае, мы звязваем нашыя запісы з іншымі запісамі. Напрыклад, «Народны трыбунал» і ўсе гэтыя іншыя праекты. Ужо можна бачыць, наколькі чалавек прызнаецца, як чалавек, які ўнёс значны ўклад у рэпрэсіі супраць беларусаў. 

Мы пішам кароткія апісанні злачынстваў – намагаемся, як можам – у нас, на жаль, пакуль што няма ў праекце пракурораў былых, даем спасылкі на матэрыялы, фотаздымкі. То бок, гэты партал дазваляе шукаць гэтых людзей паводле імя, прозвішча, паводле нумару тэлефону, паводле e-mailу. У ручным рэжыме. 

База – гэта нейкая структура дадзеных, якая як бы трохі аддзеленая ад гэтага сайту. І вось гэтую базу я таксама хачу выкарыстоўваць, каб стварыць такі праграмны інструмент для міжнародных кампаніяў, які б мог дапамагчы ім абмежаваць супрацоўніцтва  з людзьмі з гэта спісу. 

Мне гэтая ідэя прыйшла ў галаву, калі пачалася вайна і пачалі ўводзіць санкцыі супраць усіх беларусаў. І вельмі часта – гэта такія сляпыя санкцыі. Яны ўводзяцца супраць усіх грамадзян Беларусі, што з’яўляецца, у прынцыпе, дыскрымінацыяй паводле нацыянальнай прыкметы. Гэта не ёсць добра. І я ўсвядоміў, што проста няма іншага інструменту, каб уводзіць такія больш персанальныя санкцыі супраць людзей. 

І вось мой наступны праект, які будзе  грунтаваца таксама на гэтай базе – гэта  Gray list Belarus. Гэта будзе такая праграмная сістэма, якую змогуць інтэграваць міжнародныя кампаніі. Напрыклад, нейкія крыптаабменнікі. Гэта будзе вельмі добра працаваць для тых кампаніяў, якія ўжо праводзяць мерапрыемствы верыфікацыі сваіх карыстальнікаў. Можна зрабіць інтэграцыю з нашай базай, і людзі, якія трапілі ў нашу базу, будуць пазначацца ў іх сістэме, як людзі, якіх трэба праглядзець, праглядзець там апісанне іх злачынства і, магчыма, абмежаваць ім доступ да паслуг гэтых кампаніяў.  

І яшчэ адна мэта стварэння гэтай базы – гэта наўпроставыя дзеянні супраць гэтых людзей. То бок, там можна пачытаць – у нас ёсць сайцік праекту «Пара!» – нацыянальна-вызваленчы рух, дзе якраз апісваецца ўся візія таго, што мы робім. Гэта не толькі пра гэты сайт Luka.zone. Гэта і пра далейшыя дзеянні і іншыя праекты. 

То бок, гэтую базу, насамрэч, можна выкарыстоўваць і мы плануем яе выкарыстоўваць, каб праводзіць лічбавыя аперацыі супраць гэтых людзей. Гэта можа быць нейкая рэакцыя. Напрыклад, мы ведаем, што нехта данёс на нейкага чалавека, які ўдзельнічаў у пратэстах, а гэтая навіна з’явілася ў медыя. І мы можам адразу хутка адрэагаваць – пачаць тэлефанаваць ноччу чалавеку, закідваць яго лістамі і гэтак далей. То бок, гэта такі псіхалагічны ціск на гэтых людзей, каб павялічыць узровень стрэсу, які яны адчуваюць. Яны павінны адчуваць, што за такія дзеянні ёсць нейкі адказ. І пакуль мы не можам даць нейкі адказ фізічны, мы будзем яго даваць лічбавы. 

— Ці былі ўжо рэакцыі на вашу працу ад фігурантаў, скажам так, або ад прапагандыстаў? 

— Так! Калі мы толькі запусціліся – нам пісалі, прапаноўвалі грошы, каб выдаліць сябе з базы, пыталі колькі каштуе. Плюс – пагрозы пісалі ў адказ. Але няшмат. 

Мы рабілі і індывідуальныя рассылкі. Людзі атрымоўвалі ўнікальныя спасылкі, у іх запытвалася лакацыя. І мы насамрэч атрымалі нават лакацыю 15 ці 20 чалавек. Гэта такая фішынгавая спасылка – спасылка з падвохам. То бок, мы ведаем, дзе гэтыя людзі ў той момант знаходзіліся. Такая дадатковая інфармацыя ёсць. Гэтыя людзі праходзілі па гэтых спасылках і, нават, калі яны не давалі лакацыю, то мы маем адбіткі іх прылады – нейкую дадатковую інфармацыю пра лічбавую ідэнтычнасць гэтых асобаў. 

У нас мэта ў бліжэйшыя паўгады дагнаць колькасць людзей у базе да 10 тысячаў чалавек. І бліжэйшы праект, над якім я зараз працую, хачу запусціць – гэта вось гэтая сістэма Gray list Belarus. Бо сапраўды нам трэба не такія агульныя нацыянальна-дыскрымінуючыя санкцыі, а санкцы індывідуальныя. Чаму я павінен быць пакараны еўрапейскімі санкцыямі ні за што? Яны павінны быць кропкавыя. Вось такія планы. 

Comments are closed.