19 чэрвеня 1924 года нарадзіўся народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў. Большасць яго твораў – аповесці, дзеянне якіх адбываецца ў час вайны. Драматычнай, страшнай. Вайны, на якой чалавек паўстае перад самай вялікай праблемай у жыцці – праблемай выбару.
У нашым топ-5 прыгадваем кнігі, якія дапамогуць нам асэнсаваць мінулае і лепш зразумець нас сённяшніх.
1. Мёртвым не баліць
Адзін з самых пранізлівых твораў айчыннай ваеннай прозы. Як заўсёды ў Быкава – без трафарэтнага гераізму і траскучых лозунгаў.
Лёгкапараненаму малодшаму лейтэнанту Леаніду Васілевічу даручаюць даставіць у штаб трох палонных немцаў. Каб жа ведаў быкаўскі герой, якім пеклам абернецца гэты шлях, напрыканцы якога ён зразумее старажытнае прароцтва «Жывыя пазайздросцяць мёртвым».
Пасля выхаду аповесці пачалося сапраўднае шэльмаванне пісьмінніка. Кнігу забаранілі да друку амаль на 20 гадоў, пасля яна выходзіла з купюрамі і праўкамі, і толькі ў 2014 годзе ўбачыў свет варыянт без цэнзуры.
2. Знак бяды
Кніга-рэквіем і самы антываенны твор Васіля Быкава. Адна з вяршынь творчасці пісьменніка. Як і ў іншых сваіх аповесцях, ён звяртаецца да падзей перажытай вайны і самае галоўнае для яго – гэта паглыбіцца ў псіхалогію чалавека падчас жорсткіх выпрабаванняў:
«Зло не можа спарадзіць нічога, апроч зла, на іншае яно не здольна. Але бяда ў тым, што людская дабрыня перад злом бяссільна, зло лічыцца толькі з сілай і баіцца адно толькі кары. Толькі непазбежнасць адплаты можа прыцішыць драпежны ягоны нораў, прымусіць задумацца. Інакш на зямлі запануе пекла, аб якім гаворыцца ў Бібліі».
3. У тумане
«І жыць хочацца, і хочацца чалавекам застацца. А як? І тое, і другое разам не атрымліваецца, трэба выбіраць адно…».
Ці магчыма зрабіць маральны выбар у амаральных абставінах? На гэтае пытанне прыйдзецца знайсці адказ не толькі героям аповесці, але і яе чытачу. Раім паглядзець і аднайменны фільм, які зняў Сяргей Лазніца. Стужка ўдзельнічала ў асноўным конкурсе Канскага кінафестывалю.
4. Сотнікаў
«Што такое чалавек перад знішчальнай сілай бесчалавечых абставін? На што ён здольны, калі магчымасці абараніць жыццё вычарпаны ім да канца і прадухіліць смерць немагчыма?», – разважаў пра сваю аповесць Васіль Быкаў.
«Сотнікаў» – яшчэ адзін шэдэўр экзістэнцыяльнай прозы сусветнага ўзроўню. Аповесць-разважанне пра цану жыцця і смерці, баязлівасць і гераізм, вернасць і здраду. Пытанні, на якія у кожнага героя Быкава свае адказы.
5. Доўгая дарога дадому
Кніга мемуараў пісьменніка. Асабіста перажытае амаль за 70 гадоў. Быкаў піша пра дзяцінства, вайну, вымушаную пасляваенную службу, пра свой пісьменніцкі шлях, паездкі, пра сяброў і ворагаў. Гэта ўнікальная магчымасць убачыць тагачасныя падзеі вачыма пісьменніка і, канешне, даведацца пра тое, як ён ствараў свае кнігі.
Comments are closed.