Улады пахваліліся, што Беларусь па безвізе наведала з пачатку года 190 тысяч турыстаў. Як сцвярджае Дзяржпагранкамітэт, ахвотней за ўсіх да нас ехалі літоўцы – 122 914 чалавек перасекла мяжу за пяць месяцаў. Праўда, як высветлілася, не ўсіх літоўцаў беларускія ўлады чакаюць у краіне. Наш суразмоўца Вітаўтас ехаў у Беларусь у траўні, каб наведаць Гродна і Мінск. Але яго падарожжа скончылася ў пункце пропуска: на тэрыторыю Беларусі мужчыну не пусцілі. Пасля «паглыбленага» інтэрв’ю з прадстаўнікамі спецслужбаў і прагляду зместа тэлефона, Вітаўтасу паставілі ў пашпарце забарону на ўезд і адправілі дадому ў Літву.
— Я ведаў, што ёсць бязвізавы рэжым для грамадзян Літвы, Латвіі і Эстоніі. Пачытаў правілы, што там трэба мець страхоўку і ўсё, страхоўка ў мяне была на ўвесь год. І паколькі ў мяне было пару вольных дзён, я вырашыў, што з’езджу – гэта было якраз пасля так званых «майскіх» святаў – з’езджу ў Беларусь, у мяне рэальна два дні было па плане. Спачатку я думаў, што паеду ў Мінск, пасля ў Гродна і вярнуся адтуль у Вільню, але паколькі білеты на аўтобус раскупаюцца ў вялікай колькасці і хутка, то маршрут змяніўся: я вырашыў раніцай ехаць у Гродна, пасля ў Мінск і ўжо адтуль вяртацца ў Літву. Я набыў квіток на аўтобус: 4 раніцы, я быў адзіным пасажырам. Усю дарогу да памежнага паста ў Шальчынінкаі вадзіцель мне расказваў гісторыі, як у яго высаджваюць пасажыраў пастаянна на мяжы: то з гэтага боку, то з таго.
Калі мы перасеклі літоўскую мяжу, прыехалі на беларускую, я падаў пашпарт, памежнік мяне пытаў, калі я апошні раз быў у Беларусі, пра мэты візіту і што я планую рабіць. Я яму прыблізна расказаў, які ў мяне план. Але паколькі я не браніраваў гасцініцы (з-за санкцый гэта зрабіць складана), таму яму мая гісторыя здалася падазронай і ён сказаў, што мяне павядуць на допыт. Мяне завялі ў будынак пагранічнага паста, на другі паверх, у кабінет, і там чалавек у штацкім мне задаваў розныя пытанні. Папрасілі мой мабільны тэлефон, папрасілі яго разблакаваць, паглядзелі мае фотаздымкі і знайшлі фота з акцыі беларускай апазіцыі ля амбасады ў Вільні. Пасля сталі задаваць пытанні, чаму ў мяне гэтыя фоткі, пыталіся, як я стаўлюся да Лукашэнкі, да Пуціна, да ваеннай аперацыі.
Спачатку мне адзін чалавек задаваў пытанні, а пасля далучыўся яшчэ адзін, яны бралі мой тэлефон і выносілі яго ў іншы пакой. А пасля мне нейкі чалавек у форме сказаў, што мне ў пашпарце паставяць штамп, што ўезд у РБ мне забаронены на аснове артыкула 105, я дакладна ўжо не памятаю назвы. Мне паставілі штамп, забралі рэчы з аўтобуса і я тады пешшу пайшоў у накірунку літоўская мяжы.
— А да гэтага Вы ў Беларусі былі? Калі апошні раз?
— Быў у Беларусі. Не памятаю дакладна, калі гэта было, годзе ў 2016 ці ў 2015. Даволі даўно. Быў у асноўным у Мінску, але таксама быў у Лідзе, Міры і Нясвіжы. Я таму ў Гродна ехаў, бо я там ніколі не быў.
— А на мяжы Вас не запалохвалі? Не вербавалі?
— Запалохваць – не запалохвалі, толькі задавалі пытанні. Пагражаць, што мяне арыштуюць ці пасадзяць, такога не было.
— А гляжу, што ў Вас стаіць толькі дата забароны ўезда, а які тэрмін гэтая забарона будзе дзейнічаць?
— Калі я паспрабаваў высветліць, ці мяне ў чорныя спісы ўнеслі ці яшчэ куды-небудзь, то яны мне нічога не патлумачылі. Але сказалі, што прыблізна год Вы ў Беларусь не ўедзеце. Якія там менавіта наступствы, мне не патлумачылі.
— Для Вас уся гэтая сітуацыя была нечаканай?
— Па-першае, мне кіроўца аўтобуса расказваў пра такія выпадкі. Але я думаў, што гэта хутчэй грамадзян Беларусі тычыцца. З іншага боку – гісторыі пра тое, што ў Беларусі на вуліцы спыняюць людзей і правяраюць іх тэлефоны, глядзяць падпіскі на ТГ-каналы, гэтыя гісторыі я таксама чуў. Так што ўсё было верагодна і яно здарылася. Але я не думаў, што яны грамадзян ЕС таксама правяраюць.
— А варыянт не паказваць тэлефон быў?
— Нават не ведаю. Я калісьці на адной з прац праходзіў інструктаж, як сябе паводзіць на мяжы, і там нам расказвалі, што лепш не хлусіць супрацоўнікам, таму што ўсё могуць праверыць і пасля крымінальную справу завесці. А таксама я спадзяваўся, што, калі буду сябе паводзіць добразычліва і адкрыта, не ісці на канфлікт, то праблем не будзе. Не магу сказаць, што мы спрачаліся на працягу гэтай гадзіны, амаль гадзіны, якую я правеў на допыце. Я, канешне, мог сказаць, што я не буду паказваць тэлефон, але тады б мяне не ўпусцілі адразу.
— Літва папярэджвае сваіх грамадзян, што ў Беларусь ездзіць небяспечна…
— Я рызыкнуў.
— І што іншым можаце сказаць: ці сапраўды гэта небяспечна для літоўцаў?
— Гэта гледзячы для якіх літоўцаў. Таму што, калі я перасякаў мяжу, то там веласіпедыстаў і ў адзін бок і ў іншы было вельмі шмат. З улікам, што гэта толькі 6 гадзін раніцы было. То бок жыхары Шальчынінкая ўжо ехалі ў Беларусь на веласіпедах, а іншыя – вярталіся. Таму для асобных катэгорый грамадзян, якія ездзяць, я нават мяркую, што па некалькі раз на дзень праз гэтую мяжу, асаблівых праблем няма.
Comments are closed.