Мінскія ўлады патрабуюць ад парафіі забраць маёмасць з храма на працягу некалькіх дзён. Будынак касцёла, пабудаваны ў 1910 годзе на сродкі мецэната Эдварда Вайніловіча, пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці не быў перададзены абшчыне, а знаходзіўся ў яе бязвыплатным карыстанні. Чаму ўлады вырашылі забраць касцёл у вернікаў і да чаго гэта можа прывесці, разважаюць журналіст, парафіянін Чырвонага касцёла Вітаўт Сіўчык і сябра Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Зміцер Лупач.
— Ці ёсць у вас разуменне, чаму ўлады напалі на касцёл, ці ёсць у гэтым нейкі сімвалізм?
Вітаўт Сіўчык: У гэтым ёсць нейкі сатанізм, бо гэта першы выпадак у Беларусі ад часоў СССР, калі ўлады збіраюцца адабраць храм у вернікаў. Каталіцкія іерархі думалі, што час, калі людзей пазбаўляюць храмаў, мінуў, але мы бачым, што не, бо цяперашняя ўлада ёсць працягам камуністычнай. Чырвоны касцёл даўно муляў у воку лукашыстам, стоячы на Плошчы Незалежнасці, як візітоўка сталіцы.
— Можа гэта быць помстай улады за дзейнасць касцёла?
В. С.: Так, Лукашэнка вельмі помслівы. Давайце прыгадаем падзеі 2020 года, калі іерархі ў Чырвоным касцёле казалі моцныя прамовы, якія слухала ўся краіна, у тым ліку не каталікі. Людзі хаваліся ў касцёле ад АМАПа, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў караць сілавікоў за тое, што яны рабілі з будынкам. Напэўна, лукашысты вырашылі, што час помсты надышоў, бо людзі затэрыразаваныя. Можа, гэта такі стрэс-тэст для нашага грамадства.
Зміцер Лупач: Мне здаецца, гэта нейкі паўтор пасляваенных падзеяў. Тады, калі нямецкія акупанты адступілі, спачатку зачысцілі ўзброены супраціў у лясах, знішчылі моладзевыя арганізацыі, якія выступалі за навучанне на беларускай, а потым ужо пачалі зачыняць касцёлы і арыштоўваць святароў.
— Ці гатовая каталіцкая супольнасць змагацца за сваё?
В. С.: Некаторыя парафіяне настроены рашуча і кажуць, што трэба змагацца з уладамі, не аддаваць касцёл. Але зараз бракуе публічнага каментара ад духоўных асобаў. Людзі чакаюць рэакцыі іерархаў, ці будзе пратэст, ці ўсё будзе названа сваімі імёнамі. Напрыклад, на афіцыйным партале Каталіцкага касцёла ў Беларусі ўвогуле пакуль няма пра гэта звестак, і гэта вельмі абурае.
Мы бачым, што даюць кампрамісы і спробы гуляць у дыпламатыю з боку Ватыкана ў дачыненні да ўзурпатара. Касцёл па праве належыць каталіцкай супольнасці, асабіста я не хацеў бы, каб за тое, што ў нас не будуць яго адбіраць, касцёл паступаўся маральнымі прынцыпамі.
— Якая верагоднасць, што будынак сапраўды знаходзіцца ў аварыйным стане, як кажуць мінскія ўлады?
З. Л.: Асабіста я ў гэта не веру, апошнія падзеі паказваюць, што даверу ўладзе няма.
— Чаму кіраўніцтва Каталіцкага касцёла маўчыць?
В. С.: Мабыць, яны не хочуць злаваць рэжым крытыкай. Думаюць, што вось зараз улады прадэманстравалі сілу, потым астынуць і, мабыць, вернуць касцёл. А калі рэзка рэагаваць, то можна пагоршыць справу. На маю думку, такі падыход неапраўданы і няслушны.
— Што могуць запатрабаваць улады, каб храм застаўся вернікам?
З. Л.: Мяркую, што праз Ватыкан рэжым Лукашэнкі можа спрабаваць прымусіць захад да дыялогу з ім.
В. С.: Яны намагаюцца з аднаго боку знайсці нейкі кантакт з захадам, а з іншага — не саступіць ні ў адным пытанні. Я б не спадзяваўся на дапамогу Ватыкана, бо палітыка нунцыя Антэ Ёзіча вельмі дзіўная.
З. Л.: Калі ў сталіцы касцёл не абароняць, што казаць пра храмы ў правінцыі? Безумоўна, калі каталіцкія ўлады саступяць рэжыму, гэта моцна ўдарыць па іх аўтарытэце.
— А якім чынам грамадства можа абараніць касцёл? Не гвалтоўна ж!
В. С.: Ведаеце, на землях ВКЛ былі прыклады гвалтоўнага супраціву царскім уладам, якія закрывалі касцёлы. Але знаходзячыся за мяжой Беларусі, я не магу заклікаць ні да якіх актыўных дзеянняў, гэта асабісты выбар кожнага чалавека па абставінах. Ёсць і іншае меркаванне — што не трэба паддавацца на гэтую правакацыю, бо лукашысты і рускамірцы хочуць вывесці ўсіх актыўных, пасіянарных людзей на святло, каб усіх перасаджаць і зачысціць грамадскасць. Я лічу, што прынамсі супольную малітву ля сцен касцёла можна было б правесці. Складана разважаць, што можа быць цяпер. Людзі застрашаныя, шмат хто быў вымушаны з’ехаць.
— Ці можа патрапіць пад такія «санкцыі» рэжыму і праваслаўная царква?
З. Л.: Не, на мой погляд, пайсці супраць РПЦ у Беларусі не рызыкнуць, бо гэта будзе вельмі негатыўна ўспрынята ў Расіі. Каталіцкі касцёл — гэта прадстаўнік захаду і ўсё ж незалежная ад дзяржавы інстытуцыя. Таму яны, напэўна, і вырашылі зачысціць гэты «астравок вальнадумства». Мабыць, «рускі свет» таксама паўплываў.
— Ці можа такі ціск на каталіцтва ў Беларусі аб’яднаць грамадства і запусціць нейкія новыя працэсы?
В. С.: У Польшчы такая сітуацыя магла б узняць увесь народ. На Беларусі ж каталікі з’яўляюцца меншасцю. Але гэта іх раззлуе, яшчэ больш супрацьпаставіць лукашэнкаўскай уладзе. Апроч таго, гэта відавочнае парушэнне свабоды веравызнання, таму стаўленне захада да рэжыму яшчэ пагоршыцца.
З. Л.: Я памятаю, як у 1988 годзе ў Паставах вернікам упершыню ў саюзе быў вернуты касцёл. Гэта не быў гвалтоўны супраціў, людзі маліліся каля будынка, збіралі подпісы, і нарэшце дамагліся, каб касцёл вярнулі. Мне б хацелася, каб нашае грамадства выказала нейкі пратэст.
Comments are closed.