Больш за 450 чалавек прынялі ўдзел ва ўсіх этапах 31-га Агульнапольскага фестывалю “Беларуская песня 2024”. Адборы лепшых спявакоў і танцораў праходзілі ў Бельску-Падляшскім, Гайнаўцы і іншых месцах Падляшскага ваяводства, а пераможцы — 37 калектываў і асобных выканаўцаў — з’ехаліся трэцяга сакавіка ў будынак філармоніі ў Беластоку, дзе праходзіў гала-канцэрт.
Гала-канцэрт беларускай песні ў Беластоку заўсёды мае вялікую папулярнасць. Калі нехта захацеў бы купіць білеты на яго за некалькі дзён да мерапрыемства, то яго б чакала няўдача: зала раскуплена. І сапраўды, усе месцы ў немалой залі ваяводскай філармоніі былі занятыя жадаючымі паслухаць беларускую песню і пабачыць, як спяваюць і танчаць пераможцы з Гайнаўкі, Бельска, Семятычаў, Беластока і іншых мясцін Падляшша.
Гала-канцэрт распачаўся песняй «Мой беластоцкі край» на вершы паэта Аляксандра Баршчэўскага. Гэтая песня, дарэчы, своеасаблівы гімн беларускай Беласточчыны, які выконваецца даволі часта на падобных імпрэзах.
Пра гісторыю фестывалю “Беларуская песня”, што сёлета ў 31-ы раз прайшоў у Польшчы, радыё Ўнэт расказаў яго арганізатар, старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства Васіль Сегень.
– Раней некалькі дзесяцігоддзяў праходзіў ён у рангу конкурса. Наколькі я памятаю, больш за 60 гадоў існуе гэтае мерапрыемства. Тое, што мы бачым сёлета, паказвае, што яшчэ фестываль жыве і будзе развівацца, ісці ў новых напрамках з новымі людзьмі. Наогул больш за 450 чалавек прыняло ўдзел ва ўсіх этапах нашага фестывалю. На гала-канцэрце – больш за 200 чалавек. Яшчэ ўпрыгожваем гэты наш гала-канцэрт танцамі вядомага танцавальнага ансамбля “Падляшскі вянок” .
Колькасць удзельнікаў не змяншаецца, гэта ўжо плюс. Ці пабольшваецца, цяжка мне зараз сказаць. Прыходзіць многа моладзі, моладзі добра падрыхтаванай, адукаванай у галіне музыкі і выкананні беларускай песні. І гэта таксама дае пазітыўныя думкі на будучыню.
– У якіх жанрах прадстаўляюць сваю творчасць калектывы, выканаўцы?
– Жанрава фестываль вельмі разнастайны – пачынаючы ад “белага спеву”, звычайна гэта старэйшае пакаленне, але не толькі – ёсць моладзь, якая ў гэтым напрамку развівае сваю зацікаўленасць беларускай песняй ці музыкай, і завяршаючы такімі вельмі моцнымі ўдарамі – рокавым гучаннем некаторых ансамбляў. Мы не абмяжоўвалі ніколі жанрава, даем магчымасць свабоднага выканання беларускай песні ў сваёй інтэрпрэтацыі. І я думаю, гэта – багацце нашага фестывалю.
– Беларуская дыяспара, якая значна вырасла за апошнія гады, нейкім чынам прадстаўлена на фестывалі?
– Так, ужо некалькі гадоў запар з’яўляюцца артысты, якія нядаўна прыехалі да нас сюды на Беласточчыну ці ў Польшчу, і прымаюць удзел таксама ў нашым фестывалі. Праўда, гэта яшчэ не масавая з’ява, але ўжо ёсць такія ластаўкі, якія і гэтую вясну зробяць больш дыяспарнай, а не толькі нашай тут беларускасцю, прадстаўленай Падляшшам. Так што ёсць такія асобы, і дзякуй Богу, што яны да нас прыходзяць. Спадзяемся, іх будзе ўсё болей.
— Пераможцы што атрымаюць?
– Можна сказаць, што ўзнагарода – гэта магчымасць выступіць у такой прэстыжнай залі як Падляшская філармонія. Але ж на кожным этапе нашага фестывалю – і раённым адборачным конкурсе, і цэнтральным – камісія прызначае месцы, а за гэтымі месцамі ідуць узнагароды. За кожнае месца ўдзельнікі атрымліваюць прыз. Раней гэта былі грашовыя ўзнагароды, а зараз у выглядзе бонаў, білетаў у нейкія гандлёвыя сеткі. Таму што міністэрства не дазваляе нам грашыма выплочваць узнагароду.
Comments are closed.