Loading

Яе друкавалі на футболках і торбах, рабілі стыкеры і паштоўкі, а ў слоўнік беларусаў неўзабаве прыйшло новае слова: «Евалюцыя». Пра карціну, што стала мастацкім сімвалам 2020-га у падкасце «Спадчына». 

 

«Ева Хаіма Суціна – гэта перш за ўсё партрэт, – тлумачыць мастацтвазнаўца Вольга Кліп. – Чый? Дакладна невядома. Гэта, канешне, непераўзыдзены Суцін. Неверагодны ў сваіх колерах, экспрэсіі. Суціна трэба глядзець, калі яго многа. Але нават адна Ева робіць вельмі моцнае ўражанне. 

Чаму менавіта яна стала сімвалам пратэсту? Бо гэта быў вельмі культурны супраціў. Найперш у ім удзельнічалі людзі адукаваныя. Інтэлектуалы, здольныя ўспрымаць мастацтва. Гэта быў элітарны пратэст, і таму Ева змагла стаць яго сімвалам».

Крыніца фота: is.nlb.by

Хаім Суцін нарадзіўся у 1893 годзе ў Смілавічах, быў дзясятым сынам у сям’і краўца. Юнаком збег у Мінск, каб вучыцца маляваць: бацькі былі катэгарычна супраць кар’еры мастака. Пасля Мінску Суцін паедзе ў Вільню і, нарэшце, знойдзе сябе ў Парыжы. 

Пераломным для маэстра стане 1923 год, калі яго карціны заўважыць амерыканскі калекцыянер Альберт Барнс. «Гэтага мастака я шукаў усё жыццё», скажа ён. З лёгкай рукі Барнса Суціну адчыняюцца дзверы найбуйнейшых еўрапейскіх і амерыкаснкіх прыватных калекцый ды музеяў.

 

 

«У 2020 годзе многія адкрылі для сябе Суціна наноў, а некаторыя і ўвогуле пачулі пра яго ўпершыню, – працягвае Вольга Кліп. – Як і многія таленавітыя людзі нашай зямлі, ён не знайшоў у Беларусі рэалізацыі і мусіў эміграваць. Падобная сітуацыя адбываецца і зараз, калі выбітныя людзі вымушаныя пакідаць сваю Бацькаўшчыну»

Хаім Суцін памёр у разгар Другой сусветнай, ва ўзросце пяцідзесяці гадоў. У апошні шлях яго праводзілі ўсяго некалькі чалавек. Сёння работы беларускага мастака парыжскай школы ацэньваюцца ў мільёны долараў. 

Поўная размова з Вольгай Кліп і яшчэ больш цікавых фактаў пра Хаіма Суціна – у падкасце «Спадчына».

Comments are closed.