Loading

Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі сёлета праходзіў у польскім Гданьску і сабраў больш за 300 удзельнікаў – прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці з Беларусі, Літвы, Польшчы, Германіі, Чэхіі, Вялікабрытаніі і іншых краін, дзе зараз жывуць і працуюць беларускія навукоўцы.

Тры дні працы, тры пляцоўкі, 12 секцый, дыскусіі ў фармаце нон-стоп, абмяркоўвалі ўсё: ад знешняй палітыкі да літаратуры і тэатра. Важнае месца ў дыскусіях займала тэма беларуска-польскіх стасункаў, улічваючы месца правядзення сёлетняга кангрэса. Пра палітычны складнік гэтых стасункаў разважае Каміль Клысіньскі, эксперт па беларусіх справах Цэнтра ўсходніх даследаванняў

«Я ахарактарызаваў стан польска-беларускіх стасункаў як стабільна цяжкі. Фактычна гэта азначае, што пацыент яшчэ канчаткова не памёр. У нас яшчэ засталіся дыпламатычныя стасункі, мы іх не разарвалі. Мы не ў стане вайны, ці паўвайны, ці нейкага вайсковага канфлікту. І гэтая стабільнасць у рамках, але ўтрымліваецца.

Назіраю зараз спробу дээскалацыі з збоку Беларусі, але падыходжу да гэтага з вялікім скептыцызмам, як і мае калегі ў Польшчы. Да гэтага трэба ставіцца асцярожна, бо няма даверу да беларускага боку: міграцыйны крызіс, захоп самалёту, палітыка ў дачыненні польскай мовы ў школах, агульная рыторыка – гэта ўсё стала прычынай, што даверу няма. Тая дээскалацыя з боку Беларусі азначае, што рэжым Лукашэнкі баіцца выключна закрыцця мяжы».

Практычны складнік стасункаў, а менавіта праблемы беларусаў, якія прыехалі ў Польшчу абмяркоўваўся ў рамках асобнай панелі. Складанасці, з якімі сутыкаюцца беларусы Гданьска агучыў актывіст мясцовай дыяспары Андрэй Архіпенка.

«Напрыклад, пасля пачатку вайны з’явіліся факты дыскрымінацыі беларусаў. Таксама ў Гданьску беларусы сутыкнуліся з праблемай, што мясцовыя ўлады пры атрыманні розных дакументаў патрабуюць даведку аб несудзімасці, якую можна атрымаць выключна ў Беларусі ці ў беларускіх дыпламатычных установах. Але людзям, якія знаходзяцца пад міжнароднай абаронай, па заканадаўстве нельга нават заходзіць на тэрыторыю Беларусі, чым фактычна з’яўляецца консульства. На дадзены момант адпаведную праблему датычна таксістаў вырашылі на мясцовым узроўні, ад іх гэты дакумент не патрабуюць, але нас папярэдзілі, што, калі ўлады зменяцца, то новыя пачнуць трактаваць закон, так як трактавалі да гэтага. Таму пытанне трэба вырашаць сістэмна».

Сацыёлаг Алег Алампіеў са свайго боку заўважае, што антыпольскія наратывы, якія пашырае беларуская прапаганда, пакуль не знайшлі падтрымкі ва ўмах беларусаў, паколькі асноўны прынцып талерантнага беларуса – з суседзямі трэба жыць мірна.

«Сёння цяжка сказаць, як гэта будзе працаваць далей, але пакуль нашыя даследаванні кажуць, што беларусы не ўспрымаюць палякаў як ворагаў. Зараз беларусы ставяцца да палякаў вельмі пазітыўна, гэта такая рыса беларускай ментальнасці – мы народ вельмі талерантны, таму з суседзямі трэба жыць у згодзе. Трэба адзначыць, што сапраўды беларуская ўлада спрабуе насадзіць такія наратывы, але пакуль польскі народ вораг толькі для Лукашэнкі, але не для беларусаў».

Апошнюю сацыялогію адносна меркаванняў беларусаў па тэмах вайны, геапалітычнай арыентацыі і пераваг прадставіў кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Вардамацкі.

«Калі мы кажам пра геапалітычную арыентацыю, то асноўнае тут – спыніўся ўзрост прарасійскіх настрояў. Што тычыцца вайны ва Украіне, то тут галоўная лічба – адносіны да магчымага ўводу беларускіх войскаў ва Украіну. Гэтая лічба не мяняецца з пачатку вайны – 80-85% беларусаў выступаюць супраць. Такой вялікай лічбы я не памятаю наконт якой-небудзь іншай падзеі. Сёння сярод тэм, якія хвалююць беларусаў: рост цэн і рызыка быць уцягнутымі ў магчымую вайну. Пытанні геапалітычнай арыентацыі беларусаў унутры краіны хвалююць мала, як і праблемы правоў чалавека».

Алесь Казакоў з The University of Exeter даследаваў беларускую дыяспару на прадмет самаадчування. Пра псіхалагічны стан, траўмаванасць і праблемы, з якімі прыходзіцца сутыкацца, расказалі беларусы Літвы, Польшчы і Грузіі.

«Самае галоўнае, што трэба падкрэсліць, – існуюць розныя лініі падтрымкі беларускай дыяспары за мяжой, ініцыятывы аказваюць матэрыяльную дапамогу, дапамагаюць вырашаць юрыдычныя пытанні, а вось пытанні самаадчування, нейкай псіхалагічнай, псіхатэрапеўтычнай падтрымкі засталіся на другім плане. Ёсць група людзей, якія выязджалі з Беларусі ўжо з траўмай, гэта складаная група, і за мяжой ім цяжка наладзіць псіхалагічную дапамогу. Праблема ў тым, што не існуе нейкай доўгатэрміновай праграмы псіхалагічнай дапамогі для такіх людзей. Ёсць ініцыятывы, якія могуць часова перакрыць нейкія патрэбы. Некаторым людзям дастаткова 5-10 сеансаў, а некаторым трэба больш доўгатэрміновыя рашэнні. Людзі апынуліся ў сітуацыі, калі вымушаны гэта вырашаць самастойна. Добра, калі на гэта ёсць сродкі, але як высветлілася, такую дапамогу могуць сабе дазволіць не ўсе».

А наколькі беларуская дыяспара можа быць эфектыўнай у супрацьстаянні з эканамічнымі інтарэсамі рэжыма за мяжой, радыё Ўнэт расказаў эканаміст Віталь Алейнік.

«Наша сесія называецца ESG (Environmental, Social & Governance) і тычыцца нефінансавых аспектаў дзейнасці бізнеса, калі бізнес павінен звяртаць увагу не толькі на нейкія фінансавыя паказчыкі, але і на сваю адказнасць перад грамадствам, супрацоўнікамі і будучымі пакаленнямі. Маштаб праблемы датычна беларусаў: былі кейсы Yara, Ikea, у Беларусі працягвае працаваць Stadler, нягледзячы на рэпрэсіі і рэпутацыйныя рызыкі. Мы ведаем пра тое, што санкцыі спрабуе абысці «Амкадор». На ўзроўні невялікіх кампаній шмат хто ўнутры Беларусі таксама выкарыстоўвае не зусім сумленныя схемы. Але адначасова мы бачым, што не ўсе пагаджаюцца на такі фармат працы і паступова бізнес сыходзіць з Беларусі».

Comments are closed.