Напярэданні ў Мінскім гарадскім судзе вынеслі прысуд вядомай беларускай праваабаронцы Насце Лойка–7 гадоў калоніі. Насту абвінавацілі па арт. 130 Крымінальнага кодэкса – распальванне іншай сацыяльнай варажнечы. Ад пачатку працэс праходзіў за закрытымі дзвярыма, таму дакладная сутнасць дзеянняў, якія ставіліся ў віну Насце Лойка, невядомая. З дзяржаўнымі СМІ вынікае, што варажнечу Наста Лойка распальвала праз падрыхтоўку ў 2018 годзе даклада «Пераслед анархістаў, антыфашыстаў, левых і сацыяльных актывістаў у Беларусі», дзе яна нібыта дала негатыўную ацэнку дзеянням міліцыі. Прысуд і ўвогуле крымінальную справу Насты Лойкі каментуе сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі Human Constanta Валдзіс Фугаш.
— Перадусім вельмі важна адзначыць, што на сёння любое адстойванне чалавечай годнасці, свабоды, роўнасці і справядлівасці трапляе пад рэпрэсіі і пераслед у Беларусі. Гэта датычыцца і тых людзей, што займаюцца гэтым сістэмна і стратэгічна, кожны дзень – праваабаронцаў.
З таго, што мы ведаем і што было апублічана дэ-факта ўладамі, Насту па выніку абвінавачвалі паводле артыкула 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і ў прыватнасці частцы трэцяй. Гэта артыкул пра распальванне варожасці – там пералік груп ідзе розных.
Гэта вельмі важны артыкул. Таму што ён накіраваны на абарону ўразлівых сацыяльных і не толькі груп, якімі могуць з’яўляцца, напрыклад, людзі з досведам бяздомнасці, ці мігранты/мігранткі, людзі ў вымушанай міграцыі – бежанцы/бежанкі, ці прадстаўнікі/прадстаўніцы LGBTQ-камьюніці, якія сапраўды з’яўляюцца ўразлівымі, і на якіх могуць нападаць іншыя групы і чыніць гвалт.
У трактоўцы беларускіх следчых органаў пад такую групу трапіла група «прадстаўніцы і прадстаўнікі праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці міліцыі». І гэта яны вынайшлі ў дакладзе, які быў падрыхтаваны ў 2018 годзе, пра сітуацыю з пераследам анархісцкай і антыфашысцкай супольнасцяў. І там проста даецца справядлівая прафесійная праваабарончая ацэнка, што ідзе пераслед сапраўды ўразлівай групы антыфашыстаў і анархістаў.
У самім дакладзе няма нічога крымінальнага, нічога, што магло б пераследавацца законам, які адпавядае міжнародным стандартам. Яна казала пра справядлівасць і законнасць для любой з груп. У нас ёсць выразнае разуменне і перакананне, што гэта асабістая помста Насце з боку ГУБАЗіКа за шматгадовую працу ў абароне правоў чалавека, абароне правоў вельмі ўразлівых і ненавісных рэжыму груп палітычных і сацыяльных актывістаў/актывістак, палітычных зняволеных, людзей у эміграцыі, бежанак/бежанцаў і людзей з досведам бяздомнасці. Гэта помста за тое, што яна з’яўляецца адной з выбітнейшых праваабаронцаў не толькі Беларусі, але і свету.
— Якія правы парушаюцца тым, што так званы суд адбываецца ў закрытым рэжыме і чалавекам, які прадстаўляе, скажам так, палітычнага праціўніка падсуднага?
— Тут можна казаць, што парушаецца, перадусім, міжнароднае права – гэта стандарты здзяйснення правасуддзя – права на справядлівы суд. І яшчэ купа іншых. Пра гэта ёсць вельмі добрыя матэрыялы аналітыкі, якія апісваюць не толькі практыку Беларусі, але і іншых дзяржаваў.
Але пры гэтым важна адзначыць, што парушаюцца і ўласна працэсуальныя правы, якія прапісаныя ў беларускім заканадаўстве, у Крымінальна-працэсуальным кодэксе. Гэта спаборніцтва і роўнасць бакоў, гэта сапраўды наяўнасць абароны. І тут важна падкрэсліць, што ў выпадку Насты і іншых палітзняволеных іхнія абаронцы – адвакаты/адвакаткі неаднаразова патраплялі пад пераслед.
У нас ёсць сітуацыі шалёнага ціску на адвакацкую супольнасць і ўжо некалькі кейсаў, калі адвакат абараняе адваката, які абараняў адваката, які абараняў кагосьці. Яны былі пазбаўленыя ліцэнзіяў адзін за адным. І гэта таксама вельмі страшная сітуацыя, якая ілюструе прававы дэфолт, які на сёння мы маем у Беларусі.
— Як на гэты прысуд адрэагавалі калегі Насты і якія далейшыя дзеянні мяркуецца рабіць?
— Вырак для Насты, які мы пачулі, быў у нейкім сэнсе прадказальным, але мы ўсё адно спадзяваліся да апошняга моманту. Як і ў кожным выпадку, сотні, тысячы разоў, колькі гэта ўжо было, мы чакаем да апошняга і спадзяемся на лепшае, што нейкая, магчыма, гуманнасць і адэкватнасць будзе праяўлена людзьмі, якія ходзяць на працу ў будынкі судоў і пракуратуры, следчых органаў.
Аднак, ёй агучылі вырак у сем год. Гэты вырак менавіта за праваабарончую дзейнасць, за ейную абсалютна легальную, негвалтоўную працу, якая гарантуецца міжнародным правам.
Мы працягваем весці міжнародную кампанію ў падтрымку Насты. Яна называецца Let Nasta go, альбо «Вярніце Насту». За гэтым можна сачыць у Інстаграм на асобным профілі, які так і называецца let_nasta_go. Там мы распавядаем аб тых захадах, якія мы ўжываем.
Мы выкарыстоўваем усе існуючыя канвенцыйныя механізмы, у прыватнасці, Камітэт па правах чалавека. А таксама мы выкарыстоўваем усе іншыя магчымыя спосабы, каб дагрукацца да людзей, якія вырашаюць лёс, так бы мовіць. І таксама мы выкарыстоўваем і шукаем нейкія неканвенцыйныя, нестандартныя спосабы абароны і вызвалення Насты, якія таксама потым бы дапамагалі працаваць і з іншымі палітзняволенымі.
І мы шчыра заклікаем выказваць салідарнасць з Настай і з іншымі беларускімі палітзняволенымі. І таксама паведамляць праваабаронцам інфармацыю пра рэпрэсіі і пераслед. Гэта неабходна перадусім для таго, каб зараз мець магчымасць уключацца ў рэпрэсіі супраць вас, супраць кожнай і кожнага, каб мінімізаваць магчымыя наступствы. А таксама, каб дакументаваць тыя злачынствы, якія здзяйсняюцца людзьмі, што прадстаўляюць дэ-факта ўлады. Каб потым мець магчымасць прыцягнуць іх да адказнасці.
Comments are closed.