Loading

Праваабарончая арганізацыя Respect-Protect-Fulfill падала скаргу ў Камітэт правоў чалавека пры ААН на парушэнне свабоды слова ў дачыненні да беларускага журналіста. Юрыстка арганізацыі Елізавета распавяла нам падрабязнасці справы.

Respect-Protect-Fulfill з’явілася вясной 2021. Адзін з кейсаў – скарга на абмежаванні свабоды слова ў дачыненні да журналіста, кіраўніка Беларускага расследавальніцкага  цэнтра (БРЦ) Стася Івашкевіча. Прычынай судовых прэтэнзій стаў артыкул, размешчаны на сайце міжнароднага кансорцыума журналістаў-расследавальнікаў OCCRP пад назвай «Як Лукашэнка аддаў элітную зямлю ў Мінску сербскім сябрам-бізнесменам».

Стась Івашкевіч. Крыніца: baj.by

Скаргу ў камітэт ужо падалі, але працэдура рэгістрацыі і разгляд такіх дакументаў вельмі доўгія. Цягам года скарга рэгіструецца, а рашэнне па ёй можа быць і праз 5-6 гадоў. Падача і разгляд – бясплатныя.

Галоўная ўмова – заяўнік павінен быць грамадзянінам краіны, якая ратыфікавала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і падпісала факультатыўны пратакол да яго. Беларусь нядаўна скасавала дадзены пратакол, таму права падачы скарг у КПЧ для беларусаў скончыцца 8 лютага.

Артыкул, які стаў прадметам спрэчак у беларускім судзе быў надрукаваны ў траўні. У ім распавядаецца, як Аляксандр Лукашэнка ад імя РБ амаль падарыў ТАА «Дана Астра» магчымасць беспрэцэдэнтнага нічым не абцяжаранага будаўніцтва. Па законе РБ ахвочыя стаць будаўнікамі шматкватэрнага дому, павінны выкупаць зямлю пад будаўніцтва праз аўкцыён. Гаворка ідзе пра мільёны даляраў за выкуп.

«Дана Астра» атрымала зямлю без аўкцыёна. Апроч таго, у кампаніі вялікія льготы па розных кірунках і на розных этапах будаўніцтва. Яна пазбаўлена неабходнасці плаціць падаткі, у тым ліку, і падатак на дабаўленую вартасць. А інфраструктура ў кварталах і дамах, пабудаваных братамі Карычамі, будавалася за кошт бюджэту горада. Такіх умоў будаўніцтва ў Беларусі няма ні ў каго.

Ільготы былы дадзены праз адпаведны ўказ Лукашэнкі №456 да 22 верасня 2014 года. Дакумент ёсць у адкрытым доступе, але некаторыя пункты ў ім чамусьці засакрэчаныя.

«Дана Астра» не пагадзілася з тым, што напісана ў артыкуле і падала позву ў гаспадарчы суд Мінска аб абароне дзелавой рэпутацыі. Яны пазначылі, што ў дадзеным артыкуле ёсць звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці. І суд вынес рашэнне на карысць «Дана Астра».

Але пры гэтым суд дапусціў парушэнні ў тым, што не прадставіў адказчыку магчымасць прадстаўляць свае інтарэсы ў судзе. Пра тое, што рыхтуецца пасяджэнне Стась Івашкевіч даведаўся за два дні да яго правядзення. У той час ён знаходзіўся за межамі РБ і не мог паспець так хутка знайсці сабе прадстаўніка ў судзе. Такім чынам, рашэнне было вынесена без удзелу адказчыка. Адпаведна яму Івашкевіч павінен напісаць абвяржэнне і прыбраць артыкул з сайту.

Далейшыя спробы абскардзіць рашэнне таксама былі безвыніковымі. То бок, фактычна суд адмовіў у доступе да суду, спасылаючыся на тое, што Івашкевіч прапусціў і тэрміны суду і тэрміны абскарджання.

Таму ў скарзе, якую падалі ў Камітэт па правах чалавека, пазначылі не толькі факт парушэння свабоды слова, але і парушэнне права на справядлівы суд.

Гэта не адзіная скарга ад Стася Івашкевіча ў КПЧ. Зараз рыхтуюцца іншыя, паколькі сацсеткі і каналы БРЦ прызнаны ўладамі Беларусі экстрэмісцкімі.

Мэта звароту – гэта, перш за ўсё, фіксацыя парушэнняў, якія дапускаюць беларускія суды, калі парушаюць базавыя правы чалавека. Пакуль такі міжнародны прававы механізм існуе, ім варта карыстацца.

Скарга пакуль не зарэгістраваная, таму беларускаму боку афіцыйна аб ёй не паведамілі. Але пасля рэгістрацыі паведамленне прыйдзе абавязкова.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.