Кніга журналіста Еўрарадыё Зміцера Лукашука «Беларуская нацыянальная ідэя ў выгнанні і на вайне» была прадстаўлена ў беластоцкім хабе «Новая зямля». У ёй 67 інтэрвью з беларусамі, якія апынуліся па-за межамі роднай краіны. Пры гэтым яны не толькі не парвалі сувязяў з беларушчынай, але спрабуюць захаваць і распаўсюдзіць яе як ідэю. І робяць гэта як у эміграцыі, так і на вайне, дапамагаючы Украіне. Аб падзеі распавядае наш беластоцкі карэспандэнт Уладзімір Лапцэвіч.
«Беларуская нацыянальная ідэя ў выгнанні і на вайне» стала трэцім выданнем гутарак у межах праграмы Еўрарадыё «Ідэя Х». Ранейшыя дзве называліся «Беларуская нацыянальная ідэя» і «Беларуская нацыянальная ідэя на маршы». І калі ў першых дзвюх суразмоўцамі журналістаў былі людзі, якія пражывалі ў Беларусі, то цяпер такіх няма – пасля тэрору, які ўсталяваўся ў роднай краіне і прызнання Еўрарадыё так званым «экстрэмісцкім фармаваннем», для патэнцыйных гасцей эфіру стала небяспечна даваць якія-кольвечы каментары для СМІ ў выгнанні. Затое вялікая колькасць беларускіх эмігрантаў гэта ў нечым з ліхвой кампенсавала. І таму ў прэзентацыі ўдзельнічалі былыя суразмоўцы Лукашука, гутаркі з якімі ўвайшлі ў новую кнігу. Гэта журналістка і спявачка Кацярына Ваданосава, прафесар «Беларускай акадэміі» Святлана Куль-Сільвестрава, журналіст і пісьменнік Алесь Аркуш. У сваю чаргу сам Зміцер Лукашук неаднаразова падкрэсліваў, што аўтарамі кнігі з’яўляюцца менавіта яго госці, а ён толькі мадэратар.
«Беларусы з’яўляюцца старажытнай нацыяй», – сцвярджала падчас абмеркавання зместу кнігі Святлана Куль-Сільвестрава, тым самым спрабуючы абвергнуць сцвярджэнне, што беларусы так званая запозненая нацыя без сфармуляванай нацыянальнай ідэі.
«А мы яшчэ з XVI стагоддзя адчуваем сябе асобным народам. І навошта ўвогуле гэта пытанне ставіць? Тое, што нам у вушы ўкладалі, што мы не сфармаваліся ці што мы запозненная нацыя ці што яшчэ… Ну, што… у нас харошыя сябры на ўсходзе, на захадзе. Для самапачуцця, для самасвядомасці нам проста трэба ведаць гэта – што мы з XVI стагоддзя паўнавартасная народнасць, этнас. Але мы паўнавартасныя са свядомасцю сваёй, пачуццём сваёй зямлі, сваіх межаў, разумення сваіх вартасцяў, каштоўнасцяў. Мы занадта старажытныя. Не трэба ні шатландцам, разумееце, ні французам даказваць, што яны нацыя. Ну і нам не трэба – мы даўно сфармаваліся», – заявіла спадарыня прафесар.
Не абыйшлі ўдзельнікі прэзентацыі і тэму мовы, якая, паводле Лукашука, ёсць маркерам для вызначэння беларусаў. Не так даўно ў Беластоку прайшоў кніжны кірмаш, дзе беларускія кнігі карысталіся вялікім попытам, сцвярджае Алесь Аркуш. І гэта паказвае, як людзі, якія былі вымушаны выехаць з Беларусі пацягнуліся за беларускім словам, кажа ён, і такім чынам менавіта ў замежжы расце патрэба ў беларускай мове і яе каштоўнасць.
З’ехаўшых з Беларусі, па падліках стваральніка платформы «Голас» Паўла Лібера, ад 600 тысяч да аднаго мільёна, што каля 10% ад усяго насельніцтва, адзначыў Зміцер Лукашук. Час пакажа, якім гэта акажацца ўдарам па беларускай нацыі, тым больш, што ў гэтай колькасці вельмі шмат творчых людзей. Ці змогуць яны, знаходзячыся ў замежжы, працаваць для Беларусі? Вось што на гэты конт распавяла Кацярына Ваданосава.
«Мы тут можам працаваць па-беларуску, мы можам гаварыць па-беларуску, мы можам ствараць па-беларуску, пісаць музыку, песні, п’есы, усё што заўгодна. Але ў нас заўсёды ўнутры жыве такі чарвячок, які кажа: «А каму гэта патрэбна ў эміграцыі?» І нам прыходзіцца мірыцца з гэтым чарвячком так ці інкаш. І ўсё тое, што я раблю зараз, яно робіцца з аглядкай на тых, хто знаходзіцца ўнутры Беларусі. І ты пастаянна думаеш, а ці варта гэта таго? ці прачытаюць яны? ці не затаілі яны агромністую крыўду, а безумоўна затаілі на ўсіх з’ехаўшых? Я сутыкаюся з гэтым даволі часта, што «вы там у сваёй эміграцыі, у бяспецы можаце ствараць усё, што заўгодна, але гэта нікому не патрэбна ўнутры Беларусі». Але з іншага боку прыходзяць і іншыя адказы, іншыя рэфлексіі, меркаванні. Людзі таксама кажуць, што «стварайце, рабіце, таму што ўнутры Беларусі зараз гэта немагчыма», – сказала Ваданосава.
Падчас размоў закраналіся пытанні неабходнасці прыслухоўвацца да думак так званай старой эміграцыі, якая захавала ў сябе беларушчыну, таксама гаварылася пра тое, што беларуская ідэя павінна быць аб’яднаўчай для беларусаў, якія цяпер аказаліся ўнутры краіны і па-за Беларуссю, і не варта падзяляць тых, хто выехаў і тых, хто застаўся. Былы старшыня «Белага Легіёну» Сяргей Бульба ўпэўнены, што беларусам патрэбна ствараць новую шляхту, зразумела, з яе шляхецкім гонарам.
Адказваючы на мае пытанні пасля прэзентацыі, Зміцер Лукашук паведаміў, што матэрыял для кнігі быў сабраны крыху больш, чым за год. Суразмоўцамі былі як тыя беларусы, якія з’ехалі нядаўна, так і тыя, што даўно жывуць у эміграцыі, і яшчэ тыя, хто сваім вайсковым змаганнем дапамагае Украіне.
Comments are closed.