Loading

У Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі адбыўся раскол. На з’ездзе партыі, які прайшоў 10 лютага ў Варшаве, БХД вырашылі прызнаць адзіным сваім лідарам палітзняволенага, сузаснавальніка партыі Паўла Севярынца і выключыць са складу партыі ранейшых сустаршыняў Віталя Рымашэўскага, Вольгу Кавалькову, адказнага сакратара Дзяніса Садоўскага і кіраўніка Магілёўскай абласной суполкі  Алега Аксёнава, які нядаўна засвяціўся ў несвядомай супрацы з беларускім КДБ.  

Падзеі радыё Ўнэт пракаментавалі сустаршыня партыі Беларуская Хрысціянская дэмакратыя Георгій Дзмітрук і адказны сакратар Аркамітэту Партыі Беларуская Хрысціянская дэмакратыя Дзяніс Садоўскі.  

Георгій Дзмітрук

“Выключаныя з партыі Віталь Рымашэўскі, Вольга Кавалькова, Дзяніс Садоўскі медыйныя ў сферы ўласнага ўдзелу ў іншых праектах, якімі з’яўляюцца Каардынацыйная Рада ці нейкая іншая арганізацыя. Таму хай яны гэтым і займаюцца, хай яны будуць медыйнымі ў гэтых арганізацыях. Якое дачыненне яны маюць да БХД – гэта ставіцца пад сумнеў, таму што яны не справаздачацца. І нават на канферэнцыю, якая адбылася напярэдадні, яны проста не прыйшлі. То бок, яны ігнаруюць. 

Я разумею, што ў іх ёсць больш цікавыя заняткі, больш такі палітычна важны, магчыма, удзел у Каардынацыйнай Радзе, у нейкіх іншых арганізацыях. Але ў працы БХД яны не ўдзельнічаюць.  

Таму гэта працэс ачышчэння БХД, а не працэс пазбаўлення Рымашэўскага, Кавальковай і Садоўскага. Калі ласка, яны могуць займацца, чым хочуць, але па-за БХД. Маніпуляваць імём БХД, імём Паўла Севярынца, нашай ідэалогіяй, якой яны не трымаюцца, у гэтым няма неабходнасці. Таму мы прынялі такое, балючае для нас, рашэнне. У прынцыпе, рашэнне мы прынялі год таму. Гэта быў недавер, выказаны ім.  Мы правялі з’езд і аформілі гэта юрыдычным спосабам. Найвышэйшым органам улады з’яўляецца з’езд. Мы іх запрашалі, яны не прыйшлі. Таму, на жаль, так і атрымалася. 

Адна з прычынаў спачатку недаверу, а зараз выключэння з партыі гэтых асобаў палягае ў тым, што яны ажыццявілі рэйдарскі захоп сродкаў камунікацыі. У іх руках сайт, электронная пошта, ліставанне і гэтак далей. Яны цалкам усё гэта забралі з моманту арышту Паўла Севярынца. Вось яго арыштавалі і праз дзень мы атрымалі немагчымасць камунікаваць праз нашыя каналы”.   

 

Дзяніс Садоўскі

Па-першае, хачу адзначыць, што ніякага з’езду Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі не было. Гэта быў сход эмігрантаў, якія назвалі гэта з’ездам, якія, напэўна, паняцця не маюць, што такое на самой справе можа прадстаўляць з сябе з’езд. Спадар Дзмітрук праз Фэйсбук сабраў тых людзей, якім цікава было гэтае мерапрыемства, у колькасці некалькіх дзясяткаў, якое яны назвалі з’ездам. У Беларусі, нагадаю, мы з’езды праводзілі па 400-500 чалавек. І гэта былі дэлегаты толькі. Гэта людзі, якіх дэлегавалі на рэгіянальных структурах, а не так, як гэта робіць зараз спадар Георгій. 

Захапіць можна толькі ў таго, хто штосьці мае. Спадар Дзмітрук ніколі не ўдзельнічаў актыўна ў дзейнасці аргкамітэта БХД, ніколі не займаўся ні міжнароднай, ні інфармацыйнай дзейнасцю, ні партыйнай дзейнасцю. Таму, канешне, ніякіх кантактаў у яго не было. 

І ўвогуле да 2020 года, пакуль ён не з’ехаў з Беларусі, а нагадаю, што аргкамітэт быў створаны ў 2007 годзе, першы з’езд адбыўся ў 2009 годзе, увесь гэты час ён ніякай актыўнасці не праяўляў. Але пасля таго як ён з’ехаў, рэзка “абвастрылася” ў яго цяга да партыйнага жыцця. Ён заявіў, што ён цяпер лідар. Севярынец Павал у турме, і, значыць, ён будзе адзіным лідарам. І патрабаваў нейкія там кантакты, нейкія доступы. 

Зразумела, што ёсць легальна абранае партыйнае кіраўніцтва, якое было абрана на рэальным з’ездзе, які адбываўся яшчэ ў Беларусі. Таму партыя працягвае дзейнасць. Але ёсць розныя дзіўныя людзі, так іх назавем, якія выказваюць свае нейкія рэакцыі. Ну што ж зробіш?!

Нацыянальная рада прыняла рашэнне, што мы аднаўляем сваю дзейнасць як аргкамітэт партыі і дзейнічаем выключна ў рамках аргкамітэта. І можам праводзіць дзейнасць толькі ў якасці аргкамітэта. Не называемся партыяй, не называем сваіх пасадаў. Для таго, каб максімальна мінімізаваць рызыкі, звязаныя з пераследам тых сябраў БХД, якія застаюцца ў Беларусі, а гэта 95% нашых сябраў.  

Таксама прынялі рашэнне, што хто парушае гэтыя ўмовы, аўтаматычна выключаецца са складу, каб не падстаўляць іншых людзей. Георгій не згадзіўся з гэтым рашэннем, назваў сход Нацыянальнай рады нелегітымным (ну ён звычайна ўсё прызнае нелегітымным, калі гэта не адпавядае яго меркаванням), таму аўтаматычна ён атрымаў выключэнне. Але мы спрабавалі яго абразуміць. Спрабавалі з ім размаўляць. Усё, на жаль, было бессэнсоўна. Таму афіцыйна мы аформілі яго выключэнне ў траўні 2023 года. Адпаведнае рашэнне апублікаванае на афіцыйным сайце аргкамітэта. 

Comments are closed.