Loading

5 верасня стала вядома, што гістарычны раман Уладзіміра Караткевіча знік са школьнай праграмы для 11-га класа па беларускай літаратуры. Яшчэ ў леташняй праграме «Каласы пад сярпом тваім» былі. На вывучэнне твора адводзілася нават 5 акадэмічных гадзін. А вось у праграме на 2023-2024 навучальны год раман замянілі на «Чорны замак Альшанскі».

«Каласы пад сярпом тваім» — адзін з самых значных тэкстаў у беларускай літаратуры і галоўны ў творчасці Караткевіча, які напісаў пра падзеі напярэдадні паўстання 1863 года. Менавіта з гэтай кнігі для многіх з нас пачынаўся шлях да беларушчыны і сваёй нацыянальнай свядомасці.

Крыніца: oz.by

Алесь Зарэмбюк, кіраўнік Беларускага дома ў Варшаве:

«Гэта школьны твор, які шмат пакаленняў беларусаў вывучалі на ўроках беларускай літаратуры. Гэты раман тлумачыў нам, што мы – самастойная еўрапейская нацыя і распавядаў, нашчадкамі якіх традыцый і якой гісторыі мы з’яўляемся.

Адбыўся чарговы крок па русіфікацыі Беларусі і беларускай адукацыі. Гэта чарговая жахлівая цагліна ў мур знішчэння ўсяго беларускага. І гэта тое, што пасля зробіць нас яшчэ больш слабымі як нацыю перад патэнцыйнай навалай з усходу. Гэта чарговы вельмі чорны дзень у гісторыі беларускай літаратуры і адукацыі».

Валярына Кустава, паэт, даследніца творчасці Караткевіча, укладальніца 16-17 тамоў збору твораў пісьменніка:

«Гэта яшчэ адзін крок да знішчэння беларускасці, да знішчэння нацыянальнага, нашай памяці, нашай свядомасці, знішчэння Беларусі і яе культуры. 

Мы ведаем шмат прыкладаў, калі са школьнай праграмы вынішчаюцца важныя творы і замяняюцца на сімулякры, на графаманства, на адмыслова створанае ідэалагічнае чытво, каб змяніць вядомасць маладых юных беларусаў. Але ў іх нічога не атрымаецца. Бо немагчыма выкараніць Караткевіча, які чатыром пакаленням беларусаў прышчапіў ген беларускасці. Гэта не выкрасліць адным законам. І мне здаецца, што такім чынам улады цяпер толькі павышаюць цікавасць да беларускай літаратуры».

Валянціна Андрэева, заснавальніца выдавецтва Gutenberg Publisher, у 2014 годзе падрыхтавала да друку арыгінальны тэкст рамана  

«Гэты раман для мяне вельмі важны асабіста, бо гэта я займалася яго вызваленнем ад цэнзуры і менавіта ў маёй рэдакцыі тэкст рамана выйшаў у 2014 годзе і перадрукоўваецца цяпер. Ніякай панікі я не адчуваю. Тым больш, цяпер школьная праграма настолькі дыскрэдытавала сябе, што гэта толькі дабавіць папулярнасці твору. 

Тое, што адбылося, толькі пацвярджае, што гэты твор — сапраўды жывы, не фальшывы, актуальны, гаворыць пра нашыя каштоўнасці, не з’яўляецца прапагандай. І ў выніку мы ўсё роўна застанемся ў выйгрышу».

Крысціна Дробыш, актрыса, стваральніца праекта «Кніжны воз»:

«Канечне, гэта жахліва. Але стаўлюся да гэтага і так: усё забароненае зазвычай становіцца самым цікавым. Таму «Каласы пад сярпом тваім» атрымалі выдатную піяр-кампанію.

Спадзяюся, што ў бібліятэках можна будзе знайсці гэтую кнігу, можна будзе яе спампаваць. І я думаю, што бліжэйшым часам нашая каманда зоймецца стварэннем новай аўдыёверсіі. Адна ўжо створаная Андрэем Андрэевічам Калядой, але цяпер самы час і нам узяцца за гэтую старонку класікі, асучасніць яе, ажывіць». 

Паслухаць матэрыял цалкам можна ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.