Што рабіць, калі чытаць на сваёй мове хочацца, а даехаць да кніжнай крамы або кірмашу не атрымліваецца? У падкасце Топ-5 мы зрабілі для вас падборку пяці беларускіх кніг, якія хоць зараз можна замовіць анлайн у любы польскі горад.
1 «Хлопчык і сьнег»
Альгерд Бахарэвіч
Пра што кніга? Культавы беларускі пісьменнік запрашае ў сваё «менска-марсіянскае» познесавецкае дзяцінства. Падарожжа ў васьмідзясятыя адбываецца ў жанры аўтафікшн.
«Усе нашыя ўспаміны – гэта насамрэч выдумкі, заснаваныя на частковай праўдзе. У сваёй кнізе «Хлопчык і сьнег» я спрабаваў знайсці адказы на пытанні, як шмат мы памятаем, як шмат мы мусім памятаць і што мы забываем… А яшчэ, гэта кніга пра дзяцінства, якое заўсёды – страчаны рай. Мне было вельмі балюча яго ўспамінаць», – распавядаў Альгерд Бахарэвіч у інтэрв’ю нашаму радыё.
Дарэчы, па прызнанні самога пісьменніка, ва ўласным рэйтынгу таго, што ён напісаў, кніга «Хлопчык і сьнег» стаіць на высокім другім месцы.
Дзе замовіць? На сайце knihauka.com Кошт без дастаўкі – 44,90 zł. За 44.90 zł кнігу можна замовіць на allegro.pl
2 «Алесь Бяляцкі»
Аўтар – Алесь Бяляцкі, укладальнікі – Лявон Сновіч, К., Таццяна Нядбай
Пра што кніга? Гэты найлепшыя тэксты, выдадзеныя Алесем Бяляцкім у розныя гады – успаміны, публікацыі з перыёдыкі, фрагменты інтэрв’ю, цытаты з выступаў на канферэнцыях, прамоў у судах, напісанае ў лістах на волю і ў асабістых блогах.
«Кніга паказвае зараджэньне і станаўленьне грамадзянскага актывізму ў Беларусі – і асобу Алеся Бяляцкага як аднаго з найбольш яркіх яго прадстаўнікоў. Адкрывае чытачу Беларусь, што працягвае змаганьне за праўду, правы чалавека, за сваю культуру і незалежнасьць», – піша Таццяна Нядбай у прадмове да выдання.
Выданне ўбачыла свет літаральна за некалькі дзён да ўручэння Бяляцкаму Нобелеўскай прэміі міру і пабывала ў Осла на цырымоніі ўзнагароджання. Палітзняволены кіраўнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» быў тады адзіным лаўрэатам, які не змог прыехаць асабіста і стаў адным з нямногіх людзей у гісторыі, хто атрымаў Нобелеўскую прэмію, знаходзячыся ў турме або пад вартай.
Дзе замовіць? На сайце allegro.pl Кошт кнігі без дастаўкі – 49,00 zł
3 «Побач»
Наста Кудасава, Святлана Дземідовіч
Пра што кніга? «Нам усім вельмі важна захоўваць разуменне, што мы не адзінокія. І што побач могуць быць людзі, якім таксама патрэбнае гэтае пачуццё не адзінокасці», – распавядала Наста Кудасава ў інтэрв’ю нашаму радыё. Яе новая кніга чакала свайго выхаду цэлых 6 гадоў. Атрымалася не проста храналагічная нізка − зборнік выбранага, найлепшага, вельмі асабістага:
проста ісці
міма пярэстых ісцін,
міма чужых далоняў, любімых калісьці,
міма чужога зроку,
змроку чужога,
проста ісці
скрозь дакучлівых шораў шоргат,
міма пустых апалонаў,
усіх палонаў,
слухаць, як вецер пяе ў шавялюрах клёнаў,
слухаць, як туліцца восень да ног сонным лісцем,
проста ісці,
бо дарога і ёсць выйсце.
Дзе замовіць? Заказ можна аформіць праз ТГ @TalijaZ. Таксама кніга прадаецца ў Цэнтры беларускай салідарнасці.
4 «Каласы пад сярпом тваім»
Уладзімір Караткевіч
Пра што кніга? Гэта адзін з самых значных тэкстаў у беларускай літаратуры і галоўны ў творчасці Караткевіча, які заўсёды нас вучыў ганарыцца тым, што мы беларусы.
5 верасня стала вядома, што твор прыбралі са школьнай праграмы па беларускай літаратуры. Зрэшты, гэта толькі яшчэ раз даводзіць: наш любімы класік актуальны, а яго раман не фальшывы, сапраўдны і пра нашыя каштоўнасці.
Караткевіч прысвяціў свой твор паўстанню 1863 года. На старонках рамана мы сустрэнемся як з літаратурнымі персанажамі, народжанымі мастацкай фантазіяй, так і з рэальнымі гістарычнымі асобамі – Кастусём Каліноўскім, Зыгмунтам Серкаоўскім, Вінцэнтам Дунінам-Марцінкевічам, Станіславам Манюшкам, Тарасам Шаўчэнккам і Уладзіславам Сыракмолем.
Дзе замовіць? У інтэрнэт-краме alfavit.eu Кошт кнігі без дастаўкі – 22.99 €

5 «Гэй Бэн Гіном»
Уладзімір Някляеў
Пра што кніга? Раман пра Беларусь і беларусаў. Пра Янку Купалу. Пра ягоны лёс, таямніцу ягонай гібелі ў гатэлі «Масква». А яшчэ, пра пошукі адказаў на пытанне: «Мы самі выбіраем свой шлях, ці яго выбіраюць за нас?»
Уладзімір Някляеў, які пісаў свой раман чатыры гады, прызнаваўся:
«Магчыма, гэта самае істотнае, што ў мяне атрымалася зрабіць у творчасці. Гэты раман стаў актуальным не праз маю задуму, а праз тое, што адбылося ў нашай рэчаіснасці. Я пісаў пра Купалу, часы сталінскіх рэпрэсій, турмы, пераследы, ганенні на Беларушчыну. І раптам кола з рыпам крутанулася, і ўсё гэта вярнулася да нас. Я нават не ўяўляў, што так можа быць. Але ў жыцці і немагчымае магчыма».
Дзе замовіць? У інтэрнэт-кнігарні «Камунікат». Кошт асобніка – 50,00 zł

Comments are closed.