Акрэсціна, «хімія» ў Крупках, следчы ізалятар у Гомелі, ізалятар часовага ўтрымання ў Барысаве, жодзінская турма і наваполацкая калонія, якая на самой справе пераўтварылася ў наваполацкі ШЫЗА. Такі незайздросны шлях давялося прайсці магілёўскаму актывісту Станіславу Паўлінковічу.
У кастрычніку 2020-га маладога чалавека спачатку асудзілі на тры гады «хіміі» за абразу суддзі, а пасля дадалі яшчэ 5.5 месяцаў за перапіску ў экстрэмісцкім тг-чаце.
Пра беларускія турмы, прычыны паразы мірных пратэстаў і адаптацыю да нармальнага жыцця, у эфіры радыё Ўнэт распавёў былы палітвязень Станіслаў Паўлінковіч.
Сцісла ў размове:
- Пасля амаль 2 гадоў у няволі я выйшаў і проста не пазнаў Беларусь. Краіна стала цалкам прыгнечанай. Актыўныя людзі з’ехалі за мяжу альбо сядзяць у турмах, а тыя, хто застаўся змірыліся з тым, што адбываецца ў краіне.
- За кратамі вельмі не хапае інфармацыі. Былі выпадкі, калі адміністрацыя калоніі сама прыдумляла навіны і распаўсюджвала іх сярод зняволеных. Напрыклад, нам казалі, што ВСУ вызвалілі Лісічанск і што там нават стаялі амерыканскія танкі Abrams. І толькі калі я апынуўся на волі, то даведаўся, што гэта няпраўда.
- Выглядае смешна, што ў таталітарнай краіне людзі хацелі змяніць уладу праз мірны пратэст, каб усё было паводле закону. Памятаю, калі нехта на маршах прапаноўваў больш радыкальныя метады барацьбы, то іх адразу ж называлі правакатарамі. Цяпер мы бачым вынікі негвалтоўнага супраціву.
- Не бачу сэнсу ў тым, каб дэмсілы гандляваліся з рэжым за палітвязняў. Сёння Лукашэнка выпусціць адных, а заўтра набярэ новых закладнікаў. Рэпрэсіі ніколі не спыняцца, бо яны – сэнс існавання гэтага рэжыму.
Поўную размову глядзіце ў трансляцыі ніжэй.
Comments are closed.