Loading

7 чэрвеня на заводзе беленай цэлюлозы, што ўваходзіць у склад Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната, адбыўся выбух. Гэты скандальна вядомы завод у 2020 годзе запускаў асабіста Лукашэнка, а будавалі яго кітайцы за кошт выдадзенага імі ж крэдыту. Прычым, будавалі, нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў, якія даводзілі, што гэтае прадпрыемства небяспечнае для горада. Гэты выбух – ужо трэцяя аварыя з пацярпелымі і загінулымі за тры гады працы завода. Пра тое, што зараз вядома пра сітуацыю з выбухам мы паразмаўлялі са светлагорскай праваабаронцай і ранейшай каардынатаркай грамадзянскай кампаніі супраць заводу ў Светлагорску Аленай Маслюковай.

— Інфармацыя пастаянна абнаўляецца. Але, падсумаваўшы ўсё, што мы ўчора здабылі ад людзей, якія былі сведкамі, альбо чулі ад тых, хто працуе на заводзе, альбо ад сваякоў тых, хто працуе на заводзе, вядома толькі, што пацярпелі чатыры чалавекі, якім аказаная была дапамога, і яны быццам бы адмовіліся ад далейшай медычнай дапамогі і шпіталізацыі. Вядома таксама пра трох чалавек, якія, на жаль, загінулі. Таксама мне вось нядаўна паступіла інфармацыя пра тое, што не могуць адшукаць яшчэ аднаго маладога чалавека, які ў гэты час павінен быў знаходзіцца на працы, а да сёняшняга дня дадому ён не прыйшоў.

Таксама ёсць інфармацыя пра тое, што немагчыма праводзіць работы ў цэху, дзе адбылася гэтая аварыя, праз тое, што там вельмі моцны хімічны пах і таксама вельмі высокая тэмпература працягвае ўтрымлівацца. Таму ў мяне ёсць такое падазрэнне, што вось гэтыя відэа, выкладзеныя дзяржаўнымі СМІ, дзе праводзіцца ліквідацыя аварыі, гэта, пэўна, не зусім тое месца, дзе адбыўся гэты выбух.

— Што вядома: што выбухнула? Памятаеце, неяк у 2020 годзе нешта падобнае ўжо было? Там нейкая аліва загарэлася тады і адбыўся нейкі выбух. Наколькі гэта падобныя аварыі?

— Так, вядома, канкрэтызацыя пэўная ёсць. Мы ведаем, што двойчы ўжо былі такія катастрафічныя, скажам, выбухі, калі загінулі людзі. А зараз вось паводле афіцыйнай інфармацыі – успышка газапаветранай сумесі адбылася пры прамыўцы цеплаабменніка ў цэху выпаркі шкіпінару. Гэта крыху іншае месца, гэта не там, дзе былі гэтыя рэзервуары з талавай алівай. І таксама не там, дзе адбыўся прарыў трубапроваду, калі загінуў зваршчык Сасноўскі.

Гэта яшчэ раз пацвярджае нашыя меркаванні пра тое, што кітайская якасць пры будаўніцтве – гэта і заніжэнне ўсіх магчымых стандартаў, выкарыстанне няякаснага абсталявання, гэта ўсё прыводзіць да таго, што аварыі здараліся і будуць працягваць здарацца. Тым больш, што смурод у горадзе перыядычна то знікае, то з’яўляецца наноў. І вось літаральна мне распавялі ўчора і сёння, што звечара на ноч 6 чэрвеня, якраз перад самай гэтай аварыяй, вельмі моцныя пахі былі ў горадзе. А падчас выбуху, калі адбыўся, людзі па-рознаму рэагавалі: казалі, што адчувалі пах хлора, хтосьці пах аміяку адчуваў, хтосьці казаў, што ў роце быў такі прысмак медзі. Не веддаю, як працуюць рэцэптары людзей у дадзеным выпадку, але тое, што адбылося на заводзе – гэта відавочна.

— Вы былі ў авангардзе змагання супраць таго, каб гэты завод з’явіўся ў Светлагорску. Ці можаце Вы ўзгадаць на падставе якіх нормаў ён будаваўся, як гэта адбывалася?

— Будавалі яго на грошы звязанага крэдыту, які ўлады ўзялі ў Кітаі. І гэта вельмі вялікая сума крэдыту – 860 мільёнаў даляраў. Але ў 2019 годзе старшыня райвыканкаму даваў інтэрв’ю і казаў, што было вельмі шмат розных тэхналагічных парушэнняў і таму зараз у гэты завод было ўкладзена больш за мільярд даляраў.

У 2012 годзе пачалося будаўніцтва. А перад гэтым праводзіліся грамадскія слуханні. Менавіта тады – на грамадскіх слуханнях, жыхары горада выказаліся катэгарычна супраць будаўніцтва гэтага завода і літаральна за месяц сабралі больш за 10 тысяч подпісаў, якія накіравалі ў Савет Міністраў, у канцэрн «Белеспаперапрам», у Адміністрацыю прэзідэнта. Аднак, вось цяперашняя ўлада паказала ўсім, як яна ставіцца да меркавання людзей і да іх бедаў.

Завод пачалі будаваць і адразу, калі яго будавалі, там было вельмі шмат тэхналагічных парушэнняў. Таксама ў нас была інфармацыя, што выкарыстоўвалі нават не новае абсталяванне, а абсталяванне, якое прайшло рэінавацыю – то бок, ужо выкарыстоўвалася, а потым праводзілі ягоны капітальны рамонт, фарбавалі і перадалі сюды на будаўніцтва.

І, калі яны ўжо зразумелі, што пры будаўніцтве дапускаецца вялікая колькасць гэтых пралікаў, нізкая якасць, было распараджэнне Лукашэнкі выкарыстоўваць не беларускія нормы, а карыстацца кітайскімі нормамі. Пры гэтым мы ведаем, што кітайскія нормы ў разы заніжаныя ў параўнанні з беларускімі.

На жаль, зараз гэта ўжо трэці выпадак і пяць чалавек аддалі свае жыцці. Прычым, гэта маладыя людзі, здаровыя. Канешне, вельмі цяжка пра гэта гаварыць.

— Як рэагуе горад на тое, што маладыя хлопцы загінулі зноў на менавіта гэтым заводзе? Ён працуе тры гады і вось ужо трэці выпадак аварыі і другі выпадак масавай гібелі.

— Гэта вельмі цяжкае пытанне для сённяшняй Беларусі. Я вельмі сумняваюся, што зараз людзі выйшлі на плошчу і патрабуюць ад уладаў закрыць гэты завод. Хаця, гэта быў бы самы правільны ход і самая правільная рэакцыя на тое, што адбываецца. На жаль, беларусаў загналі ў такія рамкі, што яны проста баяцца. І ў тыя часы, калі мы выходзілі на плошчу, і калі мы ездзілі па міністэрствах, ездзілі альбо хадзілі на ўсе сустрэчы, пісалі скаргі, нас мала хто падтрымліваў. І, прынамсі, не праз тое, што яны былі за завод, а праз тое, што яны проста баяліся пазбавіцца працоўных месцаў, баяліся пераследу ў свой бок. І таму атрымліваецца, што чым больш мы маўчым, тым горш становіцца.

Цалкам размову з Аленай Маслюковай слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.